Як зрабіць з учарашняга школьніка высакакласнага спецыяліста?

Аксіёму пра тое, што сярод устаноў культуры існуе значны попыт на маладых спецыялістаў — як на бібліятэкараў, так і на музейшчыкаў, — пацвердзіў наш нядаўні матэрыял пра размеркаванне студэнтаў і магістрантаў факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Што ні кажы, а тры заяўкі на аднаго выпускніка — гэта не жарты! Таму сённяшняя гутарка з загадчыкам кафедры гісторыкакультурнай спадчыны БДУКМ, кандыдатам культуралогіі Дзмітрыем ГЕРАСІМЁНКАМ — лагічны працяг узнятых як на размеркаванні, так і пасля яго шматлікіх пытанняў. 

— Дзмітрый Васільевіч, пабываўшы на размеркаванні выпускнікоў факультэта і ўпэўніўшыся ў іх запатрабаванасці ў працадаўцаў, я падумаў: ці не варта павялічыць набор? 

— Сапраўды, нашы выпускнікі запатрабаваныя, некаторыя з іх, як ужо адзначалася на старонках “Культуры”, адразу пасля атрымання дыплома ўзначальваюць рэгіянальныя музейныя ўстановы. Разам з тым хачу адразу сказаць, што конкурс на нашу спецыяльнасць хоць і існуе, але ўсё ж ён не настолькі высокі, каб, напрыклад, задумацца пра павелічэнне набору адразу ў два ці тры разы. Таму да нас ідуць мэтанакіравана зацікаўленыя гісторыяй і гісторыка-культурнай спадчынай маладыя людзі. 

— Не памылюся, калі скажу, што вырасціць з учарашняга школьніка, нават і апантанага гісторыяй сваёй краіны, высакакласнага спецыяліста не так проста. 

— Безумоўна. Таму выкладчыкі кафедры з першых курсаў пачынаюць працаваць над тым, каб студэнты не толькі як мага больш даведваліся па навучальных прадметах, але і, напрыклад, выпрацавалі дадатковыя навыкі экскурсійнай работы. З гэтай мэтай на кафедры дзейнічае экскурсійнакраязнаўчы гурток “Спазнай Беларусь”, удзельнікі якога распрацоўваюць пешаходныя экскурсійныя маршруты па Мінску, ладзяць тэматычныя і аглядныя экскурсіі падчас паездак па краіне. Да таго ж у межах гуртка адбываюцца сустрэчы з супрацоўнікамі айчынных музеяў, наведванне стацыянарных і часовых экспазіцый, дзе студэнтаў знаёмяць з усімі нюансамі музейнай справы — ад методыкі правядзення экскурсій да спосабаў захоўвання музейных артэфактаў. 

— Студэнцкія пешаходныя экскурсіі — гэта даволі цікава… 

— Прычым цікава і самім студэнтам, і выкладчыкам. Бо студэнты вучацца распрацоўцы турыстычнага маршруту, падымаючы для гэтага значныя пласты навуковай літаратуры, атрымліваюць навыкі публічнага выступлення, што вельмі важна для будучых музейных спецыялістаў, ды ўвогуле пачынаюць разумець асноўныя прынцыпы арганізацыі і правядзення культурных акцый. Часам з такіх вось студэнцкіх экскурсій у некаторых навучэнцаў з’яўляецца цяга і да навуковай дзейнасці. 

— Ці падтрымліваюць на кафедры падобную цягу да навукі? 

— Пастаянна, пачынаючы з першых курсаў. Скажам, выкладчыкі кафедры практыкуюць правядзенне заняткаў са студэнтамі як на базе філіяла кафедры — Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, так і на базе іншых музейных устаноў Мінска. Акрамя таго, вельмі шмат у гэтым плане дае археалагічна-этнаграфічная практыка, што ладзіцца ў канцы першага курса пад патранажам Інстытута гісторыі НАН Беларусі (у форме раскопак на гарадзішчы старажытнага Мінска). А на другім курсе практыка ладзіцца на базе найбуйнейшых музейных устаноў сталіцы. Вось тут і з’яўляюцца першыя студэнцкія публікацыі (для гэтага ва ўніверсітэце праводзяць шматлікія канферэнцыі), праяўляюцца першыя навуковыя зацікаўленасці, якія з цягам часу могуць ператварыцца ў напісанне курсавой, дыпломнай і, магчыма, пазней, кандыдацкай работы. 

