Шляхам Уладзіслава Сыракомлі

Збіраючыся пісаць гэты артыкул, я і не меркаваў, як ён цяжка дасца. Думалася, што складанага: маршрут пройдзены, кожны каменьчык вядомы, інфармацыя пра асобы і маёнткі назапашаная. Усёй справы – уключыць настольную лямпу, заварыць моцнай кавы, апрануць белую кашулю (як Антон Косміч, герой Уладзіміра Караткевіча, ды і сам Уладзімір Сямёнавіч) і… Але так не выйшла. Бо ў апошні момант, дзякуючы розным дабрадзеям, пасыпаліся новыя факты, амаль штохвілінна. І таму артыкул не раз дапаўняўся і перапісваўся…

ЯК УСЁ ПАЧАЛОСЯ. ДЛЯ МЯНЕ 

Некалькі гадоў я не на жарты быў апантаны асобай Антона Пяткевіча, які нам больш вядомы пад псеўданімам Адам Плуг. Захапленне прывяло да падарожжа па мясцінах пісьменніка і з’яўлення на старонках “К” гістарычнага міні-серыяла “З клана Пяткевічаў герба “Трубы” (№ 46-48, 50, 2020). Тады ж нарадзілася цікавасць да Людвіка Кандратовіча (псеўданім — Уладзіслаў Сыракомля), найлепшага сябры Пяткевіча. І сёння вашай увазе — плён той абуджанай цікавасці. Маршрут склаўся праз некалькі вандровак па Стаўбцоўшчыне, якія адбыліся цягам апошніх гадоў. Пройдзены ён па-драздовіцку — пешшу, каб адчуць, каб убачыць усё-ўсё на свае вочы. 

ЛЯ ВЫТОКАЎ ЖАЦЕРАЎКІ. АСІПАЎШЧЫНА 

Наша падарожжа пачынаецца ад станцыі Асіпаўшчына Баранавіцкага напрамку чыгункі. Тут паблізу — вытокі рачулкі Жацераўкі (старая назва Зацераўка), якая нясе свае воды ў Нёман і якую мы будзем не раз фарсіраваць на сваім шляху. 

ПРЫВІДЫ КАРОЛІНА І КАРЫЦІНА. РАЁЎШЧЫНА 

Так як лёгкіх дарог мы не шукаем і з кожнай вандроўкі намагаемся вынесці максімум уражанняў, то ідзём на вёску Горкі, як “сталкеры ў зоне”, даючы добрага кругаля. Спярша на поўдзень праз палі і гаёк, блізу якога быў хутар з загадкавай назвай Каролін. Па лядашчых мастках пераходзім на той бераг ракі. Сёння на месцы маёнтка Карыцін — квітнеючая фермерская гаспадарка, і можна, калі пашанцуе, убачыць такую рэдкую для сучаснага беларускага краявіду жывёлу, як карова. Пад горкай, на беразе створанага за савецкім часам возера, прытулілася вёска Раёўшчына. Тут ёсць могілкі. Не надта старыя, але для краязнаўцы яны, безумоўна, будуць цікавыя. Фатаграфуючы надмагіллі, ад мясцовых жыхароў пачулі мы некалькі фактаў пра тое, як мясцовая дзятва ў часы “актыўнага будаўніцтва светлай будучыні” месцам сваіх гульняў абрала руіны капліцы-пахавальні гаспадароў Горак (наступны пункт маршруту), як яны бегалі па “панскіх костках”. Сюжэт, дарэчы, класічны. Берагам возера крочым да моста праз рачулку Зацераўка. 

