Касмічныя прасторы кінематографа

Апублiкавана: 10 лiпеня 2023 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Самая гучная расійская прэм'ера — “Выклік” Кліма Шыпенкі — ужо больш за месяц знаходзіцца ў пракаце, аднак касмічных вяршынь пакуль не дасягнула. Нягледзячы на піяр-кампанію, што разгарнулася задоўга да выхаду фільма на вялікія экраны, цікавасць кінапублікі да карціны застаецца невысокай. А касавым зборам усё яшчэ не ўдалося ажыццявіць прадказанні крытыкаў і пабіць рэкорд касавага гіганта “Чабурашкі” Дзмітрыя Дзячэнкі. Ці сапраўды выхад у адкрыты космас аказаўся няўдалым? Або ўся справа ў завышаных чаканнях гледачоў? Паспрабуем разабрацца разам. 

Па сюжэце, адзін з членаў экіпажа МКС атрымлівае сур’ёзную траўму. Вярнуць яго на Зямлю для аперацыі немагчыма, таму кіраўнік палётаў Волін (Уладзімір Машкоў) вырашае адправіць на станцыю ўрача. Пасля працяглых выпрабаванняў у цэнтры касмічнай падрыхтоўкі выбар падае на таракальнага хірурга Яўгенію Бяляеву (Юлія Перасільд). Яна павінна правесці складаную аперацыю ва ўмовах бязважкасці, ад якой залежыць шанц касманаўта вярнуцца на Зямлю жывым. 

НЕ МЕСЦА ДЛЯ КАЗАК 

У “Выкліку”, безумоўна, ёсць на што паглядзець. Павільёны цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў захапляюць памерамі і тэхнічным абсталяваннем, уражваюць і эпізоды, знятыя ў космасе. Але гэта не відовішчнае кіно. Многія гледачы падмануліся, чакаючы ўбачыць на вялікім экране космас, той самы яркі і незвычайны, які стварыў кінематограф у пагоні за ваўэфектам. Але забыўся выхаваны на фантастыцы глядач, што сапраўдныя прасторы бязмежнай галактыкі выглядаюць далёка не так, як паказваюць у галівудскіх казках. Сапраўдны космас захоўвае бясконцае маўчанне і такую ж бязмежную усёпаглынальную цемру. 

“Выклік” стаў сапраўдным выпрабаваннем для яго аўтараў, якое яны, як і героі гісторыі, паспяхова пераадолелі, задаўшы новую планку для сусветнага кінематографа. 

Аднак вось гэта і зачароўвае: усведамленне таго, што кінематаграфічная, умоўная рэчаіснасць на нейкі момант перасякае нешта сапраўднае, але небяспечнае, таямнічае. Верагодна, з гэтай прычыны “Выклік” і не заяўляўся як фільм пра космас і месца чалавека ў Сусвеце. Гэта было б чарговай фантазіяй, якая зноў стала ў шэраг з выдумкамі на тэму “што і хто чакае нас за межамі Зямлі”. Расійскія кінематаграфісты паказалі іншае: куды б ні пайшоў чалавек, ён бярэ з сабой сябе, і нават за межамі Зямлі застаецца падуладным яе жарсцям і перажыванням. Абыякавы да людскіх страсцей космас тут выступае маўклівым назіральнікам, які дазваляе ўсвядоміць: лёс чыніць не цуд, а мы самі. 

ЯК У ЖЫЦЦІ 

“Выклік” як кіно, звязанае з касмічнай тэмай, адрознівае поўная адсутнасць відавочных ворагаў. Канфлікт галоўнай гераіні — унутраны. Яна не змагаецца з прышэльцамі, ёй не пагражаюць нябачаныя галактычныя сілы. Яе галоўны вораг — успаміны, якія, нібы якар, утрымліваюць у мінулым. Пагаршае стан і паўсядзённыя бязладзіцы ў сям’і, на працы. Таму ў перамяшчэнні героя, які завязнуў у цесных зямных праблемах, у бязмежныя касмічныя прасторы адчуваецца кантраст, бо гэта літаральна выхад у іншы свет. Выбар асабістай драмы ў якасці асноўнага канфлікту гісторыі выглядае выйгрышна менавіта дзякуючы сувязі з рэальнасцю. Суперажываючы галоўнай гераіні, глядач паглыбляецца ў гісторыю. І вось ужо ён праходзіць выпрабаванні, аказваецца ў космасе і пераадольвае нябачную ўнутраную мяжу перад нязведанай будучыняй. 

