Да­лей — бо­лей!

Апублiкавана: 20 чэрвеня 2023 Стужка Музыка Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: Аўтары

Пяты раз Мінскі адкрыты конкурс харавых і сольных спеваў “Вясновы спеў” стаў важнай падзеяй культурнага жыцця Беларусі. Сёлета ў ім удзельнічала звыш паўтары тысячы юных выканаўцаў з усіх абласцей краіны. Маштабнае спаборніцтва ахапіла 57 харавых калектываў, 78 салістаў і прадставіла ўсе напрамкі вакальнага мастацтва — акадэмічнае, народнае, эстраднае. Сярод пераможцаў — 14 лаўрэатаў I ступені і Гран-пры — хору хлопчыкаў і юнакоў імя І.А. Жураўленкі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

УЧОРА І СЁННЯ 

Больш за дзесяць гадоў прайшло са старту конкурсу “Вясновы спеў”, ініцыятарам і ідэйным натхняльнікам якога стаў Аляксей Іванавіч Снітко — харавы дырыжор, старшыня Мінскай харавой метадычнай секцыі, даследчык мастацтвазнаўства, дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Аб той падзеі 2014-га Аляксей Іванавіч згадваў: “Удзельнічалі 30 салістаў, 3 вакальныя ансамблі і 26 харавых калектываў. Нам здавалася, гэта вельмі шмат. Былі практычна ўсе мінскія музычныя школы і некалькі з рэгіёнаў паблізу сталіцы. Але ўжо тады мы паставілі задачу развіваць конкурс як цікавае, творчае спаборніцтва, запрашаць самых кампетэнтных экспертаў, таленавітых музыкантаў, педагогаў. І цяпер, азіраючыся на папярэднія гады, магу з упэўненасцю сказаць, што конкурс пашырае свой фармат, знаходзіцца на важным этапе развіцця і новых перспектыў”. 

Арганізатарамі пятага, юбілейнага конкурсу сталі ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама сумесна з Мінскім дзяржаўным музычным каледжам імя М. Глінкі, Мінскай гарадской метадычнай секцыяй па спецыяльнасці “харавыя дысцыпліны” і дзіцячымі музычнымі школамі мастацтваў № 1 імя Л. Александроўскай і № 17 г. Мінска. У спаборніцтве ўдзельнічалі салісты і харавыя калектывы дзіцячых школ мастацтваў Мінска, Магілёва, Маладзечна, Жлобіна, Барысава, Оршы, Наваполацка, Бабруйска, Кіраўска, Лагойска, Докшыцаў, Рэчыцы, Стоўбцаў, Фаніпаля, Радашковічаў, Бараўлянаў, Ганцавічаў, Мастоў, а таксама Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска, Маладзечна; гімназій № 4, 8, 17, 33, сярэдніх школ №1, 23, 115, 170, 194, нядзельнай школы г. Мінска, цэнтра практыкі МДМК імя М. Глінкі. Больш за 70 удзельнікаў сталі лаўрэатамі, звыш 60 — дыпламантамі. 

Цікавыя праграмы спрыялі рэалізацыі асноўных мэт конкурсу: захаванне і развіццё найлепшых традыцый дзіцячага харавога і сольнага выканальніцкага мастацтва, выхаванне патрыятызму, развіццё творчага супрацоўніцтва. Праслухоўванні праводзіліся ў адпаведнасці з умовамі конкурсу. Напрыклад, у намінацыі “Акадэмічныя харавыя спевы” неабходна было выканаць твор беларускага кампазітара або апрацоўку беларускай народнай песні, твор замежнага аўтара і, галоўнае, твор патрыятычнай тэматыкі.

ГАЛА-КАНЦЭРТ: САМАЕ ЛЕПШАЕ 

У канцэртнай зале “Верхні горад” на Гала-канцэрце аматары музычнага мастацтва мелі магчымасць пачуць найлепшых канкурсантаў. Адкрыла свята беларуская народная песня “Вясна на калачку” ў выкананні народнага хору “Бліскавіца” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі. Конкурс — заўсёды падзея для ўдзельнікаў, для тых, хто яго рыхтаваў. І як адзначыў член журы, прафесар кафедры беларускай народна-песеннай творчасці БДУКМ Уладзімір Зяневіч: “Для нас конкурс — перш за ўсё сведчанне таго, што традыцыі працягваюцца, ёсць пераемнасць пакаленняў”. 

