Сакрэты беларускай дуды

Апублiкавана: 23 чэрвеня 2023 Стужка Музыка Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

На пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пад старшынствам намесніка міністра культуры Сяргея Саракача падтрымана прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Культура беларускай дуды”, распаўсюджанаму на тэрыторыі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і горада Мінска. Адпаведную пастанову ў Міністэрстве культуры прымуць неўзабаве. Пяць намінацыйных файлаў элемента былі падрыхтаваны Віцебскім, Гродзенскім, Магілёўскім, Мінскім аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам пры каардынацыі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. 

Перад чальцамі Рады выступілі вядучы метадыст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Карына Лапушынская, кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, майстар музычных інструментаў Аляксандр Сурба, а таксама кандыдат мастацтвазнаўства, прарэктар па вучэбнай і навуковай рабоце Інстытута сучасных ведаў імя А. М. Шырокава Міхаіл Казловіч, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, мультыінструменталіст Кацярына Радзівілава і даследчык беларускай традыцыйнай музычнай культуры, гаспадар аграсядзібы “Хутар дудара” ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці, дудар Алесь Лось. 

“БЕЗ ДУДЫ ХОДЗЯЦЬ НОГІ НЕ ТУДЫ” 

Культура беларускай дуды прадстаўлена самім інструментам, яго вырабам і спецыфічнымі звесткамі аб гэтым працэсе, музыкантамі і выканальніцтвам, мелодыямі, што ўзнаўляюцца на дадзеным інструменце, а таксама ведамі і ўяўленнямі пра яго. Дуда — старажытны традыцыйны музычны беларускі народны інструмент, які належыць да тыпу язычковых духавых. Яна выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак на сямейных і каляндарных абрадавых святах, вечарынах і кірмашах. На дудзе ігралі як сольна, так і ў ансамблі — са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. 

На нашых землях гістарычна існавала чатыры віды дуд: аднагукавая, двухгукавая, мацянка і безмяховая. Аднак беларускай дудой, альбо лепельскай ці верабскай, варта называць канкрэтны тып інструмента, які сёння больш за ўсё даследаваны і папулярызаваны, — аднагукавую дуду. Яна складаецца са скуранога меха, аднаго гука (бурдона), адной жалейкі (перабору), соскі, а таксама з усталяваных на кожнай ігравой трубцы рагаўнёўраструбаў, зробленых з суцэльнага кавалка драўніны і дэкарыраваных арнаментам з волава. 

Аднабурдонная дуда адносіцца да дыятанічных музыкальных інструментаў і гучыць у танальнасці рэ мажор. Майстры-дудары, разлічваючы адлегласці паміж адтулінамі і павялічваючы даўжыню жалейкі, граюць таксама ў танальнасцях до, рэ, фа і соль мажор. Інструмент часта ўпрыгожваюць: у якасці дэкаратыўных накладак могуць выкарыстоўвацца алавяныя пласціны, сустракаюцца размаітыя рэльефныя точаныя малюнкі. Нярэдка дуду аздабляюць вязанымі кручком круглымі рознакаляровымі ўзорамі, плеценай тасьмой або сшываюць праз скураную тасьму. 

Найгрышы на дудзе дэманструюць стылявыя асаблівасці найдаўнейшых пластоў музычнай культуры беларусаў. Як і іншыя шматлікія традыцыйныя інструменты, дуда была найбольш выразна знітавана з праявамі народнай культуры, такімі як інструментальны, песенны і, шырэй, вусна-паэтычны, танцавальны фальклор. Гучанне дуды з’яўлялася найважнейшым музычным кампанентам і гукавым маркерам каляндарных і сямейных абрадаў і разам з іншымі мастацкімі складнікамі перадавала сакральныя сэнсы. Арганічная сувязь гэтага інструмента з танцамі ў абрадавых і пазаабрадавых гульнях і забавах, а таксама народныя ўяўленні сведчаць аб дудзе як аб своеасаблівым правадніку адной са знакавых рыс этнапсіхалогіі беларусаў — святочнасці светаўспрымання. 

