На сувязі!

Апублiкавана: 10 лiпеня 2023 Стужка Музеі Брэст і вобласць

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Наколькі важна камунікаваць з публікай у Сеціве, музейшчыкі канчаткова ўсвядомілі, напэўна, падчас пандэміі. Пагроза сышла, але адмыслоўцы не кінулі віртуальныя праекты. Чаму і як сёння навуковыя супрацоўнікі выкарыстоўваюць інтэрнэт?

ГІСТАРЫЧНЫЯ МАСТЫ 

Амаль 400 кіламетраў раздзяляюць Івацэвічы і Быхаў. Аднак у мінуўшчыне аддаленых гарадоў знойдзецца больш агульнага, чым мяркуе абывацель. Гэта даказвае праект “Два раёны — адна гісторыя”. Супрацоўнікі Быхаўскага і Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчых музеяў шукаюць пункты судакранання ў летапісах краёў, ладзяць сумесныя даследаванні і сінхронна публікуюць матэрыялы на афіцыйных старонках устаноў у сацыяльных сетках, а таксама на партале “Музеі Беларусі”. Прачытаць нататкі можна па хэштэгах #дварайона_однаистория і #быхов_ивацевичи.

У аснове кожнага запісу — аповед пра каштоўныя прадметы з фондаў. Напрыклад, інтэрнэт-карыстальнікаў знаёмяць са старадаўнімі геаграфічнымі картамі, з палеанталагічнымі і археалагічнымі знаходкамі, друкаванымі выданнямі, фотаздымкамі, побытавымі рэчамі, калекцыяй нумізматыкі. Ахвотныя даведваюцца, калі і дзе ўпершыню згадваюцца населеныя пункты, што сімвалізуюць іх гербы, хто з вядомых асоб звязаны з гэтымі куточкамі краіны. 

— Развіццё тэхналогій змяніла мадэль узаемадзеяння музеяў не толькі з аўдыторыяй, але і паміж сабой. Стасункі пашырыліся за кошт віртуалізацыі і дыстанцыйнага доступу. І афіцыйныя суполкі ўстаноў у сацыяльных сетках цяпер — асноўны пасярэднік у перадачы інфармацыі. Сумесная работа музеяў аднаго профілю з розных геаграфічных пунктаў дазваляе выклікаць большую цікавасць аўдыторыі і прадэманстраваць інавацыйныя формы падачы матэрыялу, — раскрывае актуальнасць ініцыятывы навуковы супрацоўнік Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Яўгенія Федарчук. 

Паводле канцэпцыі, адмыслоўцы мусяць выйсці за межы віртуальнай прасторы. Прадстаўнікі быхаўскага музея ўжо завіталі на навукова-практычную канферэнцыю “Івацэвіцкія краязнаўчыя чытанні”. Падчас мерапрыемства падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. У снежні ж чакаюць калег з заходняга рэгіёна на падобным форуме, што адбудзецца ў Быхаве 13-ы раз, з візітам у адказ. Новай прыступкай могуць стаць абменныя майстар-класы і выставы, сумесныя канферэнцыі і семінары, выданне матэрыялаў агульных даследаванняў. Вядома, падзеі ў афлайн-фармаце патрабуюць немалых выдаткаў, але дырэктар Быхаўскага гісторыкакраязнаўчага музея Сяргей Жыжыян запэўнівае: патэнцыял Сеціва яшчэ не вычарпаны, а таму супольная праца не спыніцца. 

ТАЯМНІЦЫ СТАРЫХ ДАМОЎ 

Куды ў сваім горадзе звадзіць гасцей? На розум звычайна прыходзяць славутасці з паштовак і магніцікаў. Але ж і непрыкметныя на першы погляд аб’екты могуць уразіць — варта толькі праявіць дапытлівасць. Завітваеш так з году ў год у флюараграфічны кабінет і нават не здагадваешся, што ў гэтым памяшканні і век таму працавалі медыкі. За свежай тынкоўкай і новымі шыльдамі схавана аўтэнтычная прыгажосць, а час знішчыў ці не ўсё памяткі пра былых гаспадароў і наведвальнікаў. Паспрабуй дакапайся. 

Бабруйчанам пашанцавала. Раскрыць таямніцы знаёмых кожнаму будынкаў узялася супрацоўніца мясцовага краязнаўчага музея Іна Аўсейчык. Прыклад з флюараграфічным кабінетам з яе досведу. Даследчыца аднавіла гісторыю дома па вуліцы Камсамольскай і біяграфію яго ўладальніка. З росшукаў стала вядома, што ў будынку размяшчаліся кватэра і кабінет для прыёму зубнога доктара Гецава, а па суседстве працавала гарадская зубаўрачэбная амбулаторыя. Удалося нават высветліць, які лёс напаткаў нашчадкаў адмыслоўца. І падобнымі цікавінкамі спадарыня Іна дапоўніла “пашпарты” больш як дзясятка дамоў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Усяго камяніц таго перыяду захавалася звыш сотні. І разведка працягваецца. 

