“Алі­са” па­ста­ле­ла. А ці вырасла?

Апублiкавана: 14 чэрвеня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У рэпертуары Тэатра-студыі кінаакцёра з’явілася яшчэ адна “Аліса” — тая, што “ў Краіне цудаў”.“У Залюстроўі” — ужо была. І трымалася там шмат гадоў запар.

Творы Льюіса Кэрала даюць неверагодную прастору дзіцячай фантазіі. А разам з тым і фантазіі пастаноўшчыкаў. Цікавасць да прыдуманых англічанінам прыгод Алісы вымяраецца безліччу ўвасабленняў па ўсім свеце ў самых розных відах мастацтва, уключаючы балет. Таму факт чарговай “прапіскі” гераіні на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра — зусім не сенсацыя. Хутчэй чаканая заканамернасць. Прычым у найлепшых традыцыях самога пісьменніка, у казках якога многае адбываецца наадварот, адпавядаючы эстэтыцы абсурду. 

Вось і ў нас “Аліса ў Залюстроўі” стала ў тэатры “першай серыяй” гісторыі. А першая кніга — “Аліса ў Краіне цудаў” — другой. Больш за тое, пастаноўшчыкі вырашылі зрабіць гераіню старэйшай: у новым спектаклі яна не маленькае дзяўчо, а падлетак, без пяці хвілін дзяўчына. І нават згадвае ў адной са сцэн былое падарожжа ў Залюстроўе. Пераемнасць бачыцца і ў тым, што прэм’еру рыхтавала ранейшая каманда: рэжысёр Алег Кірэеў, мастак Лідзія Малашэнка, кампазітар Валерый Воранаў, харэограф Наталля Фурман. 

Спектакль вабіць найперш яркімі строямі, прыдумкамі сцэнаграфіі. Ах, якія прыгожыя кубачкі ездзяць па тэатральных падмостках! Аліса, як памятаеце, рэзка змяншаецца — і можа ў адным з тых кубачкаў схавацца. А ўборы ў птушак! А аблічча Вусеня! Яго выкатваюць на сцэну, і ўжо сам касцюм выклікае авацыі. Дарэчы, пад маскай гэтага героя хаваецца заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кашпераў. Ён праводзіць ролю, пазбаўленую рухаў, бліскуча — адным голасам, але ж як! І таксама зрывае апладысменты. У спектаклі ўвогуле шмат рэквізіту, уласцівага тэатру лялек. Чэшырскі Кот складаецца з дзвюх самастойных частак — яго ўвасабляюць два акцёры. Сякера, якую трымае Кат, ператвараецца ў электрагітару. Доўгія пальчаткі на руках артыстаў — у фламінга. Адзін з элементаў каралеўскай сукенкі — у клавесін. Задзейнічаны і экран з відэакантэнтам, што значна спрашчае іншыя дзівосычараўніцтвы. 

А які цуд — музыка! Разнажанравая, рознастылёвая, яна таксама ўвесь час перажывае вынаходлівыя трансфармацыі, ствараючы гукавое аблічча персанажаў. Мышка? Рэп. Вусень? Оперныя спевы басам-барытонам. Чэшырскі Кот? Блюз. Тройчы згадваецца “Філін” — толькі не птушка, а знакамітая мелодыя— Feeling. Што ні кажыце, а кампазітар і мастачка ў сваіх прыдумках выступілі годнымі сябрамі-партнёрамі Кэрала. 

І ўсё б добра, ды... нічога не зразумела. Артысты ў большасці не размаўляюць, а крычаць. Кожнай з неверагодных падзей рэжысёр імкнецца даць нейкае рэальнае тлумачэнне — і тым самым псуе атмасферу фантасмагорыі, парушае законы абсурдызму, без якіх страчваецца ўвесь смак гульні ў самым яе шырокім філасофскім разуменні. А без гэтага — пра што ўвесь аповед? Няўжо пра недарэчны сон? На самай жа справе — пра гульні розуму. 

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