Атэней ты наш, Атэней!

Здаўна павялося, што наш “Гістарыёграф” распавядае пра тую ці іншую асобу, якая пакінула след у гісторыі беларускай культуры. І каб паказаць, што геніі не нараджаюцца на пустым месцы, а стаяць на плячах слаўных продкаў, каб падкрэсліць іх трывалую сувязь з беларускай зямлёй, мы робім радаводны экскурс. Але сёння размова пойдзе не пра чалавека, а пра далёкага прашчура нашых літаратурна-мастацкіх выданняў. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя пляцоўкай абмеркавання культурнага і навуковага жыцця Вялікалітвы з’яўляўся часопіс “Athenaeum”.

ШЛЯХ У ДЗЕСЯЦІГОДДЗЕ 

У 1838-м Юзаф Крашэўскі робіць спробу дабіцца дазволу на заснаванне літаратурнага часопіса. Але ўзнёслае памкненне ў Пецярбургу не ўхвалілі. Праз два гады, ужо перабраўшыся ў маёнтак Гродэк на Валыні, Крашэўскі спрабуе паўторна. Гэтым разам удала. Паспрыяла тое, што на той час ён ужо быў вядомым пісьменнікам, бо дэбютаваў у друку яшчэ ў 1830-м. Атрымаўшы ў 1840 годзе дазвол цэнзуры на друк, Крашэўскі з імпэтам бярэцца за справу. Згодна з умовай, падпісанай з віленскім выдаўцом Тэафілам Глюксбергам, штогод Крашэўскі абавязваўся здаваць шэсць нумароў выдання, якое мелася даць на сваіх старонках месца ўсяму самаму цікаваму са свету літаратуры, навукі і мастацтва. Да супрацы былі запрошаны гісторыкі і паэты, пісьменнікі і музыканты з “літоўскай і рускай правінцый” (землі сённяшніх Беларусі, Літвы і Украіны). У 1848-м, не пагадзіўшыся з прапановай Глюксберга надаць часопісу больш забаўляльны характар (пэўна, з красвордамі, анекдотамі і парадамі хатнім гаспадыням), Юзаф Крашэўскі знайшоў новых друкароў — знакамітых віленскіх Завадскіх. Праўда, праз праблемы з рэспандэнтамі, якія не заўсёды ўкладаліся ў тэрмін, часопіс выходзіў нерэгулярна і губляў падпісчыкаў. І таму ў 1851-м Крашэўскі, нягледзячы на патрабаванні літаратара Антона Пяткевіча не спыняцца, прымае рашэнне завяршыць дзесяцігадовую гісторыю “Атэнея”. 

АД АФІНЫ ДА АТЭНЕЯ 

За ўзор часопіса былі абраныя літаратурна-крытычныя выданні: англійскі “Revue Britannique” і французскі “Revue des Deux Mondes”. У назве “Athenаeum” чыталася адсылка да грэцкай Афіны – багіні мудрасці, навук, мастацтваў, рамёстваў. Юзаф Крашэўскі нібы перакідаў масток у недалёкую мінуўшчыну, да берлінскага часопіса першых рамантыкаў, які пад такой жа назвай выдавалі ў 1798—1800-х браты Шлегелі. На выпадак, калі сам Крашэўскі не паспяваў бы адрэдагаваць некаторыя публікацыі, ён прыцягнуў некалькі літаратараў. Сярод іх Лявон Бароўскі з Піншчыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта, чалавек, які “першым убачыў у Адаме Міцкевічы нацыянальнага генія”(аб чым напісана на яго надмагіллі). А таксама паэт Антон Адынец з Ашмяншчыны і пісьменнік Ігнат Ходзька з Вілейшчыны. У часопісе былі прадугледжаны такія раздзелы, як гісторыя (дакументы, дзённікі і ўспаміны); літаратура (проза, паэзія); гісторыя літаратуры і літаратурная крытыка; філасофія, права, эканоміка; этнаграфія; фалькларыстыка; мастацтва, архітэктура, музыка; дакладныя навукі, прыродазнаўства і г.д. 