ВЯЛІКАЯ СЯМ’Я 

Дуда — традыцыйны інструмент у многіх еўрапейскіх культурах. Заходні тып усходнееўрапейскіх дуд уключае, апроч адна- і двухгукавых, дуды Аўкштайтыі і Жмудзі (Літва), дуды велікапольскія, дуды вендаў віду “бок” (усход Германіі) і часткова Чэхіі. Усе інструменты заходняга тыпу ўсходнееўрапейскіх дуд дэманструюць адзінства ў выкарыстанні ражкоў-раструбаў, а таксама дэкору волавам у выглядзе кольцаў, пілападобных элементаў, нахіленых палосак. Скандынаўскабалтыйскі тып ахоплівае дуды правінцыі Даларна (Швецыя) і часткова Фінляндыі. 

Заходнебалканскі тып дуд уключае інструменты з Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі і вострава Крыт. Усходнебалканскі — з Балгарыі, Македоніі, часткова Румыніі, Сербіі, Малдовы, Крыма. Інструменты гэтай групы маюць адзінарны перабор і адзін басуючы гук. Цэнтральнабалканскі тып — дуды са Славеніі, поўначы Сербіі, Славакіі, Венгрыі, поўдня Польшчы і захаду Украіны. Такім інструментам уласцівыя ў тым ліку рысы заходнебалканскага тыпу дуд, у якіх разам выкарыстоўваюцца асобы гук і ражкі-раструбы. 

ДЗЕВЯЦЬ СТАГОДДЗЯЎ ГІСТОРЫІ 

Першая згадка пра дуду ў перакладной старажытнай беларускай літаратуры сустракаецца ў канцы XV стагоддзя ў “Аповесці пра трох каралёў”. Паводле археалагічных крыніц, дуда на Беларусі вядомая з канца XIII — пачатку XIV веку: падчас раскопак на тэрыторыі Верхняга замка ў Віцебску Леанід Калядзінскі адшукаў скураны мех з трыма адтулінамі для трубак. Самая ранняя выява дуды на нашых землях, што дайшла да сёння, зафіксавана на кафлі XVI стагоддзя, знойдзенай у мястэчку Мельнік на Падляшшы. Беларуская дуда атрымлівала розныя найменні. У “Лексіконе” Памвы Бярынды (ХVII век) прыводзяцца такія назвы інструмента, як “сопль” і “перегудница”. 

Гістарычнай плошчай распаўсюджання дуды з’яўляюцца Віцебшчына, паўночна-заходняя і ўсходняя частка Міншчыны і паўночная частка Гродзеншчыны. Аўтэнтычныя элементы беларускага дударства XVІ—XVIІ стагоддзяў амаль перасталі сустракацца на тэрыторыі краіны ў сярэдзіне ХХ веку. Найбольш складаным для дуды перыядам прынята лічыць 1920—1930-я. Спецыфічны рэпертуар незваротна страчваўся ці часткова пераносіўся на іншыя інструменты. Апошняе публічнае выкананне мелодый на дудзе было зафіксавана ў 1951 годзе ў Полацку. Адраджэнне традыцыі пачынаецца ў 1980-я, а ў 2000-я да яго далучыліся клубы гістарычнай рэканструкцыі. 

СТО РУПЛІЎЦАЎ 

Сёння ў Беларусі працуе шэраг таленавітых майстроў, якія на аснове аўтэнтычных узораў, сучасных матэрыялаў і тэхналогій вырабляюць якасныя інструменты, набліжаныя да сапраўднай беларускай дуды. Ёсць такія ўмельцы ў вёсцы Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна, у Полацку і Сянне Віцебскай вобласці, у аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна, Лідзе і Гродне, у паселішчы Вяззе Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, вёсцы Цішкаўшчына, аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна, аграгарадку Бор Пухавіцкага раёна, а таксама ў Заслаўі, Маладзечне і Мінску. 

Як і раней, рэпертуар музыкантаў-дудароў складаюць беларускія народныя песенныя і танцавальныя імправізацыі альбо кампазіцыі — даўнія і цяперашнія. Старажытны інструмент актыўна ўводзіцца ў кантэкст сучаснай музычнай культуры: ствараецца арыгінальны рэпертуар у форме аўтарскіх мелодый і аранжыровак, дуда выкарыстоўваецца не толькі ў народнай, але і ў акадэмічнай музыцы, року, джазе, спалучаецца з фартэпіяна і нават з сімфанічным аркестрам. 