ГОРКІ. МАГНУШЭЎСКІЯ І БАГРЫМ 

У Сеціве можна знайсці інфармацыю (без падрабязнасцей), што гэты маёнтак належаў роду Магнушэўскіх і што тут нават захавалася іх сядзіба. Усё так і ёсць. Размешчана яна на высокім беразе Зацераўкі (сёння па-над возерам) у атачэнні старых дубоў. Раней блізу сядзібы была сямейная капліца-пахавальня, але яна падзяліла лёс тысяч сваіх сёстраў — спярша была разрабаваная, потым зруйнаваная. На гэтым месцы, як напамін, мясцовыя жыхары ўжо ў нашы часы ўсталявалі валун. Дарэчы, штогод на пачатку мая пляцоўка пад дубамі становіцца месцам правядзення фэсту ў гонар св. Станіслава, традыцыя правядзення была закладзена Магнушэўскімі на пачатку ХХ стагоддзя. Што датычыцца сядзібы, то сёння яна выглядае як звычайны дом — белая цэгла, сучасны дах. Але ўнутры захавалася аўра сапраўднай, старой сядзібы. Быў час, калі яна была “панскім домам”, потым да гэтай функцыі гаспадары дадалі яшчэ адну, адкрыўшы школку для мясцовай дзятвы. Пазней, як не стала гаспадароў, школка заняла ўвесь дом. А яшчэ пазней, калі для навучальнай установы ўзвялі новы будынак (сёння менавіта яго многія ўспрымаюць як сядзібу, бо выглядае адпаведна), у былым маёнтку размясціліся школьныя майстэрні. Раней побач была адпаведная шыльда, але цяпер яе няма. Дык чым жа вядомыя Магнушэўскія? Тым, што дзякуючы ім свет пачуў пра “паэта з Крашына Паўлюка Багрыма”, які доўгі час лічыўся аўтарам першага беларускага верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы” (і да канца, на мой погляд, гэтая справа яшчэ не раскрытая). Адказны за “нараджэнне паэта” яго настаўнік і патрон, стары крашынскі ксёндз Войцах (Адальберт) Магнушэўскі. Ён жа лічыцца і падбухторшчыкам знакамітага сялянскага бунту ў Крашыне. Войцах і некалькі яго братоў перасяліліся з Падляшша ў ВКЛ на пачатку ХІХ стагоддзя. А да таго доўгі час у Старой Ельні займаўся душпастырскай справай іх дзядзька ксёндз Станіслаў. 

Сядзіба Магнушэўскіх у Горках

Сядзіба Магнушэўскіх у Горках

Дык вось, каля 1824 года Горкі набыў брат Войцаха Вінцэнт (слуцкі межавы суддзя). Раней ён жыў блізу Новай Мышы, дзе звязаў вузамі “кумаўства” свой род з сем’ямі Яна Чачота і цёткі Адама Міцкевіча (“К” №47, 2022). 

Ну і апошняе. Пра тое, якое дачыненне маюць Горкі да Сыракомлі. Адказ просты: у 1690-м Горкамі, Зацеравам, Асіпаўшчынай і Варатышчамі валодаў наваградскі мечнік, а пазней наваградскі гродскі пісар Уладзіслаў Казімір Кандратовіч, які быў далёкім сваяком паэта. 

ЖАЦЕРАВА. СЫРАКОМЛЯ І ЛУЧЫНА

Далей нашы шляхі прыводзяць нас у вёску Жацерава. Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя на савецкіх вайсковых мапах яе назва пісалася праз “З” (як і сотні гадоў). Ад Горак да Жацерава (раней — Зацераў) у самым прамым сэнсе толькі раку перайсці. Бо дзве вёскі амаль зрасліся берагамі. І там і там ёсць свае могілкі. А яшчэ ў Жацераве існуе капліца Найсвяцейшага Сэрца Езуса, пабудаваная ў 1934 годзе. Маёнтак мае вельмі доўгую гісторыю, але спынімся толькі на дзвюх цікавых старонках летапісу. 

