БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. ЖНІВЕНЬ

Апублiкавана: 31 лiпеня 2023 Каляндар Традыцыі не указан

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. 

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця. 

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе. 

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

 

1. а. Макрыны. “Глядзі восень па Макрыні”.

2. с. Ілья. Свята дажджоў і навальніц. “Ілля нарабіў гнілля”, “Укінуў у воду кусок ільда”.

4. пт. Мар’я.“Магдалена — вады па калена”.

6. н. Барыс, Палікоп. “Барыс і Глеб — паспеў хлеб”.

7. п. Ганны. “Святы Ганны бабкі стаўляюць”.

9. с. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Вылечваў хваробы галавы.

10. ч. Лаўрын. “На Лаўрына спяшай да млына”.

12. сб. Сіла. Жыта сей.

14. п. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 27 жніўня.

15. а. Прачыстая, Зельная. “Прыйшла Прачыста  — стала поле чыста”. Базыль. “Базыль авечкам воўну дае”.

16. с. Антоны Віхравеі. Рох. “Кірмаш на паненак” — дзень выглядання нявест.

17. ч. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. сб. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. с. Лаўрэн— свята млынара. “Баўтрамей і Лаўрын паказваюць, якая прыйдзе восень”.

24. ч. Баўтрамей. “Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей”, “Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей”.

27. н. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. п. Прачыстая, Зельная. Свята ўраджаю.

29. а. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. “Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў”.

30. с. Міроны Ветрагоны. “Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць”.

31. ч. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. Сухая навальніца або дождж.