Аглядавая экскурсія па Мінску

Апублiкавана: 20 чэрвеня 2023 Нам пішуць Бібліятэкі Мінск

Аўтар: Аўтары

Калектыўны адпачынак – цудоўная  магчымасць стаць на крок бліжэй адзін да аднаго, пазнаць родную Беларусь, акунуцца ў гісторыю сваёй краіны. Летам падарожнічаць найбольш зручна. Супрацоўнікі Астравецкай раённай бібліятэкі таксама здзейснілі невялікую вандроўку ў сталіцу нашай краіны горад Мінск. Экскурсію для сваіх супрацоўнікаў арганізаваў прафсаюз. Самыя прыгожыя і выбітныя мясціны горада, усё самае цікавае ў адным маршруце. 

У Год міру і стварэння такая экскурсія з’ўляецца асабліва актуальнай. Горад сустрэў гасцей непаўторнай атмасферай утульнасці, дапамог акунуцца ў гісторыю, прапанаваў увазе безліч гістарычных аб’ектаў.  

Асаблівую цікавасць выклікаў новы інтэрактыўны музей Вялікай Айчыннай вайны. Велічнасць, памяць, повязь пакаленняў, незвычайнасць – усе гэта ўключаюць у сябе экспазіцыі музея. Ён нагадвае пра вялікі і неацэнны подзвіг беларускага народа ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. Гэты подзвіг не знішчыць час, памяць аб ім застаецца. Музей – сапраўдны доказ гэтай ісціны. Эрудзіраваны экскурсавод паведаміла шмат новых фактаў, знаёміла з багатай калекцыяй каштоўных экспанатаў, якія ўключаюць у сябе хронікі партызанскага руху, друкаваныя і рукапісныя выданні, ваенную тэхніку і многае іншае. Асаблівае ўражанне на прысутных аказалі экспазіцыі “Франтавы побыт”, “Франтавая медыцына”, “Партызанскі побыт”, “Жыццё гараджан і сельскіх жыхароў ва ўмовах акупацыі”. Акунуцца ў іншую эпоху дапамагала і гукавое суправаджэнне – радыёграма 1943 года пад грыфам “совершенно секретно”, адрасаваная камандзіру партызанскага атрада ім. Кутузава. Для атмасфернасці дадалі гукавыя эфекты (галасы, шумы, музыку), якія спрыялі яшчэ глыбейшаму ўздзеянню на эмацыйнае ўспрыманне падзей вайны.

Верхні горад здзівіў і ўразіў сваёй самабытнасцю. Удзельнікі экскурсіі наведалі храмы: Кафедральны Сабор Святога Духа і Кафедральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, здзейснілі вандроўку па старадаўніх гарадскіх кварталах – Траецкім і Ракаўскім прадмесці, наведалі Востраў Слёз – помнік воінам-афганцам.

Кожны аб’ект – унікальны і самабытны. Кожны хавае сваю гісторыю. Многія аб’екты змянілі знешні выгляд, былі адрэстаўраваны. Гэта вельмі радавала, бо горад развіваецца і расце.  

Знаходзячыся ў Мінску, нельга абмінуць жамчужыну горада Нацыянальную бібліятэку. Для супрацоўнікаў бібліятэкі такая экскурсія была асабліва цікавай і карыснай: удзельнікі пазнаёміліся з кніжным фондам, наведалі музей кнігі, палюбаваліся  гарадской панарамай з аглядавай пляцоўкі. 

Апошнім пунктам маршрута стала наведванне драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Спектакль “Укрощение строптивой”  падараваў станоўчыя эмоцыі і мноства пазітыву.

Экскурсія стала сапраўдным святам. Яна ўзбагаціла веды, павысіла культурны ўзровень, напоўніла кожнага ўдзельніка новымі сіламі і душэўным запалам.

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ

бібліятэкар ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”