Месца сядзібы ў Жацераве

Месца сядзібы ў Жацераве

Для пачатку зазірнём у сярэдзіну ХІХ стагоддзя, калі ў Зацераве пасяліліся Пашкевічы. Гаспадыня маёнтка мела двух сыноў-студэнтаў, якія часта наведвалі Сыракомлю ў блізкім Залуччы, і дзвюх дачок. Так як Сыракомля быў пажаданы і вельмі часты госць у Зацераве, то многія з яго вершаў былі народжаныя менавіта тут (сёння вядомыя пяць з іх). Збольшага рыфмы былі занадта адрасныя, і таму, пэўна, не ўсе надрукаваныя ў зборніках паэта. Да прыкладу, у 1849 годзе Сыракомля піша верш “Да калафоніі” (мясцовая жартаўлівая назва гарэлкі). Біёграфы Сыракомлі бачаць у ёй рэха поглядаў аўтара на праблему алкагалізму. Вядома, што задоўга да таго, як на землях сённяшняй Беларусі ў 1858 годзе распачаўся маштабны рух цвярозасці, Сыракомля няспынна выступаў з яе прапагандай, нагадваў пра патрэбу закрыцця бровараў і сам, першым у сваёй мясцовасці, закрыў бровар у Залуччы. Але творам, які вельмі моцна ўсхваляваў прыхільнікаў творчасці паэта і выклікаў у іх стане пэўны перапалох, быў другі — “Мінуўшчына”. У ім аўтар бязлітасна бічуе “сармацкія норавы старых часоў”, хоць да таго быў апантаным апалагетам “культу продкаў”. Сакратар Сыракомлі паэт Уладзіслаў Каратынскі, спрабуючы абяліць патрона, распавёў гісторыю, пачутую ад дачок гаспадыні. У 1851 годзе Сыракомля вярнуўся з Вільні, куды ездзіў па сямейных справах, у змрочным настроі. Так на яго паўплывалі тыя “віхуры грамадскай думкі” (абмяркоўвалася ўсё, уся і ўсе), у вір якіх ён быў уцягнуты. Дзяўчаты ведалі, што адцягнуць паэта ад цяжкіх думак можна толькі справакаваўшы яго на спрэчку. І правакацыя ўдалася. Праўда, ці такога выніку чакалі паненкі? У вершы паэт абрынуўся на любімае ім мінулае з дакорамі за скандалы і свары, за распусту — па-за домам, а ў доме за нераўнапраўны стан жанчыны… Вельмі цікава, аналізуючы розныя версія, апісаў у 1889 годзе гэтае здарэнне Уладзімір Спасовіч, адзін з першых біёграфаў Сыракомлі (№ 12, 2023). 

З Зацеравым шчыльна звязаны лёс іншага беларускага літаратара, аднаго з тых, Першых, — Янкі Лучыны (сапр. Іван Неслухоўскі). Неўзабаве пасля Пашкевічаў у Зацераве загаспадарылі бацькі Лучыны. Сюды на летнія вакацыі выбіралася сям’я з пыльнага Мінска. Тут Лучына, са стрэльбай за плячыма, ператаптаў усю ваколіцу. Тут, у Сыракомлевых мясцінах, набіраўся духу беларускасці, што потым і стрэліла ў яго вершах. Ад сядзібы захаваліся толькі прысады, а поле, дзе стаяла яна, даўно зааранае і роўнае, як стол. 

