Якая будучыня ў помнікаў мінуўшчыны?

Апублiкавана: 24 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Магілёў і вобласць

Аўтар: РУДАК Антон

У палацава-паркавым ансамблі Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёна 21 чэрвеня адбылося выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры, на якім абмяркоўваўся стан работ на знакавых аб'ектах гісторыкакультурнай спадчыны Беларусі, а таксама праблемы і перспектывы далейшага развіцця.

Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны дэлегацыя ведамства ўсклала кветкі да памятнага знака ў гонар выкладчыкаў і навучэнцаў Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Перад пачаткам пасяджэння міністр культуры і члены калегіі азнаёміліся з хо¬ дам рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце і далейшым правядзеннем работ па музеефікацыі залаў палаца. Анатолій Маркевіч адзначыў, што дзяржава ўкладвае вялікія сродкі і рэсурсы ў тое, каб адрадзіць аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, і палацава-паркавы ансамбль у Жылічах будзе ўрачыста адкрыты пасля рэстаўрацыі да канца чэрвеня. З асноўным дакладам аб стане працы на знакавых аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і аналізам міжнароднага і нацыянальнага супрацоўніцтва ў справе аховы спадчыны выступіла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Таццяна Жук. У 2023 годзе на правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны высокай ступені гатоўнасці, якія валодаюць высокім эканамічным і турыстычным патэнцыялам, было вылучана фінансаванне ў аб’ёме амаль 12 мільёнаў рублёў. Падчас рэканструкцыі і рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя ў Полацку сёння выконваюцца работы па ўзмацненні канструкцый сцен, працы па фасадах, замена дахавага пакрыцця, аконных і дзвярных запаўненняў. З 14 чэрвеня брыгада расійскіх рэстаўратараў пачала рэстаўрацыю манументальнага жывапісу. У касцёле Божага Цела XVI—XIX стагоддзяў у Нясвіжы выконваюцца работы па ўмацаванні сцен, замене даху, рэканструкцыі інжынерных сетак. Акрамя таго, раскрытыя раней невядомыя шматлікія роспісы сцен на цэнтральным і бакавых фасадах помніка. У Навагрудскім замку сёння працягваюцца работы па кансервацыі руін Дазорнай, Пасадскай і Уваходнай вежаў і частковае аднаўленне фартыфікацыйных сцен. У рамках рэалізацыі шостага пускавога комплексу прадугледжаная рэстаўрацыя з рэканструкцыяй вежы Шчытоўка, яе памяшканне будзе прыстасаванае пад халодную музейную экспазіцыю. Пры кансервацыі з частковай рэстаўрацыяй руін былога замка Сапегаў ХVI— ХVII стагоддзяў у Гальшанах Ашмянскага раёна адноўленая Паўночная вежа, створаная музейная экспазіцыя з артэфактамі, знойдзенымі падчас археалагічных раскопак на замку. Сёння працягваюцца работы па разборцы сцен, слупоў, скляпенняў, арак слабой трываласці, механічная расчыстка гладкіх паверхняў сцен ад позніх пластоў тынкоўкі, рэстаўрацыя швоў цаглянага мура, рэстаўрацыя тынкоўкі сцен, адхонаў, слупоў, збораў і арак. Праект рэканструкцыі не прадугледжвае поўнага аднаўлення замка, плануецца максімальна захаваць руіны, у якія будзе ўбудаваная музейная экспазіцыя. Адметным з’яўляецца тое, што ў 2022 годзе ўдвая павялічылася колькасць турыстаў, якія наведваюць аб’ект.

У замку XIV стагоддзя ў Крэве Смаргонскага раёна вядуцца работы па кансервацыі мура, усталяванні лесвіцы з маналітнай пліты, кроквеннага даху, аднаўленне даху з чарапіцы. Завяршаюцца работы па пракладцы ўнутраных інжынерных сетак, наладцы пажарных рэзервуараў, добраўпарадкаванні тэрыторыі. Згодна з праектам плануецца аднавіць чатыры замкавыя сцяны, галерэі і вежы, а таксама закансерваваць іх ад атмасферных ападкаў. За студзень — красавік 2023 года Крэўскі замак наведалі 900 чалавек, у тым ліку ў рамках фестывалю “Кераміка Крэва”. У палацавым комплексе XVI—XVIII стагоддзяў у Ружанах Пружанскага раёна выконваецца ўладкаванне перакрыццяў, выраб і ўладкаванне аконных блокаў, вонкавыя аздобныя працы. З 2008 года тут праводзіліся рэстаўрацыйныя работы на ўязной браме, усходнім і заходнім флігелях палацавага комплексу, адноўлены ўсходні корпус, завершаныя работы па кансервацыі ўсходняй аркады галоўнага корпуса. Наведванне турыстамі Ружанскага палацавага комплексу ў 2022 годзе ў адносінах да 2021-га вырасла на 44 %.

