Маленькія радасці і вялікія поспехі дзіцячай школы мастацтваў

Галіна Куліцкая - намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў Гомельскай вобласці. Сюды прыйшла працаваць маладым спецыялістам пасля заканчэння эстраднага аддзялення БДУКМ у 2005 годзе. Якраз тады і была створана рэчыцкая ўстанова - шляхам рэарганізацыі і аб’яднання мясцовых музычнай і мастацкай школ. ДШМ атрымала ў падарунак ад горада новы цудоўны дом на цэнтральнай плошчы. Так пачаўся працоўны шлях Галіны Уладзіміраўны: разам са старэйшымі калегамі яна адмывала памяшканні пасля будоўлі. Рыхтавала школу да ўрачыстага адкрыцця… 

ПРАМАЯ ДАРОГА 

Гераіня паходзіць з дынастыі музыкантаў. Мама Галіны Куліцкай да гэтага часу працуе тут жа. А суразмоўца была і канцэртмайстрам, і настаўнікам. Вяла студыю электроннай музыкі. У 2012 годзе педагогу прапанавалі пасаду намесніка дырэктара. Ацанілі ініцыятыўнасць, творчыя і арганізатарскія здольнасці. 

Пералік прафесійных кампетэнцый Галіна Уладзіміраўна істотна пашырыла ў Інстытуце сучасных ведаў на спецыяльнасці “Прадзюсар”. І сёння настаўнік упэўнена адчувае сябе ў крэсле кіраўніка аднаго з важных напрамкаў дзейнасці школы мастацтваў. 

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галіна Уладзіміраўна Куліцкая

— Праца з дзецьмі — гэта сапраўднае задавальненне, — шчыра кажа гераіня. — Так, часам бывае складана. Работа патрабуе пастаяннага пошуку ды індывідуальнага падыходу. У той жа час, калі ты чалавек творчы, калі гарыш, усе выдаткі шматкроць табе вяртаюцца. Мая праца — добрая справа. 

Сёння Рэчыцкая дзіцячая школа мастацтваў Гомельскай вобласці мае тры напрамкі дзейнасці: музычны, мастацкі і харэаграфічны. Таксама тут на платнай аснове вучаць музыцы і танцам усіх ахвотнікаў. Усяго ва ўстанове праходзіць падрыхтоўку больш за 1200 асоб. Прытым што ў Рэчыцы, па апошніх звестках, жыве каля 70 тыс. чалавек і, акрамя школы мастацтваў, працуюць звычайныя музычныя. 

КУЗНЯ ТАЛЕНТАЎ 

Штогод толькі з музычнага аддзялення мінімум пяць навучэнцаў паступаюць у профільныя каледжы Гомельскай вобласці, а таксама Мінска і Гродна. Гэта найлепшыя выпускнікі. На пытанне, ці ёсць сярод іх знакамітасці, Галіна Уладзіміраўна адказвае ўпэўнена і без замінкі. 

— Вядома! У нас 25 чалавек заахвочваліся спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, 12 адзначаны прэміямі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, 49 навучэнцаў — прэміямі Рэчыцкага райвыканкама па падтрымцы таленавітай моладзі.

У рэчыцкай школе вучыўся неаднаразовы стыпендыят Яўген Глушэня. Сёння ён сам ужо педагог. Працуе ў Гомельскім каледжы мастацтваў імя Сакалоўскага. Сярод найлепшых выпускнікоў Алена Казачэнка — выкладчык Мінскага каледжа мастацтваў, Соня Анціпава — пераможца конкурсу маладых вакалістаў фестывалю “Вытокі”. 

Рэчыца заўсёды славілася спевакамі і мастакамі. За навучальны год 2022/2023 выхаванцы школы паўдзельнічалі ў 66 форумах міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў, заваяваўшы 347 узнагарод. 

Асобна варта сказаць аб выніках апекаванцаў харэаграфічнага аддзялення. За гэты навучальны год яны ўзялі ўдзел у 25 міжнародных і рэспубліканскіх танцавальных конкурсах, удастоіліся больш за 120 узнагарод. А яшчэ ўпершыню выйшлі ў фінал адбору на фестываль “Славянскі базар у Віцебску”. 