АЎТАРЫ З УСЯГО СВЕТУ 

За 10 гадоў часопіс уцягнуў у сваю арбіту за сотню аўтараў. Былі сярод іх і жанчыны – наша зямлячка Марыя Грушэцкая са Студзёнак (гл. “К” № 21, 2022), Юзэфа Шмігельская і Элеанора Зяменцкая. Ад самага пачатку Крашэўскі ўзяў курс на лавіраванне паміж палітычнымі сіламі. Гэта дазваляла рэдактару захоўваць пэўную незалежнасць і выкарыстоўваць на карысць агульнай справы тое найлепшае, што маглі прапанаваць розныя палітычныя бакі. Дарэчы, калі пытанне аб вызваленні сялян з прыгону стала прадметам бурлівых дыскусій, “Атэней” заняў выразную “ліберальную пазіцыю”. Важным “агентам” Юзафа Крашэўскага ў Пецярбургу быў наш зямляк Станіслаў Аўгуст Ляховіч — гісторык, паэт, выдавец, прафесар і супрацоўнік Румянцаўскага музея. Пісаў ён Крашэўскаму пра скарбы Імператарскай публічнай бібліятэкі, пра рукапісы па айчыннай гісторыі, схаваныя ад чытачоў у закратаваных шафах, пра якія не ведаюць (і не жадаюць ведаць) нават бібліятэкары. Ляховіч рабіў забегі, каб далучыць да праекта выдатнага архівіста, “гісторыка Літвы”, прафесара Віленскага ўніверсітэта, сына ўніяцкага святара Ігната Анацэвіча (з Малой Бераставіцы). 

ІНШЫЯ НАШЫЯ 

Ураджэнец Міншчыны вядомы мастак Адам Шэмеш (гл. “К” 48, 2022) апублікаваў на старонка “Атэнея” першы жыццярыс мастака Яна Дамеля, нарыс па гісторыі Віленскай мастацкай школы (да якога працяг даслаў мастак Вінцэнт Смакоўскі) і справаздачу пра дзейнасць Імператарскай акадэміі мастацтваў у 1839— 1840 гады. Смакоўскі даслаў нарыс пра мастакоў Валянціна Ваньковіча і малавядомага таленавітага беларускага графіка Генрыха Жукоўскага (рыхтуем публікацыю). Сын засна- вальніка першага сталага мінскага тэатра Мацея Кажынскага і брат зоркі віленскай тэатральнай сцэны Дыянізія Кажынскага, Віктар Кажынскі (кампазітар, музыкант і капельмайстра Александрынскага тэатра) таксама не абмінаў часопіс сваёй увагай. А дзякуючы Адаму Кіркору і сам аднойчы стаў героем біяграфічнага нарыса. 

Сядзіба Крашэўскіх у Доўгім (Пружанскі раён)

Але ж найбольш месца на старонках часопіса адводзілася літаратуры. Вось нізка імёнаў, вядомых беларускаму чытачу: Людвік Кандратовіч (псеўд. Уладзіслаў Сыракомля) і Антон Пяткевіч (псеўд. Адам Плуг, гл. “К” № 47, 2020), Ян Баршэўскі і Тадэвуш Лада-Заблоцкі, Ігнат, Ян і Дамінік Ходзькі. Два сябры Крашэўскага, пісьменнікі Станіслаў Рэйтан і Генрык Жавускі (гл. “К” №14, 2014) нават зладзілі пры пасярэдніцтве “Атэнея” своеасаблівы двубой. Першы выкрываў злачынствы Караля Радзівіла Пане Каханку, а другі зацята бараніў “светлую памяць” дабрадзея. Прычым абодва даводзіліся сваякамі Радзівілу. Трапілі на старонкі гісторыкі і этнографы — Тэадор Нарбут, Рамуальд Зямкевіч, Юзаф Ярашэвіч, Ігнат Даніловіч, Эдвард Катлубай і многія іншыя. Сярод “замежных” аўтараў былі Мікалай Гогаль, Аляксандр Пушкін, Міхаіл Лермантаў, Аляксандр Бястужаў, Ёган Гётэ і інш. Ладную частку кожнага нумара займалі творы, малюнкі і артыкулы самога рэдактара, які знаходзіў час на творчасць, на ліставанне з дзясяткамі асоб і дапамогу іншым творцам. 

На жаль, наш зямляк пружанец Юзаф Крашэўскі на радзіме не заслужыў ані помніка, ані музейчыка. А можна ж лёгка аднавіць сціплую драўляную сядзібку Крашэўскіх у Доўгім, якая стала б прывабным і значным аб’ектам турызму — накшталт сядзібы Адама Міцкевіча ў Завоссі або Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы. 

Газета "Культура" №20 ад 20 мая.

Зміцер ЮРКЕВІЧ