Вяртанне артэфактаў

Апублiкавана: 23 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

У Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 19 чэрвеня адбылося пасяджэнне Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

КААРДЫНУЮЧАЯ РОЛЯ

Вынікі працы камісіі ў першым паўгоддзі 2023-га падвёў яе сустаршыня, намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. Ён таксама прадставіў новых членаў камісіі: дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Каханоўскага, намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Максіма Макарава і намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Паўла Трубчыка.

Дзейнасць органа ў новым годзе грунтуецца на адпаведным палажэнні аб камісіі, распрацаваным Міністэрствам культуры і зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2022 года № 904. Гэты дакумент узнік у выніку выканання даручэнняў Урада, прапаноў Генеральнай пракуратуры і карпатлівай работы ўсіх зацікаўленых. Камісія іграе каардынуючую ролю па вызначэнні прыярытэтных напрамкаў у выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей беларускага паходжання. Гэтыя захады робяцца пастаянна ў музеях, архівах, бібліятэках краіны і замежных установах.

НАПРАМКІ ДЗЕЙНАСЦІ

Праца Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў наладжана згодна з планам камісіі на 2023 год, у які ўключаны 34 мерапрыемствы. Дакумент прадугледжвае наступныя напрамкі дзейнасці: устанаўленне дзелавых кантактаў і правядзенне перагавораў з замежнымі арганізацыямі па пытаннях культурных каштоўнасцей беларускага паходжання, мерапрыемствы па выяўленні і вывучэнні культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамі краіны, па вяртанні арыгінальных культурных каштоўнасцей беларускага паходжання або вытворчасці іх копій, а таксама па ўвядзенні ў навуковы ды культурны абарот і папулярызацыі культурных каштоўнасцей беларускага паходжання.

План рэалізуецца Міністэрствам культуры ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў, 33 установамі культуры рэспубліканскага і рэгіянальнага падпарадкавання, замежнымі арганізацыямі, архіўнымі і навуковымі ўстановамі, а таксама мясцовымі органамі ўлады. У адпаведнасці з рашэннем камісіі ад 1 снежня 2022 года № 1 створаны сакратарыят і экспертная група.

НОВЫЯ ЗДАБЫТКІ

У першым паўгоддзі 2023-га ў Рэспубліку Беларусь былі вернуты 174 арыгінальныя культурныя каштоўнасці. Музей Марка Шагала ў Віцебску 12 чэрвеня атрымаў у дар ад унучак мастака Мерэт і Бэлы Меер 66 кніг з асабістай бібліятэкі творцы, некаторыя з якіх змяшчаюць аўтэнтычную графіку. За гэтае дасягненне Сяргей Саракач падзякаваў дырэктару ўстановы Ірыне Воранавай. Артэфакты папоўняць музейную бібліятэку, у якой цяпер знаходзіцца больш за 5 тыс. выданняў пра Марка Шагала і мастакоў еўрапейскага авангарду. Дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва атрымаў 45 дакументаў Антона і Івана Луцкевічаў за 1907—1915 і 1938 гады ад беларускай грамадскай арганізацыі “Фонд Крачэўскага ў Нью-Ёрку”. У пачатку 2023-га з Германіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі вернуты два асобнікі са збору бібліятэкі Храптовічаў. Каштоўныя артэфакты перадалі пры садзейнічанні дыпламатычнага прадстаўніцтва нашай краіны на тэрыторыі Германіі. Фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 19 лютага 2023 года, дзякуючы чальцам мотаклуба Harley-Davidson, папоўніўся яшчэ дзвюма стараабрадніцкімі кнігамі “Часоўнік” і “Псалтыр”, якія былі выпушчаны ў 1830-я гады Магілёўскай друкарняй. Акрамя таго, 7 чэрвеня ў Беларусь вернуты 59 кніг Іаана Пашкевіча, кананізаванага Беларускай праваслаўнай царквой. Перадачу арганізавала Гомельская епархія, кнігі падарыла жыхарка Санкт-Пецярбурга Таццяна Байкова. На аснове бібліятэкі плануецца стварэнне экспазіцыі, прысвечанай святому праведнаму Іаану Кармянскаму. Усяго ж за 2021—2022 гады ў Беларусь вернуты 24 арыгіналы культурных каштоўнасцей, у той час як у першым паўгоддзі бягучага — ужо 174 прадметы. 

Таксама за першае паўгоддзе 2023-га атрымана 25 электронных копій культурных каштоўнасцей беларускага паходжання. Нацыянальная бібліятэка Беларусі здабыла 10 копій друкаваных кніг XVII—XVIII стагоддзяў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы. Дзяржаўнаму літаратурнаму музею перададзены якасныя электронныя копіі фотапартрэтаў Уладзіміра Самойлы 1904 і 1912 гадоў з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Санкт-Пецярбурга. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа атрымаў 12 копій прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю класіка, у тым ліку — чатырох яго лістоў з Дзяржаўнага музея Уладзіміра Маякоўскага ў Маскве, копіі кніг з аўтографамі з Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Узбекістан імя Алішэра Наваі, электронныя копіі аўтографаў з Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва і Дзяржаўнага музея А. С. Пушкіна, а таксама копіі матэрыялаў, якія тычацца Якуба Коласа, з фондаў Музея МХАТ. Віцебскі абласны краязнаўчы музей набыў лічбавую копію плана Віцебска 1904 года з фондаў Новакузнецкага краязнаўчага музея Кемераўскай вобласці.

Працягваецца ўключэнне раней вернутых прадметаў у навуковы і культурны абарот: 120 дакументаў грамадскага дзеяча Юльяны Вітан-Дубейкаўскай ужо выкарыстоўваюцца Беларускім дзяржаўным архіваммузеем літаратуры і мастацтва ў навуковай дзейнасці. Пісьмовыя помнікі даступныя шырокаму колу зацікаўленых.

Копіі вернутых летась чатырох партрэтаў XIX стагоддзя з калекцыі Урсын-Нямцэвічаў трапілі ў экспазіцыю Гісторыка-мемарыяльнага музея “Сядзіба Нямцэвічаў” у Скоках Брэсцкага раёна. Сем копій жывапісу, у тым ліку палатна Яна Дамеля з калекцыі роду Булгакаў, зоймуць сваё месца ў адрэстаўраваным палацы Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея на Кіраўшчыне, які адкрыецца ў канцы чэрвеня.

ПРА ПЛАНЫ

Акрамя таго, на пасяджэнні камісіі з дакладам аб рабоце сайта “Вяртанне” выступіў дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Філіпаў, а вядучы спецыяліст інстытута Алена Гумінская расказала аб стварэнні пералікаў культурных каштоўнасцей, перамешчаных у гады Вялікай Айчынай вайны. Гэтыя спісы можна ўбачыць на платформе “Вяртанне” (viartanne.by), а таксама на сайце Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур (nationalcultures.by). Кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Генадзь Ходар выступіў з дакладам аб зацвярджэнні функцый экспертнай групы камісіі, а начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч і намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Аляксей Цвяткоў распавялі пра магчымасці вяртання культурных каштоўнасцей і архіўных дакументаў ва ўзаемадзеянні з архівамі і музеямі Расійскай Федэрацыі. Удзельнікі пасяджэння выказалі ўпэўненасць у далейшай плённай працы камісіі і выкананні яе планаў на другое паўгоддзе.

Паводле матэрыялаў пасяджэння

Антон РУДАК