НОВЫЯ АБ’ЕКТЫ

У краіне надаецца пільная ўвага невыкарыстоўваемым і руінаваным аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны, якіх налічваецца 280 і па якіх распрацаваныя планы абласцей і Мінска на 2022—2025 гады з пакрокавымі дзеяннямі па кожным аб’екце. Шэраг аб’ектаў пры выкананні планаў у бягучым годзе ўключаны ў гаспадарчы абарот і запланаваны для ўключэння або ўжо ўключаны ў турыстычныя маршруты. У Віцебскай вобласці ў ліпені запланаваны ўвод у эксплуатацыю будынка Вялікай Любавіцкай сінагогі, якая яшчэ ў сярэдзіне мінулага года знаходзілася ў руінаваным стане. У Гродзенскай вобласці ў маі ўведзеная ў эксплуатацыю першая чарга будаўніцтва палацава-паркавага ансамбля ў Свяцку Гродзенскага раёна. У Мінскай вобласці ў другім паўгоддзі намечаныя для ўключэння ў гаспадарчы абарот будынак былой ешывы ў Валожыне і гандлёвыя рады ў Нясвіжы.

Сярод аб’ектаў спадчыны, уключаных у турыстычны абарот, можна таксама адзначыць у Віцебскай вобласці — будынак па праспекце Скарыны, 3, у Полацку, у Гомельскай — руіны царквы ў аграгарадку Леніна Добрушскага раёна, у Мінскай — рэшткі былой сядзібы Агінскіх у вёсцы Ручыцы Вілейскага раёна і палацава-паркавы ансамбль у гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна. Уключэнню ў гаспадарчы і турыстычны абарот аб’ектаў спадчыны спрыяюць і новаўвядзенні ў заканадаўстве (з 2023 года на прававым узроўні замацаваны шэраг норм, накіраваных на ўдасканаленне работы з руінаванымі аб’ектамі, спрашчэнне парадку работ на іх, парадку іх дзяржаўнай рэгістрацыі і продажу). Прынятыя нормы дазволілі ў першым паўгоддзі ажыццявіць правядзенне праектных работ на 47 аб’ектах (для параўнання: у 2022 — на 19) і рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на 32 (у 2022 — на 31). Праведзена 22 аўкцыёны, на якіх рэалізавана 5 аб’ектаў. На мерапрыемствы па рэалізацыі планаў для працы з невыкарыстоўваемымі і руінаванымі аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны са сродкаў мясцовых бюджэтаў на 2023 год запланавана каля 12,33 мільёна рублёў (у 2022 — 1,7 мільёна). Пры абмеркаванні даклада Анатолій Маркевіч прапанаваў унесці ў рашэнне калегіі пытанне разгляду рэгіёнамі ў 2024-м аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей на адным з пасяджэнняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

ПАДРЫХТОЎКА СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

На пастаяннай аснове праводзіцца навучанне кадраў у сферы аховы спадчыны з мэтай павышэння ўзроўню кампетэнтнасці ў прававых пытаннях, у тым ліку і ў пытаннях міжнароднага права. У адпаведнасці з планам работы Міністэрства культуры на 2023 год арганізаваны комплекс навучальных мерапрыемстваў для спецыялістаў, якія працуюць у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. У другой палове 2023-га прадугледжана правядзенне рэгіянальных семінараў у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абласцях і Мінску, практычнага семінара для распрацоўшчыкаў праектаў зон аховы помнікаў археалогіі, рабочага семінара са спецыялістамі, якія маюць пасведчанне на кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, і рэспубліканскага навукова-метадычнага семінара ў галіне захавання нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны па праблемных пытаннях напаўнення Нацыянальнага інвентару нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. У мэтах метадычнага суправаджэння дзейнасці мясцовых органаў Міністэрствам культуры з пачатку 2023 года падрыхтавана 14 тлумачэнняў і інструкцый, у тым ліку метадычныя рэкамендацыі па рабоце з аб’ектамі спадчыны, якія не выкарыстоўваюцца, па запаўненні пашпартоў гісторыка-культурных каштоўнасцей, інструкцыя па запаўненні Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, тлумачэнні па бягучым рамонце, па выкананні работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны катэгорыі “3”, па распрацоўцы рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў, па пытаннях UNESCO.

