П’еса Федэрыка Гарсія Лоркі пра пяцёра дачок, што жывуць пад тыраніяй маці, у савецкія часы ставілася ў многіх тэатрах: у ёй бачыўся сімвал Іспаніі, якую ў 1930-х імкнуліся выратаваць савецкія лётчыкі. Насамрэч “Дом Бернарды Альбы” часта становіцца выратаваннем для саміх тэатраў: тут задзейнічана адразу восем жаночых роляў - рознахарактарных, рознаўзроставых. І ніводнай мужчынскай. Ідэальны варыянт для трупы, дзе ідзе жаночая грызня: хай грызуцца на сцэне!

У гэтым сезоне да п’есы, што належыць да драматургічнай класікі ХХ стагоддзя, звярнуліся адразу два беларускія тэатры - Гомельскі маладзёжны, які заявіў яе ў сваіх планах яшчэ год таму, і Новы драматычны ў сталіцы, які без папярэдніх заявак змог апярэдзіць з датай прэм’еры. Але пяршынства тут няма і быць не можа, бо атрымаліся два прынцыпова розныя спектаклі: пра марнае дзявочае спаборніцтва за хлопца, іх не вартага, - у рэжысёрскай версіі Лізаветы Машковіч, і ўласна пра складанасці жаночай псіхалогіі, парушэнне ў ёй гармоніі пры адсутнасці мужчын - у прачытанні Віталя Краўчанкі, які даў гомельскаму спектаклю жанравае азначэнне “драма з жыцця жанчын”.

Творчасць гэтага рэжысёра ўвогуле адрозніваецца павышанай увагай да псіхалагічных тонкасцей, прапрацоўкі неадназначных чалавечых характараў. У новым спектаклі ён прадэманстраваў гэтыя якасці напоўніцу. Кожная з пяці дачок, якія ў іншых пастаноўках часам зліваліся ў абагульнены вобраз, тут атрымала запамінальнае аблічча. Гэта яскрава выяўляецца нават у бязмоўнай сцэне пакарання, адсутнай у п’есе. Марцірыа (Валерыя Лагута), якая скрала ў Ангусціяс (Ірына Чарняўская) фота яе суджанага Пепе, кладзе на стол выцягнутыя рукі (насамрэч пустыя рукавы адмыслова скроенай сукенкі) - і яе сёстры па чарзе праходзяцца па іх: хтосьці крочыць асцярожна, а хтосьці ажно скача з усёй моцай, націскаючы на абцасы (харэограф - Юлія Брыгадырэнка).

Індывідуалізацыі спрыяюць і сцэнічныя строі. Мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка прыдумала для кожнай гераіні адмысловы варыянт сукенкі, вар’іруючы не колеры, дзе пераважае чорны, а фасоны.

Прысутнасць мужчын у пастаноўках гэтай п’есы штораз вырашаецца па-свойму. У балеце Матса Эка быў візуалізаваны Пепе (як жа ў гэтым жанры без пранікнёнага Адажыа, што ішло, між іншым, без музыкі -- у цішы), дый роля маці была аддадзена мужчыне, каб падкрэсліць мускулінныя якасці Бернарды Альбы, нястачу ў ёй жаноцкасці. У гомельскім спектаклі такі прыём скарыстаны для бабулі, але акцэнтуюцца зусім іншыя мужчынскія рысы: Сяргей Чугай стварае парадыйны і адначасова надзвычай трагічны партрэт напаўзвар’яцелай старой у вясельным вэлюме, якую трымаюць у ланцугах. Праз гэта Марыя Хасэфа становіцца страшным прывідам будучыні кожнай з дачок. Невыпадкова вобразам-сімвалам усяго спектакля, змешчаным на праграмцы, флаерах і іншай рэкламнай прадукцыі, стаў слоік з завінчанай крышкай, у якім б’юцца аб шкло пяць прыгожых матылькоў.

На сцэне ўвасабленнем замкнёнай прасторы становіцца цяпліца з кветкамі - зусім не прыдатная для Іспаніі з яе спякотай, што адразу набліжае дзеянне да нашых кліматычных рэалій. Цяпліцу раз-пораз адчыняюць і зноў зачыняюць. Многія асноўныя падзеі адбываюцца менавіта тут: і сямейная вячэра, і самагубства Адэлы (Валерыя Цыкуненка). У фінале сэрца зашчыміць ад дзявочых далоняў і твараў, прыціснутых да плёнцы. Артысткі ўглядаюцца ў залу, і ад тых позіркаў, што застылі бязгучнымі крыкамі пра дапамогу, становіцца не па сабе.

Эмацыйнаму ўзрушэнню спрыяе акцёрская ігра - знешне простая, пазбаўленая штампаў, залішняй патэтыкі. Кожная артыстка - зорка, незалежна ад працягласці і значнасці ролі. У новым для сябе амплуа паўстае Наталля Голубева (Бернарда Альба). На сваім месцы, з дакладным трапляннем у вобраз, аказваюцца Ірына Шапецька (Магдалена), Ірына Якавец (Амелія), Наталія Задорына (эканомка Понсія), Караліна Драздова (служка Мацільда).

Спектакль можна ў поўнай меры назваць аўтарскім, бо Віталь Краўчанка выступіў не толькі рэжысёрам-пастаноўшчыкам, але і аўтарам ідэі сцэнаграфічнага рашэння і музычна-гукавага афармлення. Гэта чарговая творчая перамога Гомельскага маладзёжнага тэатра, які мэтанакіравана рухаецца ў бок найбольш перспектыўных эстэтычных даляглядаў. І збірае пры гэтым аншлагі, умела працуючы з глядацкай аўдыторыяй.

Надзея БУНЦЭВІЧ