Экраннае пераўвасабленне Юліі Перасільд захапляе і натхняе сваёй натуральнасцю. Яе касмічны подзвіг бясспрэчны, але акцёрскі талент заслугоўвае куды большай увагі. Яна не толькі пражыла ролю ад першай да апошняй секунды, але і выстаяла ў спартанскіх умовах здымак у бязважкасці з непрафесійнымі акцёрамі — сапраўднымі касманаўтамі. 

Гарманічным аказалася і ўзнікненне Уладзіміра Машкова ў ролі кіраўніка палётаў Воліна, у якім знайшло ўвасабленне важнага для гісторый пра ўнутраныя пераадоленні архетыпа Настаўніка. Строгасць, стрыманасць і крыха па-бацькоўску цёплай веры ў галоўную гераіню ў выкананні Машкова выглядалі ярка і праўдападобна, што засланяла сабой іншага “настаўніка” — хірурга Валянціна Барысавіча ў выкананні Андрэя Шчэпачкіна. Роля ж галоўнага прэтэндэнта на сэрца Яўгеніі, Уладзіслава, дзякуючы таленту Мілаша Бікавіча не застыла на адзнацы толькі прывабнай знешнасці. Герой хай і амбіцыйны, а часам надта самаўпэўнены, але ён з хірургічнай дакладнасцю прабіў лёд як у душы Яўгеніі, чыё каханне змог заваяваць увагай і ўменнем трымаць градус самалюбавання на адэкватнай метцы, так і ў сэрцы гледача. Ва ўсякім выпадку, гэтае амплуа далёка ад стэрэатыпных палкіх прыгажуноў з пустой галавой. 

ЧОРНЫЯ ДЗІРКІ 

Нягледзячы на зладжаную працу аўтараў фільма, пераканаўчую акцёрскую ігру і незямныя пейзажы, у гісторыі засталіся некаторыя незапоўненыя прабелы, якія сур’ёзна нашкодзілі фільму. Ад прадказальнага фіналу, які стаў вядомым задоўга да прэм’еры дзякуючы шырокай маркетынгавай кампаніі, уражанні не надта пацярпелі. Аднак калі звычайна глядач прыходзіць у кіно, каб даведацца, чым усё скончыцца, то на “Выклік” ішлі, каб усвядоміць, што стаіць за такім фіналам. У прыватнасці, чаму з усіх хірургаў выбралі менавіта Яўгенію, якую ўвогуле пускаць на касмічны карабель не збіраліся? Гэты выключна важны для фільма момант застаецца за кадрам, таму ад пытання ў лоб: “Ці гатовая вы ляцець у космас?” — не адчуваеш нічога, акрамя пустога пафасу. 

Баласт у карціне таксама прысутнічае — пастаянныя паўторы ўспамінаў галоўнай гераіні аб аўтамабільнай катастрофе, у якой загінуў яе муж. Рух карціны быў бы лягчэйшым, калі аўтары пазбавіліся б ад цыклічнай сцэны, сэнс якой можна было змясціць у некалькі яркіх фрагментах. Бо кіно — мастацтва мантажу, ды і не варта недаацэньваць гледача: скласці візуальны пазл, звязаўшы пачарговыя сцэны, няцяжка. Гэта надало б успамінам уласцівай ім фрагментарнасці, а фільму — дынамікі. 

А ЦІ ВАРТА БЫЛО? 

Адказваючы на пытанне крытыкаў: варта. Кіно ніколі не спыняецца на дасягнутым, пастаянна ідзе на рызыку і ўстанаўлівае новыя законы, зменьваючы або зусім пазбаўляючыся ад старых. “Выклік” стаў сапраўдным выпрабаваннем для яго аўтараў, якое яны, як і героі гісторыі, паспяхова пераадолелі, задаўшы новую планку для сусветнага кінематографа. І справа зусім не ў касмічнай кінагонцы, а ў бясконцым імкненні творчасці, якое не адступіць, нават калі ад небяспекі яго аддзяляе тры міліметры. Бо за імі — адкрыты космас магчымасцяў. Касмічныя прасторы кінематографа Ці справіўся з выклікам “Выклік”? 

Яўгенія ГАБЕЦ

РЭЙТЫНГ: ★ ★ ★ ★ ☆