У ГОД МІРУ І СТВАРЭННЯ 

Рэчыцкая дзіцячая школа мастацтваў — ініцыятар і арганізатар трох форумаў. Гэта Адкрыты абласны конкурс дзіцячай інструментальнай творчасці “Залатая нота”, Адкрыты абласны вакальны конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці Vocal Fest, Мастацкі конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці RechitsaArt. 

Апошні прысвечаны памяці мясцовага мастака і педагога Леаніда Абрамовіча. Падзея працягнецца з мая да кастрычніка. Сёлета на спаборніцтва паступіць, як чакаецца, больш за тысячу работ.

Дырэктар Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў Людміла Васільеўна Карнеева

— Сутнасць конкурсу ў тым, што дзеці малююць сваю малую радзіму, адначасна паглыбляючыся ў яе гісторыю, — распавядае Галіна Куліцкая. — Мы шчыльна супрацоўнічаем з нашым краязнаўчым музеем. І па выніках ладзім выставы. Так, найлепшыя работы мінулага года былі прадстаўлены сёлета, 9 мая, ва ўнікальнай экспазіцыі “Героі майго горада”. Яна дэманстравалася ў нас у фае. І карысталася папулярнасцю. На выставе працы маленькіх мастакоў суправаджаліся музейнымі фатаграфіямі ды інфармацыяй, хто і калі жыў у тым ці іншым будынку, у гонар якога героя і чаму названа тая ці іншая вуліца. 

Такія конкурсы вырашаюць шэраг задач. Па словах Галіны Уладзіміраўны, самі дзеці дзякуючы падобным ініцыятывам пачынаюць разумець: калі хочаш атрымаць вынік, трэба патраціць час, сілы. Яшчэ спаборніцтвы вучаць беражліва адносіцца да ўсяго, што акружае чалавека. Удзельнікі даследуюць гісторыю аб’ектаў сваёй творчай цікавасці, іх сувязі з пэўнымі падзеямі ці людзьмі. 

— У нас актыўна вядзецца выхаваўча-ідэалагічная праца, — расказвае Галіна Куліцкая. — Пастаянна ладзім канцэрты, тэматычныя выставы, розныя акцыі. Мы можам не проста сагітаваць кудысьці пайсці, а нешта зрабіць самі ды паказаць гэта людзям. Выхаванцы і творчыя калектывы ўстановы (як педагагічныя, так і навучэнцаў) рэгулярна задзейнічаны ў абласных мерапрыемствах. А ў родным горадзе без нас наогул ніводнае свята не абыходзіцца. Асноўная мэта школы — паказаць, што заняткі мастацтвам — гэта выдатна і весела. 

Трэба адзначыць, кіраўніцтва ўстановы плённа супрацоўнічае з буйнымі гандлёвымі цэнтрамі. Іх у Рэчыцы два. Па словах намесніка дырэктара, у Дзень музыкі там ужо традыцыйна арганізоўваюць флэшмобы. Настаўнікі і навучэнцы школы мастацтваў рэгулярна “разварушваюць” гараджан, стараюцца прасоўваць культуру ў масы. 

ПРАБЛЕМЫ І РАШЭННІ 

Паводле слоў гераіні, сёння асноўнай складанасцю для кіраўніцтва школы мастацтваў з’яўляецца пошук і прыцягненне сродкаў. Яны неабходны для фінансавання ўдзелу дзяцей у конкурсах і арганізацыі выязных выступленняў творчых калектываў. Цяжкім гэтае пытанне было заўсёды. Для яго рашэння залучаюць фундатараў, зацікаўліваюць бацькоў, імкнуцца зарабляць на канцэртнай дзейнасці. Рэгулярна падаюць заяўкі на ўзнагароджанне калектываў прэміямі Прэзідэнта і аблвыканкама. 

Галіна Куліцкая зазначае, што, калі творчы калектыў актыўна ўдзельнічае ў розных конкурсах і шмат выступае, падтрымка спецыяльнага фонду Прэзідэнта можа быць істотнай. Дзякуючы ёй, напрыклад, можна абнавіць сцэнічныя касцюмы ўсяму калектыву ці купіць балетны абутак на цэлую школу. Таксама даступныя міжнародныя гранты. Яны не такія буйныя, як прэзідэнцкія, але на іх можна часцей падаваць дакументы. 

Цяпер рыхтуюцца дзве заяўкі Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў Гомельскай вобласці на гранты. Жадаем поспехаў! 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Яўгена ГРАБЕНЧУКА