— І адзін з падобных прыкладаў паспяховай зацікаўленасці навукай — якраз цяпер перада мной. 

— Так, я сам пачынаў са студэнцкіх публікацый, дарэчы, па зусім іншай тэме, чым мая абароненая кандыдацкая дысертацыя. Потым тагачасная загадчыца кафедры, доктар гістарычных навук, прафесар Марыя Бяспалая змагла зацікавіць мяне паступленнем у магістратуру, пасля якой я ўжо і сам задумаўся пра аспірантуру і напісанне кандыдацкай дысертацыі. У выніку цяпер не толькі ўзначальваю кафедру, але і з’яўляюся старшынёй Савета маладых вучоных, які працуе ў БДУКМ. 

— А каго аб’ядноўвае Савет? Якія ў яго задачы? 

— Савет маладых вучоных БДУКМ аб’ядноўвае магістрантаў, аспірантаў, дактарантаў, супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу з ліку маладых вучоных. Задачай Савета якраз і з’яўляецца развіццё творчай актыўнасці і навуковых зносін маладых вучоных, садзейнічанне прафесійнаму станаўленню маладых даследчыкаў, максімальна поўнае выкарыстанне навуковага патэнцыялу моладзі на карысць усяго беларускага грамадства. Ёсць, натуральна, і іншыя задачы, не менш важныя і актуальныя. 

— Але які ў студэнтаў стымул займацца навуковай дзейнасцю? Ці прапануе ўніверсітэт якія-небудзь бонусы для гэтага? 

— Падобная дзейнасць не толькі задавальненне студэнцкіх амбіцый, не толькі паказчык іх статусу сярод аднакурснікаў. Гэта і даволі карысна для іх як будучых спецыялістаў, калі яны вылучаюцца і дасягаюць нейкіх поспехаў на навуковай ніве. Да таго ж платнікам, якія маюць высокія дасягненні ў грамадскай і вучэбнай дзейнасці ды сур’ёзна займаюцца навукай, зніжаецца на 20-60% плата за навучанне, а некаторыя з такіх студэнтаў менавіта дзякуючы сваёй паглыбленасці ў навуку змаглі перавесціся на бюджэтнае навучанне. Так што карысць ёсць не толькі маральная, але і матэрыяльная. 

— Як журналіст, які цікавіцца рэгіянальнай сферай культуры, не магу не запытаць: ці супрацоўнічае кафедра з рэгіянальнымі музейнымі ўстановамі? 

— Супрацоўніцтва ў навуковай галіне з рэгіянальнымі музеямі праяўляецца ў першую чаргу ў сумесным правядзенні з кафедрай культуралогіі БДУКМ Тышкевіцкіх чытанняў, геаграфія якіх дастаткова шырокая. Так, пачынаючы з 2007 года іх ладзілі як на базе ўніверсітэта, так і ў розных гарадах Беларусі. Акрамя таго, разам з рэгіянальнымі музеямі праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі і круглыя сталы.

— А ці вывучалі супрацоўнікі кафедры вопыт рэгіянальных музеяў? 

— Так, зразумела, тым больш на кафедры цягам некалькіх гадоў распрацоўвалася тэма па ўкараненні сучасных музеязнаўчых тэхналогій у дзейнасць рэгіянальных музеяў Беларусі. Так што нашы выкладчыкі абазнаныя і ў найноўшых музейных тэндэнцыях (спецыялісты ў гэтым кірунку Ірына Лупашка і Ала Нароўская), і ў найноўшых інфармацыйных тэхналогіях (выпускніца нашай аспірантуры, сакратар Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях музейнай справы Вераніка Себруковіч), і ў адметнасцях краязнаўчых музеяў Беларусі (Іванна Бамбешка), ды шмат у чым яшчэ. Упэўнены, што кожны наш выкладчык можа расказаць пра сваю навуковую дзейнасць, свае здабыткі і дасягненне вельмі цікава і займальна. У тым ліку — і для чытачоў “Культуры”. 

— У такім выпадку не развітваемся ні з вамі, ні з супрацоўнікамі кафедры, а будзем лічыць гэтую публікацыю першай ластаўкай сярод многіх іншых. І дзякуй вялікі вам за інтэрв’ю! 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Фота з архіва кафедры гісторыка-культурнай спадчыны БДУКМ