МАРХАЧОЎШЧЫНА І КУЛІКОЎКА 

Далей мы трапляем у Мархачоўшчыну, вёску, што знаходзіцца па тракце Нясвіж — Свержань, апісаным Сыракомлем у “Вандроўках па маіх былых ваколіцах”. Спынімся тут на хвілінку. Сёння ад маёнтка Кулікоўка, яшчэ бачнага на старых мапах, няма і следу, бо ён быў інтэграваны ў межы вёскі. Дык вось, тая Кулікоўка напрыканцы XVI стагоддзя належала Крыштафу Кандратовічу герба Сыракомля, прапра… дзеду паэта! У 1835-м бацька Уладзіслава, Аляксандр Кандратовіч, бярэ ў арэнду Мархачоўшчыну, нібы замыкаючы кола. Пазней, ужо пасля Кандратовічаў, разам з Зацеравым Мархачоўшчына перайшла Неслухоўскім. Сюды вельмі любіў прыязджаць на паляванне Янка Лучына. Цікава атрымліваецца. Пішаш быццам бы пра адну асобу, але не згадаць іншых няма магчымасці… На жаль, Мархачоўшчыну я абышоў па полі, каб хутчэй патрапіць да мясцовых могілак, таму памятны камень двум літаратарам не ўбачыў. 

НОВЫ СВЕРЖАНЬ. ТАЛАКА 

Гэтая вёска выцягнулася на некалькі кіламетраў уздоўж Нёмана. У паводку вада падступае амаль пад самыя дамы. Раней, у часы Сыракомлі і Лучыны, на той бераг аматараў прыгод перавозіў паром. Далей палявая дарога вяла да “трасы” Стоўбцы—Мікалаеўшчына, уздоўж якой сёння раскінулася сетка леснічовакмузеяў, дзе сто гадоў таму жыла сям’я Міцкевічаў, бацькоў пісьменніка Якуба Коласа. Сёння функцыю злучаць шляхі знакамітых літаратараў узялі на сябе масты — аўтамабільны і чыгуначны. Але ў сухое лета можна лёгка пераплыць Нёман, які толькі-толькі набірае тут свае абароты. 

Вынікі талакі. Могілкі ў Новым Свержні

Вынікі талакі. Могілкі ў Новым Свержні

У Новым Свержні не так шмат захавалася цікавостак. Тое-сёе, апісанае Сыракомлем і ва ўспамінах сваякоў Янкі Лучыны, ужо не існуе або непазнавальна змянілася… Колькі часу прайшло. Але касцёл 1588 года і колішняя ўніяцкая, а з сярэдзіны ХІХ стагоддзя праваслаўная царква так і стаяць насупраць адно аднаго. 

Мы ж заклікаем усіх мінакоў-турыстаў завітаць на старыя каталіцкія могілкі, што шырока раскінуліся па наднёманскіх пагорках. На жаль, лёс самай старой часткі так і застаецца нявызначаным. Могілкі паціху зарастаюць хмызамі, а сотні перакуленых надмагілляў так і ляжаць, хаваючы імёны некалі жыўшых у гэтай мясцовасці нашых суайчыннікаў. А мо і гістарычныя сенсацыі. Кожнага разу, бываючы ў Свержні, мы ладзім талаку-суботнік, спрабуючы вярнуць да жыцця той ці іншы помнік і расчытаць забытае імя. Апошнім разам, маючы толькі 15 хвілін на навядзенне парадку, нам удалося падняць з зямлі чатыры надмагіллі. Без спецабсталявання. Прычым больш часу пайшло на фотафіксацыю зробленага. Няўжо ў Свержнях, Старым і Новым, занёманскіх Стоўбцах і ваколічных вёсках няма людзей, якія маглі б арганізаваць добрую талаку і за некалькі дзён упарадкаваць могілкі? Па сваім досведзе магу сказаць, што для 10-15 чалавек з самым простым рыштункам працы там на 3-4 дні. Калі сярод нашых чытачоў знойдуцца ахвочыя заняцца гэтай справай, запрашайце абавязкова нас. Далучымся і станем поплеч. Годная справа! І неабходная. 

На гэтым першая частка нашага апавядання завершваецца. Далей нас чакае занёманскі ўчастак “Шляху Уладзіслава Сыракомлі”. Працяг будзе! 

За падказкі і парады выказваю шчырую падзяку гісторыкам-архівістам Юрыю Снапкоўскаму і Яўгену Глінскаму!

Газета "Культура" №21 ад 27 мая.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара і архіўныя