Падрыхтаваны зборнік інфармацыйна-метадычных матэрыялаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, выданне якога ў папяровым і электронным варыянце запланавана пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама ў канцы ліпеня 2023-га. У 2023 годзе завершаная работа па падрыхтоўцы новых намінацый “Беларускае мастацтва выцінанкі” і “Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя”, якія 27 сакавіка былі накіраваныя ў UNESCO. Распачатая падрыхтоўка намінацыі па элеменце “Культура дуды”, завяршаецца падрыхтоўка трэцяга цыкла перыядычнай справаздачнасці UNESCO па Канвенцыі 1972 года, зробленыя пераклады з англійскай мовы кіраўніцтва па Канвенцыях аб ахове сусветнай культурнай спадчыны 1972 і 2003 гадоў. Акрамя таго, з мэтай папулярызацыі запатрабаванасці турыстычных маршрутаў, а таксама ліквідацыі дэфіцыту кадраў, у Нацыянальным агенцтве па турызме ў першым паўгоддзі 2023-га атэстацыю прайшлі 13 супрацоўнікаў музеяў, а ў другім паўгоддзі плануюць прайсці атэстацыю ў якасці гідаў-перакладчыкаў і экскурсаводаў не менш як 24 супрацоўнікі музеяў з рэгіёнаў.

НАПРАМКІ РАЗВІЦЦЯ

Такім чынам, падчас пасяджэння калегіі было адзначана, што з мэтай удасканалення работы з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны і пашырэння іх турыстычнага патэнцыялу аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму неабходна даручыць зацікаўленым структурным падраздзяленням перафарматаваць работу з аб’ектамі спадчыны, распрацаваўшы рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў па ахове культурнай спадчыны на 2023—2025 гады. Таксама трэба стварыць пры Міністэрстве культуры камісію па арганізацыі працы па напісанні дасье па намінаваных аб’ектах і арганізаваць пераклад з англійскай мовы метадычных рэкамендацый па ўключэнні аб’ектаў у Папярэдні спіс UNESCO. У мэтах асваення бюджэтных сродкаў у поўным аб’ёме неабходна забяспечыць узмоцнены кантроль за ходам работ на знакавых аб’ектах, скарэктаваць графікі распрацоўкі праектаў зон аховы, а таксама распрацаваць рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

ПАЛАЦ, АДКРЫТЫ ДЛЯ ЎСІХ

Акрамя таго, на пасяджэнні выступіў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Аляксандр Бартошык з аналізам ходу выканання будаўніча-мантажных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, іх праблем і перспектыў. Міністр культуры адзначыў, што пры правядзенні работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны неабходна падыходзіць да пытання маштабна, вызначаючы першачарговасць работ. З гэтай мэтай важна актыўна ўзаемадзейнічаць з Фондам па падтрымцы культуры і мастацтва. З дакладам аб перспектывах уключэння палацава-паркавага ансамбля Булгакаў у турыстычны патэнцыял краіны выступіла намеснік начальніка Кіраўскага райвыканкама Таццяна Бяляўская. Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што на аднаўленне комплексу ў Жылічах затрачана 30 мільёнаў рублёў, таму неабходна арганізаваць максімальна эфектыўнае выкарыстанне гэтага помніка архітэктуры ў якасці турыстычнага аб’екта. Важную ролю ў гэтым мусяць выконваць Магілёўскі аблвыканкам і Кіраўскі райвыканкам. Неабходна цэласная праграма развіцця аб’екта і прылеглай тэрыторыі. Міністр звярнуў увагу на тое, што кожны турыст, які прыехаў у Жылічы, павінен атрымаць поўны комплекс паслуг. Палацава-паркавы комплекс Булгакаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму, створаны архітэктарам Каралем Падчашынскім на заказ бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака ў 1830-я. Пасля рэвалюцыі тут размяшчаўся дзіцячы дом, далей у 1930-х — заатэхнічны тэхнікум. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў палацы знаходзілася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасля таго як для яе быў узведзены новы будынак, палац пачаў занепадаць. Рэстаўрацыя комплексу была распачатая ў 2009 годзе, сёння завершаныя работы па аднаўленні заходняй часткі палаца і флігеля, адноўленыя ўсе гістарычныя інтэр’еры ў галоўным корпусе, цалкам адноўленая аранжарэя, разбураная ў гады Другой сусветнай вайны. Цяпер у палацы размешчаныя Жыліцкі гістарычны комплекс-музей і дзіцячая школа мастацтваў. Застаецца спадзявацца, што наведванне гэтай маляўнічай мясціны не пакіне абыякавым нікога з аматараў культурнага турызму.