Дыялог пакаленняў. Што непакоіць творчую моладзь?

Апублiкавана: 20 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: РУДАК Антон

Сустрэча міністра Анатолія Маркевіча з удзельнікамі ІІ Рэспубліканскага форуму маладых спецыялістаў устаноў культуры стала галоўнай яго падзеяй. Мерапрыемства праходзіла 10 чэрвеня ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2023”.

Перадусім кіраўнік ведамства адзначыў, што сёлета фестываль значна перафармаціравалі. Арганізатары здолелі адшукаць новыя падыходы да работы і, з аднаго боку, захавалі добрыя традыцыі, а з іншага — прапанавалі выступіць на асноўнай сцэне маладым выканаўцам. Гледачы ацанілі задуму, канцэрт карыстаўся поспехам, прагучалі як хіты айчыннай эстрады, так і новыя кампазіцыі. Таленавітай моладзі, па словах Анатолія Маркевіча, у нас багата — трэба толькі своечасова дапамагчы новым артыстам знайсці аўдыторыю. 

Распавядаючы пра кадравае забеспячэнне, міністр паведаміў, што сярэдняя замацоўвальнасць маладых спецыялістаў у сферы культуры за апошнія тры гады склала крыху больш за 50 %. У гэтага ёсць шэраг прычын, якія глыбока аналізуюцца. Шукаюцца шляхі ліквідацыі недахопаў. Важны фактар — не толькі матэрыяльнае стымуляванне, але і добрае стаўленне да маладых спецыялістаў з боку кіраўнікоў устаноў. Такая падтрымка вельмі каштоўная. Яна пазітыўна ўплывае на настрой у калектыве. Значным з’яўляецца таксама забеспячэнне побытавых умоў, каб, вярнуўшыся пасля працы дамоў, моладзь магла камфортна прабавіць час. 

На падрыхтоўку маладых спецыялістаў дзяржава затрачвае істотныя сродкі. Важна заахвоціць гэтых адмыслоўцаў, каб яны заставаліся працаваць і рэалізоўваць патэнцыял у сферы культуры. Каб зацікавіць юнацтва, належыць стварыць сістэму прафарыентацыі і мэтавай падрыхтоўкі. Разам з тым навучанне не мусіць адрывацца ад практыкі. Міністр таксама падкрэсліў, што моладзь схільная адкрыта гаварыць аб праблемах і надзённых клопатах, таму дыялог з ёй заўжды дапамагае выявіць напрамкі для далейшага развіцця галіны. 

НЕ ВАРТА БАЯЦЦА 

У рамках сустрэчы каманды шасці абласцей краіны і горада Мінска — агулам каля трох дзясяткаў чалавек — прэзентавалі творчыя візітоўкі ў самых розных жанрах ад песень і танцаў да відэазамалёвак і дэкламацыі вершаў. Разам з Анатоліем Маркевічам выступленні моладзі ацэньвалі старшыня Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь кіраўнік арт-групы “Беларусы” Валерый Шмат. Мадэратарам мерапрыемства была начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька. 

Нягледзячы на хваляванне, каманды годна прадставілі творчыя здабыткі рэгіёнаў. Зрэшты, як было не перажываць, калі нумары рабіліся ледзь не экспромтам непасрэдна ў дзень сустрэчы. Валерый Шмат агучыў канструктыўную крытыку. Каб падтрымаць моладзь, музыкант зазначыў, што выступленне на публіцы заўжды — стрэсавая сітуацыя. Артыст параіў часцей практыкавацца, спрабаваць настроіць сябе так, каб не баяцца нават найгоршых варыянтаў развіцця падзей, абдумваючы магчымыя недарэчнасці загадзя і цвяроза ацэньваючы: насамрэч нічога страшнага не здарыцца, нават калі штосьці і пойдзе не паводле плана. 

Удзельнікі форуму таксама падзяліліся ўражаннямі ад фестывалю “Маладзечна-2023”, падкрэсліўшы, што ён сапраўды “памаладзеў”. Прадстаўнікі новага пакалення былі рады пабачыць сярод выступоўцаў малодшых калег, якія ўжо выйшлі на вялікую сцэну. Фестываль, які дае дарогу ў будучыню, па праве можна назваць калыскай талентаў. 

ЗАДУМЫ ДЛЯ РАЗВІЦЦЯ 

Затым удзельнікі сустрэчы правялі экспрэс-прэзентацыю свежых ідэй для нашай галіны. Перад кожнай камандай стаяла задача за пяць хвілін прыдумаць прапановы па культурным імпартазамяшчэнні, якое сёння з’яўляецца адной з самых актуальных праблем. Па выніках мазгавога штурму маладыя спецыялісты агучылі цэлы шэраг рашэнняў, якія заслугоўваюць рэалізацыі. 

Асабліва было адзначана, што варта ладзіць конкурсы для маладых аўтараў, а таксама ствараць і сістэматызаваць айчынны матэрыял, які дапаможа атрымліваць адукацыю ў сферы культуры. Неабходны і адзіны інтэрнэтпартал, які прадставіў бы найбольш поўны збор медыякантэнту пра культуру Беларусі — з асаблівым акцэнтам на відэазапісы і анлайн-трансляцыі мерапрыемстваў. Акрамя таго, было прапанавана заснаваць дзіцячы аздараўленча-адукацыйны лагер для папулярызацыі фальклору. Апекаванцы ўстановы маглі б вывучаць традыцыйныя беларускія песні, танцы і абрады. 

ЗБЕРАГЧЫ ЗВЫЧАІ 

Падсумоўваючы размову пра культурнае імпартазамяшчэнне, Анатолій Маркевіч і спецыялісты міністэрства падкрэслілі: важна захоўваць нацыянальныя традыцыі, якія ляжаць у аснове культурнага жыцця Беларусі і развіцця ўсяго грамадства. Кожны малады чалавек павінен усведамляць прыналежнасць да сваёй краіны і перадусім задавацца пытаннем, што ён мусіць зрабіць для Радзімы, а не наадварот — што Бацькаўшчына зробіць для яго. Толькі працуючы на ўзроўні эмоцый, выклікаючы шчырую зацікаўленасць у моладзі, можна выгадаваць сапраўдны патрыятызм і адказнасць перад грамадствам. 

Як зазначыў Валерый Шмат, найперш трэба памятаць, адкуль мы і хто мы. Без родных мовы, песні і звычаяў існаванне самастойнай культуры немагчымае. У пацвярджэнне гэтых слоў напрыканцы сустрэчы артыст зрабіў удзельнікам форуму адмысловы падарунак — выканаў песню“Беларусы мы”, рэфрэн якой з задавальненнем падхапілі ўсе прысутныя. Госці таксама атрымалі сувеніры ад Маладзечанскага раённага цэнтра рамёстваў. Але галоўным здабыткам і напамінам аб мерапрыемстве, вядома, застануцца новыя ідэі, выпрацаваныя супольна з дасведчанымі калегамі. Гэтыя задумы маладым спецыялістам яшчэ варта будзе рэалізаваць на працоўных месцах. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара