Барысаў горад

Барысаў старэйшы за Маскву роўна на 45 гадоў. А за Берлін – аж на 98! І за Мінск маладзейшы толькі на 35. Здавалася б, пры такіх зыходных тут павінна быць турыстычная Мекка…

ГРАД У СВАЁ ІМЯ 

“У 1102 годзе князь Барыс Усяславіч хадзіў на яцвяг і, перамогшы іх, вярнуўшыся, паставіў град у сваё імя”. Так пачалася летапісная гісторыя паселішча, якое знаходзілася за чатыры кіламетры ўверх па цячэнні ракі ад сучаснага горада. Як сведчаць археалагічныя раскопкі, той “град” згарэў у выніку моцнага пажару. 

Нанова адбудоўваўся ўжо як валоданне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага на востраве памерам 200 на 300 метраў. Узведзены драўляны замак праслужыў гараджанам верай і праўдай цэлых сем стагоддзяў. Толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя было прынята рашэнне аб тым, каб зрынуць умацаванні і злучыць выспу з агульнагарадской тэрыторыяй. У 1858-м з купцом першай гільдыі Булькаўштэйнам заключылі дамову на будаўніцтва там двухпавярховага астрога на 75 арыштантаў. 

Неўзабаве турма, якую ўзвялі на месцы замка, стала гарадской славутасцю. Яе першымі сядзельцамі былі ўдзельнікі паўстання 1863 года. У часы Вялікай Айчыннай вайны фашысты трымалі ў ёй партызанаў і падпольшчыкаў. Тут сярод іншых была расстраляная знакамітая барысаўская падпольшчыца Люся Чалоўская. У 1951-м будынак прызналі непрыдатным да эксплуатацыі ды разбурылі. А ў адным з захаваных дапаможных памяшканняў размясцілі гарадскі выцвярэзнік. Калі ісці па вуліцы Гогаля ў старой частцы Барысава побач з заводам агрэгатаў, можна ўбачыць былую славутасць. 

БАЗАР-ВАКЗАЛ 

Аднак пачынаць падарожжа па Барысаве трэба з вакзала. Гэта помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Менавіта чыгуначная станцыя пракладзенай у 1871 годзе лініі Масква — Брэст стала сэрцам Новабарысава. У 1913-м са старым горадам яе звязаў першы гарадскі аўтобусны маршрут. Цяпер, акрамя ўласна станцыі, ансамбль чыгуначнай плошчы фарміруюць два жылыя дамы. Яны пабудаваныя ў стылі канструктывізму ў 1929—1930 гадах і нечым нагадваюць мінскую “гарадскую браму”, узведзеную ўжо пасля вайны. 

Ад прывакзальнай плошчы варта збочыць налева. У пяці хвілінах хадзьбы размешчаны Новабарысаўскі рынак. А за ім унікальны помнік архітэктуры — адна з першых у свеце гіпербалоідных канструкцый. Стальная ажурная сеткаватая воданапорная вежа пабудавана ў 1927 годзе па праекце вялікага інжынера і вучонага Уладзіміра Рыгоравіча Шухава. Такіх вежаў у свеце засталося ўсяго 11 з больш за 200, узведзеных Шухавым. Трэба сказаць, што ўслед за ім гіпербалоідныя канструкцыі будавалі Гаўдзі, Ле Карбюзье, Оскар Німеер і Нікола Тэсла. 

ХМАРАЧОСЫ ДЫ МОНСТРЫ 

Ад вежы накіроўваемся да праспекта Рэва- люцыі. Па ходзе руху злева — гарадскі парк. Да вайны ўваход у яго ўпрыгожваў помнік Леніну. У перыяд нямецкай акупацыі манумент разбурылі першы раз… Пасля вайны Ільіча аднавілі. Тут многім пакаленням барысаўскай дзятвы павязвалі на шыю піянерскія гальштукі. А ў 1986-м помнік знеслі другі раз. 

У барысаўскім парку глядзець няма на што. Гэта кавалак хаатычна зарослай хвоямі гарадской тэрыторыі. Праходзім міма. Адразу за ім – скрыжаванне. Там два шматпавярховыя жылыя дамы даваеннай пабудовы. Мясцовыя старажылы называюць іх з гумарам “труманаўскімі” (Гары Трумэн — сенатар і 33-і прэзідэнт ЗША). Мо некалі яны падаліся тутэйшым хмарачосамі, падобнымі на амерыканскія? 

Літаральна праз дарогу – непрывабны шкляна-бетонны монстр. У ім ад пачатку існаваў рэстаран “Бярэзіна”, вядомы далёка за межамі Барысава. Менавіта тут бавілі час печанскія і лядзішчанскія афіцэры. 

І ЖАРТАМ, І ЎСУР'ЁЗ 

У скверыку справа па курсе можна палюбавацца прыгожым помнікам і аддаць належнае памяці падпольшчыцы Люсі Чалоўскай. У двух кроках адсюль — цэнтральная плошча. Яе атачаюць Дом быту, бібліятэка, раённая адміністрацыя, тэлеграф, ГУМ і будынак былога штаба 7-й танкавай Чырванасцяжнай арміі КБВА. Побач і Уладзімір Ільіч. 

