Не той “...Мюнхгаўзен”

Аднайменная п’еса Рыгора Горына больш вядомая па двухсерыйнай тэлестужцы Марка Захарава з Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі. Параўнанняў не пазбегнуць, але Тэатру-студыі кінаакцёра яны не страшныя: што ні кажыце, а кінаакцёрам наканавана звяртацца да кіно - тым больш пры ўсіх адрозненнях п’есы і кінасцэнарыя характары герояў шмат у чым вырашаны ідэнтычна.

Бюргерскі асяродак малюецца камічна, часам тэатральна эксцэнтрычна. Валерыя Арланава цудоўна ўвасабляе разліковую, уладарную жонку, а потым уяўную ўдаву Мюнхгаўзена. Гэтыя рысы выдатна перададзены сэксуальна прыцягальнымі сцэнічнымі строямі гераіні (мастак па касцюмах - Ніна Гурло), што ў абодвух выпадках увасабляюць сабой абрысы доўгай спадніцы з выразам ад таліі спераду - у спалучэнні з чорнымі ласінамі і высокімі ботамі. Нашчадак Феафіл (Антон Жукаў) спачатку паўстае істэрычным “мамчыным сынком” са смешнымі кудзеркамі (маўляў, баран бараном). У другой дзеі, што апісвае герояў праз тры гады, кудзеркі знікаюць - і Феа, як клічуць яго дома, рэальна пачынае крыху разумнець: прынамсі ўсур’ёз імкнецца стаць падобным да бацькі, паўтарыць, хаця і беспаспяхова, ягоныя подзвігі. 

Сімвалічныя ж персанажы набываюць драматызм, дакладнасць псіхалагічных дэталяў. Каларытнае аблічча служкі Томаса - сімвала веры, адданасці, заўсёднага пазітыву - выдатна стварае Ігар Падлівальчаў. Марта (Таццяна Фёдарава), што ў такой сістэме мастацкіх каардынат павінна быць сімвалам кахання, атрымліваецца больш бляклай - акурат у колер сваёй сукенкі. Дзмітрый Мухін у ролі Мюнхгаўзена - сімвала творчасці, што не ведае межаў, - спачатку грае крыху наіўнага, апантанага юнака. У другой дзеі, стаўшы садоўнікам Мілерам, артыст добра перадае старэчую пластыку, трэмар рук, рэзка суцішвае бляск вачэй. Але пры ўсіх гэтых даволі ўдалых пераўвасабленнях усё ж так і незразумела, хто такі Мюнхгаўзен. Фантазёр-летуценнік? Творца, што верыць у сваё прызначэнне? Закаханы, які сублімуе свае пачуцці ў натхненне?  

Амаль усіх астатніх герояў, уключаючы “жывога”, у выглядзе роставай лялькі, Мядзведзя (Аляксей Сораў), асабіста я аднесла б да герояў-масак, што практычна не змяняюцца, захоўваючы трывалае пастаянства непаразумення (Пастар Віктара Рыбчынскага) ці стомленасці непрадказальнасцю (Бургамістр Анатоля Цярпіцкага).

Сцэнаграфія адразу выдае творчы почырк мастака Андрэя Меранкова: у цэнтры - дзве лесвіцы, паварот якіх прыводзіць да змены месца дзеяння. Блакітныя стылізаваныя крэслы настройваюць на казачны тон. Камін, гадзіннік - неабходныя часткі інтэр’ера, бо пра іх неаднойчы згадваецца ў тэксце. Але ж агонь у каміне і вогненнае зарыва на задніку пры згадванні імя Джардана Бруна выглядаюць нягеглай ілюстрацыяй, што адразу спрашчае аповед, пераводзіць яго ў побытавае вымярэнне.

Выява вялізнага глобуса, частка якога бачная ў глыбі сцэны, у фінале аказваецца паветраным шарам. Гэтае ператварэнне крыху насцярожвае. Бо, з аднаго боку, сімвалізуе магчымасць вольна-павольнага палёту. З іншага - асацыюецца з хісткасцю, няўстойлівасцю, безабароннасцю: шар можа лопнуць, прызямліцца не там, дзе трэба, бо наўпрост залежыць ад таго, куды дзьме вецер. Ці ж такім уяўляецца галоўны герой?

П’еса Р.Горына заканчваецца тым, што Мюнхгаўзен “сыходзіць з Мартай усё вышэй і вышэй па месяцовай сцежцы”. Перагукаецца з фіналам “Майстра і Маргарыты” М.Булгакава? Невыпадкова, як і іншыя філасофска-постмадэрнісцкія спасылкі драматурга. У згаданай кінастужцы гэтаму быў знойдзены геніяльны аналаг: герой узнімаецца па вяровачнай лесвіцы ў нябёсы - у блакітна-аблочную бясконцасць. Фінал жа цяперашняга спектакля застаецца нявырашаным. Як і сама канцэпцыя пастаноўкі, нягледзячы на ўсю канфліктнасць супрацьстаўлення герояў. Пры ўсёй канцэпцыйнасці п’есы з уласцівымі Р.Горыну фантасмагарычнасцю, добрай “закручанасцю” драматургіі, спектакль успрымаецца касцюмаванай, сцэнаграфічна аформленай чыткай “па ролях”. Ён знаёміць нас менавіта з п’есай (у ёй зроблены хіба мінімальныя скарачэнні-папраўкі - на ўзроўні асобных слоў), а не з яе новым прачытаннем.

Можа, з іншым акцёрскім складам усё і сапраўды іначай? Па меншай меры, так абяцае пастаноўшчыца Таццяна Пацай, якая з’яўляецца галоўным рэжысёрам Магілёўскага драматычнага тэатра. А ў тым, што спектакль стане адным з самых любімых гледачамі, сумневу няма: у гэтым пераканаў ужо перадпрэм’ерны паказ, дзе давялося выстаўляць дадатковыя крэслы, і гарачы прыём публікай.     

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