Кні­гу ў пад­ару­нак? Па­ву­ча­ль­ную!

Апублiкавана: 25 чэрвеня 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: Аўтары

“Кнігі вучаць”. “Кніга — найлепшы падарунак!” Такія знаёмыя і, здавалася б, неаспрэчныя выказванні. А калі разабраца?... Гартаючы стужку навін адной з сацыяльных сетак, натрапіла на пост расійскага выдавецтва. У допісе прапаноўвалася выказацца наконт навучальнай і выхаваўчай ролі дзіцячай кнігі.Тэма для гэтай установы актуальная, бо практычна ўвесь яе асартымент — выданні для юных чытачоў. Гутарка, зразумела, вялася пра белетрыстыку. Нагодай для публікацыі сталі папулярныя ў расійскім дзіцячым літаратурным асяроддзі меркаванні аўтараў, што іх творы не адукоўваюць. Аказваецца, некаторыя пісьменнікі не пагаджаюцца з крытыкамі і нават крыўдзяцца, спрачаюцца, калі тыя кажуць,што выданне нечаму вучыць. А я ніколі нікому не прэзентавала кніг — каб пазбегнуць жатаў кшталту “Што яшчэ можа падарыць бібліятэкар?”. Хоць не аднойчы знаёмыя прасілі парэкамендаваць што-небудзь запатрабаванае ў сучасных дзяцей. 

У чым жа справа? Так мяняюцца адносіны да літаратуры ці частка пісьменнікаў хоча павялічыць продажы, сцвярджаючы, што творы выключна забаўляльныя. 

НЕАБЫЯКАВЫЯ? 

Статус кнігі за апошнія дзесяцігоддзі значна панізіўся. Калісьці каштоўныя зборы стараюцца прыткнуць у букіністычныя крамы, адносяць у бібліятэкі, здаюць у макулатуру ці проста выкідаюць на сметнік.

У бібліятэкі заходзяць розныя людзі, у тым ліку пакараныя ў свой час законам, беспрацоўныя гультаі, выпівакі, што шукаюць спажыву на гарадскіх звалках. І, як не раз высвятлялася цягам размовы, для гэтых асоб кніга застаецца калі не аб’ектам пакланення, дык нечым каштоўным, недатыкальным. 

Аднойчы малады мужчына з нясвежым тварам прывалок у бібліятэку мех з папяровымі выданнямі. Сказаў, што знайшоў у кантэйнеры для смецця. “Як так можна?” — абураўся наведвальнік. У торбе была і класіка, савецкая і сучасная літаратура, беларуская і руская. Вывад: гэты мужчына стаў вышэйшы за таго, хто нават паленаваўся прайсці некалькі лішніх метраў да зялёнай скрыні з надпісам “Макулатура”. Пра экалагічны аспект учынку — іншым разам. 

Падобны выпадак — не адзіны. Выпівакі часта прыносяць — ад адной да некалькіх дзясяткаў — кнігі, адшуканыя на вуліцы. Калі-нікалі такія выданні аказваюцца запатрабаванымі ў чытачоў і каштоўнымі для бібліятэкі. І, заўважце, ніводны з дабрадзеяў нават не намякнуў на нейкую матэрыяльную падзяку. Ім дастаткова было некалькіх хвілін размовы пра культуру, літаратуру і жыццё. 

ЧАС АХВЯРАВАЦЬ 

Цяпер ужо нельга сцвярджаць, што кніга — найлепшы падарунак. Прынамсі, для мяне гэта так. Падарунак добры, але не самы ўдалы. Ды і літаратура існуе розная. Тут як з парфумай ці касметыкай: не ведаючы густаў, можна трапіць у няёмкае становішча. 

Праўда, людзі, і маладое пакаленне ў тым ліку, усё ж жадаюць атрымаць кнігу. Не раз бачыла ў бібліятэцы, як дзеці, прычым не толькі маленькія, але і старэйшага ўзросту, прасілі ў бацькоў купіць тое ці іншае выданне. Выпадкова стала сведкай радасці хлопчыка гадоў дзевяці, які з пункта самавывазу адной інтэрнэт-крамы выходзіў, аж падскокваючы ад радасці, з томікам у руках. Літаратура для нейкай часткі людзей — сапраўды найлепшы падарунак. Цікава, ці шмат дзяцей просіць у Дзеда Мароза кнігу альбо загадвае жаданне атрымаць яе на чарговае свята? Здаецца, што не. Часцей замаўляюць смартфоны ці дарагія цацкі, брэндавую вопратку, вандроўкі. Усё добра ў меру. Памятаеце сацыяльную рэкламу пра тое, што самы файны падарунак для дзіцяці — час? У сённяшніх рэаліях гэта сапраўды так. 

Сумеснае баўленне вольнага часу — падарожжа, чытанне ці нават гульня ў камп’ютар — карыснае для ўсіх сямейнікаў. Абы разам з бацькамі. У падтрымку кніг скажу, што супольнае чытанне — не толькі карысны, але і агульнадаступны спосаб адпачынку. Бібліятэкі з літаратурай на любы густ бясплатныя. Аднак тут таксама ёсць падводныя камяні. 

ЧЫТАЧА НЕ ЗГУБІЦЬ 

Працуючы шмат гадоў на абанеменце дзіцячай бібліятэкі, багата пабачыла і пачула ад бацькоў, бабуль, дзядуль цяперашніх хлопчыкаў і дзяўчынак. Старэйшае пакаленне навязвае літаратурныя густы дзецям — гэта звычайная справа. Але ж бывалі выпадкі, калі бацькі не дазвалялі сваім малым, якія чытаюць, знаёміцца з сучаснымі аўтарамі, а нам пагражалі скаргамі і лістамі ў міністэрства, забаранялі выдаваць “літаратурную папсу”. 

Спрабуючы згладзіць канфлікт, мы гаварылі з мамамі і татамі, прасілі прабачэння за “непрафесіяналізм” (каму ж хочацца атрымаць скаргу без прычыны) і пыталі, што прапаноўваць дзецям (сталага чытача таксама не хацелася губляць). Практычна ва ўсіх выпадках чулі адны і тыя ж варыянты: Дзюма, Верн, Купер, Лондан, Рыд… Прычым гэта былі адказы бацькоў як малодшых школьнікаў, так і выпускнікоў. Хутчэй за ўсё, не чакаючы прабачэнняў, ветлівай размовы і такіх “каверзных” пытанняў, дарослыя проста называлі папулярных аўтараў, якіх змаглі згадаць у першую чаргу. Верагодна, сталыя людзі самі калісьці захапляліся гэтай класікай, а цяпер проста не цікавяцца развіццём літаратуры. На маю думку, творы названых пісьменнікаў не лепшыя і не горшыя за іншыя, у тым ліку і за сучасныя. Проста не ўсе вытрымліваюць выпрабаванне часам. Такі лёс напаткаў шматлікія кнігі савецкіх аўтараў, якімі раней зачытваліся дзеці. І справа тут зусім не ў ідэалогіі. Пэўныя творы перасталі перавыдаваць. А некаторым, на шчасце, падарылі другое жыццё. 

ВУЧЫЦЦА І РАЗВІВАЦЦА 

Адмоўныя адносіны часткі бацькоў да цяперашняй дзіцячай літаратуры не дзіўныя. Мамы і таты хочуць, каб дзіця не марнавала час, каб кожную хвіліну развівалася, а тут нейкі пісьменнік сцвярджае, што яго спадчына не вучыць. Я б гэтага літаратара ні ў якім разе не парэкамендавала наведвальніку. І справа тут не ў боязі бацькоўскага гневу. Калі сам аўтар лічыць, што яго кніга не адукоўвае, не варта траціць на яе час. Але ж я, хутчэй за ўсё, азнаёмілася б з творам, каб упэўніцца, што гэты пісьменнік не варты ўвагі. 