Знесены ў 1986-м помнік Леніну каля ўваходу ў парк адлюстроўваў правадыра пралетарыяту з выцягнутай у паўночнаўсходнім напрамку рукой. Маўляў, менавіта адтуль ўзыдзе зара сусветнай рэвалюцыі. Да 70-годдзя Кастрычніка бронзавага Леніна паставілі на цэнтральнай плошчы тварам на паўднёвы захад. За спінай у яго апынуўся штаб 7-й танкавай арміі, а перад вачыма — гаркам кампартыі і гарвыканкам. Гарадскія жартаўнікі адразу знайшлі тлумачэнне новага размяшчэння статуі: за вайскоўцаў Ільіч спакойны, а за бюракратамі трэба пільна сачыць… Адзначым, што аўтарам помніка з’яўляецца знакаміты беларускі скульптар Анатоль Анікейчык, ураджэнец Барысава. 

ДАНІНА ПАМЯЦІ 

З плошчы выцякае вуліца Чапаева. Адразу за гарадской бібліятэкай размясціўся стары сквер. У глыбіні яго гарыць Вечны агонь у памяць аб ахвярах нямецкага канцлагера, які існаваў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут загінулі 10 тысяч чалавек. Далей па гэтай вуліцы ісці не мае сэнсу. Лепш вярнуцца на плошчу, прыкупіць пару сувеніраў ва ўнівермагу і рушыць па праспекце Рэвалюцыі. 

Па яго левым баку — раённы Палац культуры. Будынак маштабны, але нічым не адметны. Тыповы ўзор тыпавога савецкага будаўніцтва аб’ектаў сацкультбыту. Перад ім углыб жылой забудовы сыходзіць вулачка Стаханаўская. Практычна адразу злева па ёй размешчаны знакаміты Барысаўскі крыштальны завод. На жаль, трапіць у яго музей і палюбавацца арыгінальнымі двайнікамі ваз, якія завадчане дарылі калісьці Сталіну, Хрушчову і Брэжневу, будзе праблематычна. 

Працягваем экскурсію па праспекце Рэвалюцыі. Абмінаем помнік Сярго Арджанікідзэ. Завітваем у крамку на хлебазаводзе, каб купіць яшчэ гарачую, духмяную, з хрумсткай скарыначкай булачку. Пераходзім аўтамост. Пакідаем справа па курсе помнік гераічнаму экіпажу танка Паўла Рака, які першым уварваўся ў заняты немцамі Новабарысаў па замініраваным мосце і на працягу 16 гадзін у адзіночку вёў бой з ворагамі. 

ПА ГІСТОРЫЮ І ПЕЙЗАЖЫ 

Праз колькі хвілін злева ад нас узнікае краязнаўчы музей. Па падрабязнасці барысаўскай гісторыі — туды. А па прыгожы пейзаж — крыху далей. Трэба абмінуць вуліцу Батарэйную. Адразу за ёй пачынаюцца батарэі, якія і далі ёй назву, — перадмостныя ўмацаванні, створаныя напярэдадні вайны 1812 года. 

Ад праспекта, які тут выглядае такім вельмі ўмоўна, на батарэі вядзе лесвічка. Яе вянчае пляцоўка з памятным знакам. З пляцоўкі адкрываецца цудоўная панарама поймы Бярэзіны і Старабарысава. 

Робім пару фотаздымкаў і шпацыруем далей, да ўпадзення праспекта ў вуліцу Розы Люксембург. Рэзка збочваем направа і выходзім на пешаходны масток. Ён выведзе нас на левы бераг Бярэзіны — у Старабарысаў. 

Адразу за мастком – налева, каб агледзець руіны згаданай на пачатку турэмнай крэпасці. А можна адразу рушыць наперад па галоўнай гістарычнай вуліцы горада. З савецкіх часоў яна носіць гордае імя ІІІ Інтэрнацыянала. 

На што варта звярнуць тут увагу — касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго будаўніцтва вялося на працягу трынаццаці гадоў і завяршылася ў 1826-м. Верагодна, гэта самы стары з гарадскіх будынкаў, які захаваўся да нашых дзён. 

ПРЫВІДЫ І БАЧАННЕ 

Крыху далей па вуліцы III Інтэрнацыянала — цяжкі буйны прысадзісты будынак. Сёння тут гандлююць аўтамабілямі, хаця старэйшае пакаленне называе яго Домам піянераў. А калісьці гэта была Вялікая сінагога. Захаваліся дарэвалюцыйныя паштоўкі: ёсць з чым параўноўваць. 

Адсюль ужо рукой падаць да канчатковай мэты нашай вандроўкі — рынкавага пляца, гандлёвых радоў, помніка князю-заснавальніку і візітоўкі Барысава — Васкрасенскага сабора. Здаецца, гэта самы грандыёзны праваслаўны храм, пабудаваны на тэрыторыі Мінскай вобласці з нуля ў XIX стагоддзі. 

Асабіста мне Барысаў падаецца горадам-куфрам, які дарэмна хавае сваю гісторыю. Гісторыю, у якой кіпелі гарачыя бітвы, віравала свецкае жыццё, абдумвалі планы вялікія злыдні Напалеон і Гітлер. Абодва былі тут, прычым, кажуць, гасцявалі ў адным і тым жа маёнтку, рэшткі якога захаваліся дагэтуль на Працоўнай вуліцы ў Старабарысаве… 

Віктар ГАЎРЫШ