Задача рэдактара — матываваць

Апублiкавана: 29 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: Аўтары

Дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" Віктар Іванавіч Дулевіч даў інтэрв'ю газеце "Літаратура і мастацтва".

— Віктар Іванавіч, як трапілі ў "Культуру і мастацтва"? Як адчуваеце сябе ў ролі кіраўніка ўстановы і рэдактара газеты?  

— Я не рэдактар у звыклым разуменні. Заўсёды пазіцыяную сябе як топ-менеджар. Мяне, як кажуць, кідаюць на тыя дзялянкі, дзе неабходна дапамога, дзе чакаецца ўздым. На кіраванне пагадзіўся пасля даволі працяглых роздумаў. Але веру, што чалавек заўсёды будзе там, дзе павінен, і ні кроку ўбок. Між тым уладкоўваўся, як і заўсёды, з умовамі. Па-першае, хацелася, каб заснавальнікі не перашкаджалі задуманым пераўтварэнням. Па-другое, чакаў падтрымкі ад Міністэрства культуры, усё ж "Культура" — ведамасная газета. А трэцяе — арганізацыя штомесячнай ведамаснай падпіскі, якая будзе кантралявацца заснавальнікамі. Ведаю, што сёння, напрыклад, часопіса "Мастацтва" няма ў 22 раёнах Беларусі, нават у цэнтральных бібліятэках. Усё пералічанае — гарантыі для развіцця. Пакуль не ўсё гладка, аднак шукаем шляхі да паразумення.  

— Якія ініцыятывы імкняцеся прасоўваць?  

— Мяне здзіўляе, што ў Беларусі няма нацыянальнай газеты пра культуру, а неабходнасць яе існавання даўно наспела. Шаснаццаць палос нашай "Культуры" — гэта несур’ёзна. Значна лепшым варыянтам мне бачыцца 28-палоснае выданне, аналагаў якому ў краіне няма. З улікам павелічэння ведамаснай падпіскі цана такой газеты не павысіцца ні на капейку. Так, можна стварыць шыкоўную газету часопіснага фармату. Да таго ж, у адрозненне ад часопіса, можна адмовіцца ад колеру на ўнутранных палосах. Усё ж якасць друку вымушае жадаць лепшага.

— Чым можа пахваліцца "Культура і мастацтва"? Што зроблена для ідэальнай работы рэдакцыі? 

— За ўласныя сродкі рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова стварыла і нядаўна адкрыла прэс-клуб. Ён мае перспектыву стаць пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў культурнага жыцця грамадства. Тут будуць праводзіцца сустрэчы, круглыя сталы, трансляцыі, вэбінары, анлайн-планёркі з чытачамі з рэгіёнаў. Але найперш гэтая ініцыятыва — спроба быць бліжэй да рэгіёнаў. А ў нас жа прадстаўнікі ў кожным са 118 раёнаў. Наогул, запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх ахвотных!  

— На якога чытача скіравана ўвага часопіса "Мастацтва" і газеты "Культура"?  

— Што тычыцца часопіса, то гэта выключна творцы. У газеты іншая аўдыторыя. На маю думку, гэта людзі з рэгіёнаў, якія хочуць, каб іх праца была ацэнена. Яны імкнуцца ўбачыць сябе, падзяліцца вопытам, карысным для іншых. Цікавыя праекты, вартыя ўвагі ініцыятывы, незвычайныя ідэі, пра якія пішуць тыя ці іншыя аўтары з абласцей, — для работнікаў сферы культуры гэта крыніца натхнення і нагода рухацца далей. Таму і РВУ «Культура і мастацтва» сёння вядзе перапіску з культурнымі выданнямі Расіі. Мэта — супрацоўніцтва. Усё дзеля пошукаў новых форм, кропак судакранання.

Поўную версію чытайце на сайце Міністэрства інфармацыі і сайце выдавецкага дома "Звязда".