Практычна любое выданне нечаму вучыць. Але ж адкрытай маралізацыі ў кнігах для юных чытачоў, сапраўды, павінен быць мінімум. 

Аб’ём сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры значна меншы, чым рускай і асабліва замежнай. І пэўная частка нашага прыгожага пісьменства характарызуецца непрыхаванай катэгарычнай павучальнасцю. Натуральна, дзецям гэта не падабаецца. 

Так, без павучанняў у літаратуры не абысціся. На жаль, чытанне як спосаб сямейнага адпачынку і сумеснага баўлення вольнага часу выкарыстоўвае не вельмі шмат сямей. Не ідзе тут размовы і пра абмеркаванне паводзін герояў. Толькі на школьных уроках настаўнік крыху спытае пра станоўчыя і адмоўныя ўчынкі. Але не трэба перабольшваць і адбіваць выхаваўчымі зместамі парасткі дзіцячай цікаўнасці да кнігі. 

ЯНЫ ЎСЁ РАЗУМЕЮЦЬ 

Яшчэ Янка Маўр спрачаўся з рэдактарамі і цэнзарамі: на думку літаратара, тыя недаацэньвалі разумовы і духоўны патэнцыял дзяцей. “Я нават некалькі разоў рабіў спецыяльную праверку і кожны раз пераконваўся, што яны добра разумеюць”, — пісаў класік у артыкуле “Дзіцячы пісьменнік і дзіцячы чытач”. Падобнае становішча назіраецца і сёння. 

Усюдыіснае выхаванне і прамая дыдактыка мала каму падабаюцца. Чалавек сам прыйдзе да аналізу станоўчых і адмоўных герояў ці іх учынкаў. Зразумела, гэта адбудзецца не адразу і нават не з пятай-дзясятай кнігі, але адбудзецца. Толькі так дзіця навучыцца аналізаваць, параўноўваць і рабіць высновы. Бацькі і настаўнікі — яму ў дапамогу! 

СЮЖЭТЫ І СХЕМЫ 

Большасць сюжэтаў дзіцячай літаратуры развіваецца па схемах: дабро супрацьстаіць злу — і перамагае; шэраг выпрабаванняў навальваецца на галоўнага героя — і ён паспяхова спраўляецца з усімі цяжкасцямі; нешта ці нехта замінае закаханым быць разам — персанажы пераадольваюць усе перашкоды. Практычна заўжды — шчаслівы канец. І амаль кожны сюжэт вучыць дабру, вучыць не здавацца. Дарэчы, дэтэктывы Дар’і Данцовай таксама вучаць. Вучаць, што злачынца заўсёды знойдуць і пакараюць. 

На такіх схемах трымаецца не толькі літаратура для дзяцей, але і для дарослых. Астатняе — колькасць прыгод і выпрабаванняў, хітраспляценні лёсаў, апісанне ўмоў жыцця герояў, глыбіня псіхалагічнага аналізу паводзін і ўчынкаў, лірычныя адступленні — залежыць ад майстэрства аўтара. У пісьменніцкай справе няма катэгорый, што вызначаюць прафесіяналізм, як у іншых сферах. У добрага, чытанага літаратара таксама можа не атрымацца твор, як у кухара — страва. Аднак чалавек, які паважае сваю аўдыторыю і цэніць уласную рэпутацыю, не пусціць у друк недарэчны рукапіс. Абавязкова дапрацуе яго. 

Кнігі, якія не адукоўваюць, усё ж такі ёсць. Гэта нецікавыя і таму недачытаныя выданні, якія не застаюцца ў памяці. Але пра густы не спрачаюцца, і ў кожнага такая літаратура свая. Аўтар жа, які запэўнівае, што яго дзецішча не вучыць, нібы праграмуе бацькоў, педагогаў, бібліятэкараў на адмоўнае стаўленне да твора. 

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ

Мінск