Флэшмоб з гэтай назвай арганізавалі Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, 38-я асобная гвардзейская дэсантнаштурмавая Брэсцкая Венская Чырванасцяжная брыгада і Цэнтральны савет ДТСААФ Беларусі.
— Канцэпцыю флэшмоба, прысвечанага Дню Незалежнасці, распрацаваў рэжысёр-пастаноўшчык Дзяніс Фёдараў, — распавядае генеральны дырэктар тэатра Ганна Сенькавец. — Відэа запісалі ў размяшчэнні 38-й гвардзейскай АДШБр, зманціравалі спецыялісты тэатра. А 3 ліпеня ролік шырока трансліраваўся на тэлебачанні і інтэрнэт-пляцоўках.
Асновай падзеі стала папулярная песня “За Беларусь!” кампазітара Яўгена Алейніка на словы Ганны Сялук. Твор выканалі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, трупа і сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, вайскоўцы 38-й гвардзейскай АДШБр, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый Брэстчыны — амаль тысяча чалавек.
Сімвалічна, што ўдзельнікі акцыі размясціліся на пляцы воінскай часці, адлюстраваўшы карту Беларусі. Па яе межах сталі ваеннаслужачыя, а ўнутры — мірныя грамадзяне нашай краіны. У самым цэнтры — аркестр.
Паводле слоў Ганны Сенькавец, мэтай флэшмоба “За васільковую і міралюбную Беларусь!” было садзейнічанне выхаванню патрыятызму, гонару за гераічнае мінулае і светлую сучаснасць нашай рэспублікі. Да акцыі з энтузіязмам далучыліся прадстаўнікі самых розных прафесій і ўзростаў.