Запрашэнне на праменад

Апублiкавана: 18 чэрвеня 2023 Арт-блог Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Шосты раз галерэя “Панарама”Нацыянальнай бібліятэкі далучылася да фестывалю мастацтва “Арт-Мінск”. Сёлета на пляцоўцы, адкуль як на далоні бачныя сталічныя прасторы, выставілі гарадскія пейзажы Маргарыты Маніс. Такім чынам, можна ў розных маштабах і ракурсах разгледзець вядомыя краявіды.

Нарадзілася аўтарка ў Чэрвені, пазней перабралася ў Слонім, дзе пайшла ў школу. І толькі ў 14 гадоў пазнаёмілася з Мінскам. Тут скончыла мастацкае вучылішча імя Глебава. З той вучнёўскай пары і палюбіла куточкі, якія сёння адбіваюцца на палотнах. На дзіва, сталіца адразу прыняла дзяўчыну і стала падказваць сюжэты. “Варта толькі затрымаць увагу на хвілінку, і вуліцы пачынаюць адкрываць свае таямніцы, зіхацець рознымі гранямі”, — дзеліцца Маргарыта Маніс. Па яе ўспамінах, чароўныя віды горада нібыта самі праявіліся на карцінах. Настолькі натуральна і нават неўсвядомлена жывапісец выйшла на сваю магістральную тэму. Безумоўна, попытам карыстаюцца сакавітыя нацюрморты і абстрактныя кампазіцыі мастачкі: работы разышліся па прыватных калекцыях больш як 20 краін. Але ж найярчэй самабытнасць творцы адбілася ў мінскіх пейзажах. 

Плошча Свабоды, парк імя Максіма Горкага, Траецкае прадмесце, бульвар на вуліцы Леніна — Маргарыта малюе пазнавальныя куткі. Пры гэтым нярэдка выбірае нязвыклыя ракурсы і так пазбягае пустога тыражавання паштовачных кадраў. Аўтарка нават не баіцца пасунуць архітэктурныя візітоўкі горада на другі план. Напрыклад, паказваючы скрыжаванне вуліц Алаізы Пашкевіч і Максіма Багдановіча, мастачка нібы маскіруе бялюткія аб’ёмы Вялікага тэатра, каб глядач адкрываў вядомыя элементы паступова, спрабаваў вызначыць каардынаты не толькі па дамінанце. 

Нароўні з Прывакзальнай плошчай і праспектам Незалежнасці творца надае ўвагу зацішным лакацыям. Побач з дамамі, што многія дзесяцігоддзі ўпрыгожваюць нашы вуліцы, узнікаюць сучасныя шкляныя гмахі. Багата аздобленыя пабудовы красуюцца ў залацістым святле ліхтароў, віднеюцца за дымкай і адлюстроўваюцца ў мокрым асфальце яркія шыльды і габарытныя агні машын, ззяюць сонцам восеньскія паркі. І ў кожным палатне адчувальнае шчырае замілаванне ды ўнутраная ціхамірнасць. 

Данііл ШЭЙКА