Знаходкамі навуковая супрацоўніца дзеліцца ў адмысловай рубрыцы “Стары дом” на сайце музея і на старонках у сацыяльных сетках. Такім чынам, кожны падпісчык можа самастойна ператварыць звычайны шпацыр па звыклых кварталах у захапляльную экскурсію. Мяркуючы па каментарыях, анлайн-праект зацікавіў і замежных карыстальнікаў, якія не забываюцца на бабруйскія карані. 

Дом Дарэўскага — адзін з герояў праекта "Стары дом"

Дом Дарэўскага — адзін з герояў праекта "Стары дом"

Захапляльныя нататкі з ілюстрацыямі — толькі дробка ўсёй працы. За бачнай часткай праекта стаяць тытанічныя высілкі. У распараджэнні музейшчыкаў было надзвычай мала інфармацыі пра дарэвалюцыйныя дамы. Вядома, ініцыятыва стартавала з пошукаў у Занальным дзяржаўным архіве ў Бабруйску і Нацыянальным гістарычным архіве, давялося пакорпацца і ў перыядычным друку пачатку мінулага стагоддзя. Так з газетных аб’яў, з купчых крэпасцей, з дакументаў, ускосна звязаных з будынкамі, паціху вымалёўвалася гісторыя кожнага помніка. 

Дарэчы, у прыхільнікаў анлайн-праекта “Стары дом” ёсць магчымасць “развіртуаліцца” і пачуць жывы аповед Іны Аўсейчык. Колькі гадоў таму Бабруйскі краязнаўчы музей стаў ладзіць аўтарскія шпацырыэкскурсіі: “Легенды і былі Інваліднай вуліцы”, “Летнія забавы ў Бабруйску пачатку ХХ стагоддзя”, “Я люблю гэты горад, дзе жылі бабруйскія Ротшыльды” ды іншыя. 

ВІРТУАЛЬНЫ АГЛЯД 

Георгій Скрыпнічэнка, Уладзімір і Міхаіл Басалыгі, Уладзімір Акулаў — нямала таленавітых мастакоў звязана са Слуцкам. Сёлета, калі раённы цэнтр атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі, мясцовы краязнаўчы музей распачаў віртуальны праект “ART-прастора Случчыны”. Ён знаёміць карыстальнікаў сацыяльных сетак з творамі тутэйшых жывапісцаў і графікаў у калекцыі ўстановы. 

Фотарэпрадукцыі дапоўнены кароткімі біяграфічнымі даведкамі і лаканічнымі мастацтвазнаўчымі каментарыямі. Відавочна, музейшчыкі ўзялі пад увагу звычкі інтэрнэт-аўдыторыі і не сталі загружаць падпісчыкаў вялізнымі аб’ёмамі — нататкі адолее нават дзіця. Але канцэнтрацыя цікавых фактаў такая, што не засумуюць і абазнаныя. 

Ігар Ермакоў. "Старажытны Слуцк"

Ігар Ермакоў. "Старажытны Слуцк"

Адкрыла арт-праект карціна “Слуцк. Куток старога горада” — адно з самых даўніх палотнаў Уладзіміра Садзіна. Сімвалічна, што першы матэрыял прысвечаны гэтай асобе. Ганаровы грамадзянін раёна не толькі стварыў больш за тысячу работ, але і выхаваў плеяду самабытных майстроў. Згаданыя раней мастакі ды яшчэ дзясяткі аўтараў вучыліся чараваць пэндзлем у выяўленчай студыі Садзіна пры Доме піянераў і школьнікаў. 

Віртуальная галерэя сталася сапраўдным парталам у мінуўшчыну. Разам з творцамі розных пакаленняў глядач вандруе па эпохах. Ігар Ермакоў пераносіць публіку ў сярэдневяковы горад, а Сцяпан Скорабагатаў паказвае краявіды пачатку ХХ стагоддзя. Многія будынкі, адлюстраваныя на карцінах, даўно зніклі або выкарыстоўваюцца па новым прызначэнні. Таму старажылам праект навее цёплыя ўспаміны, а маладым случчакам і гасцям культурнай сталіцы падорыць унікальныя адкрыцці. 

Данііл ШЭЙКА