Сёння зафіксаваны звесткі аб 30 носьбітах і пераемніках звычаю, якія знаходзяцца ў Беларусі. Гэта чатыры дудары ў Віцебскай вобласці, чатыры — у Гродзенскай, два — у Магілёўскай, сем — у Мінскай і 13 — у Мінску. 

На тэрыторыі Гродзеншчыны спецыфічнай рысай музычна-інструментальнай традыцыі з’яўляецца ансамблевае выканальніцтва. У Адэльску, дзе жыве і працуе майстар Мар’ян Скрамблевіч, у Цэнтры культуры і народнай творчасці дзейнічае музей драўляных народных інструментаў. Зробленыя адмыслоўцам духавыя і ўдарныя падыходзяць для розных калектываў: аркестраў і ансамбляў, а таксама для сольнага выканання. 

У Магілёўскай вобласці шчыруе Мікалай Забаўскі, які грае на дудзе на слых, без нот. Умелец выкарыстоўвае інструмент у абрадах, у якіх удзельнічае, і выступае ў ансамблі народнай песні “Вязанка” Вязьеўскага сельскага дома культуры Асіповіцкага раёна. 

У Мінскай вобласці фальклорны калектыў “Гасцінец” сабраў працаўнікоў культуры, службоўцаў, рабочых, студэнтаў, вучняў мясцовай школы і пенсіянераў. Удзельнікі гурта вярнулі да жыцця многія забытыя абрадавыя песні, бытавыя танцы, цікавыя ўзоры дзіцячага фальклору, а таксама традыцыі некаторых сямейна- і каляндарна-абрадавых, хрысціянскіх свят. 

Сталічныя ж дудары ўваходзяць у склад розных калектываў, сярод якіх Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, Філармонія для дзяцей і юнацтва Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні і музыкі “Шчодрыца” Мінскага гарадскога палаца культуры ды іншыя. Усяго да старажытнай традыцыі далучана каля ста чалавек. 

НАПЕРАДЗЕ — СВЕТ 

Навукова-метадычная рада рэкамендавала аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму пастаянна ажыццяўляць меры па заахвочванні, распаўсюджванні і папулярызацыі культуры беларускай дуды і ўключыць гэты элемент у рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў на 2021—2025 гады па захаванні нематэрыяльных праяў творчасці чалавека, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Таксама прапанавана ў супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, дзіцячымі школамі мастацтваў ды іншымі зацікаўленымі прадугледзець адукацыйныя мерапрыемствы, у тым ліку арганізаваць спецкурс па прадмеце “Дуда” ў якасці дадатковай дысцыпліны на базе драўляных духавых інструментаў (флейты, кларнета, габоя, фагота, саксафона), забяспечыць набыццё беларускай дуды і навучанне ігры, правядзенне адкрытых фестываляў і свят. 

Акрамя таго, варта арганізаваць фіксацыю твораў, што выконваюцца на дудзе, у тым ліку збор нотных запісаў, ладзіць культурна-асветніцкія мерапрыемствы для шырокіх колаў грамадства з дударамі свайго і суседніх рэгіёнаў не радзей чым раз на год, забяспечыць удзел дудароў у разнапланавых творчых і грамадскакультурных імпрэзах, садзейнічаць распаўсюджванню дударскіх практык праз супрацоўніцтва з даследчыкамі і выканаўцамі па арганізацыі майстар-класаў, набыцці інструментаў і асваенні традыцыйнага музычнага рэпертуару беларускай дуды, пашыраць сферы выкарыстання беларускай дуды ў мэтах яе папулярызацыі (сацыяльная рэклама, кіно, выставы ды іншае) і працягнуць вывучэнне (інвентарызацыю ды ідэнтыфікацыю) традыцыі, маніторынгі (не радзей чым раз на два гады) з далейшым накіраваннем вынікаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў для напаўнення сайтаў “Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны” і “Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь”. 

Мінскаму аблвыканкаму, акрамя таго, даручана вызначыць каардынатара падрыхтоўкі спецыяльнага дасье элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны “Культура беларускай дуды” для накіравання ў UNESCO прапановы аб уключэнні ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Будзем спадзявацца, што з часам беларуская дуда зойме пачэснае месца ў сусветным аркестры і годна прадставіць нашу краіну на міжнароднай арэне. 

Антон РУДАК 

Паводле матэрыялаў Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады Фота аўтара і з дасье элемента нематэрыяльнай спадчыны