Хор "Усмешка" ДМШМ № 12 г.Мінска — лаўрэат I ступені (кіраўнік Л. М. Сіманчук)

Хор "Усмешка" ДМШМ № 12 г.Мінска — лаўрэат I ступені (кіраўнік Л. М. Сіманчук)

У выкананні пераможцаў конкурсу Кацярыны Фурсевіч (гімназія № 17 г. Мінска), Марыі Тэрзі (МДМК імя М. Глінкі), узорнага ансамбля народнай песні “Вясёлка” (СШ № 1 г. Мінска) прагучалі каляндарна-абрадавыя і жартоўныя беларускія народныя песні. Для ўзнагароджання лаўрэатаў у намінацыі “Акадэмічныя харавыя спевы” было запрошана 30 харавых калектываў, з якіх шэсць атрымалі дыпломы I ступені. Гэта творчыя калектывы ДМШМ № 11, 12, 19, хор хлопчыкаў і юнакоў імя І.А. Жураўленкі Рэспубліканскай гімназіікаледжа пры БДАМ, Узорны хор “Сябрына” гімназіі №4, артысты ўзорнай студыі “Аванці” ЦДАДМ “Кантакт” г. Мінска. 

У прывітальным слове член журы, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава звярнула ўвагу на стабільнасць у прафесійным росце дзіцячых хароў: “Калі мы не стаміліся на працягу двух дзён праслухоўваць, значыць, майстэрства нашых калектываў дасягнула такога ўзроўню, які лічыцца канцэртным”. 

Упершыню пераможцам “Вясновага спеву” стаў зусім юны харавы ансамбль хлопчыкаў цэнтра практыкі Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі, выкананне якога запомнілася слухачам песняй “Ляці, голуб” з крыштальна чыстымі галасамі салістаў Аляксандра Фірулёва і Веранікі Кусковай.

У Год міру і стварэння прыхільнікі харавога мастацтва разам з удзельнікамі хору Belcanto ДМШМ № 19, у выкананні якога прагучаў фрагмент кантаты Ж. Металідзі “Свет вачыма дзяцей”, здолелі задумацца аб захаванні міру на зямлі. 

Гісторыя конкурсу пачыналася з акадэмічнай і народнай музыкі. Сёлета “Вясновы спеў” дапоўніўся “Эстрадным сольным спевам”. Упершыню ў гэтай намінацыі спаборнічалі 15 канкурсантаў, званні лаўрэата I ступені атрымалі Лізавета Бяганская (ДМШМ №1 імя Л. Александроўскай) і Марыя Сядых (гімназія № 8 г. Мінска). Іх узнагароджвалі народны артыст Рэспублікі Беларусь Эдуард Ханок і старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, песню якой “Адлятала птушачка” лірычна і пяшчотна выканала Лізавета Бяганская. 

У сваім выступе Эдуард Ханок адзначыў: “З таго, што я пачуў на конкурсе, магу зрабіць толькі адну выснову: «То ли ещё будет, ой-ёйёй!»” Публіка падтрымала маэстра авацыямі. 

СВЯТА ТВОРЧЫХ ПОШУКАЎ 

За 10 гадоў “Вясновы спеў” стаў не толькі спаборніцтвам сярод выканаўцаў, але і святам творчых пошукаў ды ініцыятыў самых таленавітых музыкантаў, якія былі адзначаны дыпломамі за канцэртмайстарскае, дырыжорскае майстэрства, за захаванне традыцый дзіцячага акадэмічнага харавога і сольнага выканальніцтва, а сёлета яшчэ і спецыяльным дыпломам партнёра конкурсу Беларускага саюза кампазітараў “За захаванне нацыянальных традыцый дзіцячага эстраднага выканальніцтва”. 

Праграму фінальнай часткі гала-канцэрта адкрыла выступленне ганаровага госця — пераможцы папярэдняга конкурсу, узорнага хору “Кантылена” ДМШМ № 5 г. Мінска. Выкананне харавым калектывам музыкі С. Рахманінава “Вясновыя воды” дало старт для ўручэння Гранпры, якое сёлета атрымаў хор хлопчыкаў і юнакоў імя І. А. Жураўленкі Рэспубліканскай гімназіі-каледж пры БДАМ, кіраўнік Сямён Кліманаў. Сярод мноства падарункаў пераможцам — карціна беларускага жывапісца, вядомага кампазітара, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі “За духоўнае адраджэнне” Людмілы Шлег. 

Заключным гімнам V Мінскага адкрытага конкурсу харавых і сольных спеваў стала песня Алены Атрашкевіч “Вясновы спеў” у выкананні зводнага хору — шматгалоссе юных артыстаў запэўніла гледачоў: “напеў вясны будзе ліцца” яшчэ многія гады. 

Наталля КАРДАШОВА