Патрапіць у Хармс-космас

Апублiкавана: 11 лiпеня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Эстэтыка абсурду, знаёмая заходняму мастацтву амаль стагоддзе, застаецца спецыфічнай для нашага культурнага асяроддзя, штораз быццам гаворачы: “Вось я і прыйшла!” Да яе візіту ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі падрыхтаваліся грунтоўна, папярэдне настроіўшы і артыстаў, і гледачоў.

За пару дзён да першага паказу спектакля “Вось я і прыйшла!” паводле твораў Данііла Хармса арганізавалі асветніцкую вечарыну — своеасаблівую майстэрню, прысвечаную гэтаму паэту і пісьменніку і названую адным з яго радкоў “Я выняў з галавы шар”. Спікерамі выступілі два дзеячы мастацтва, чыя праца набліжала прэм’еру. Гэта тэатральны крытык і даследчыца Алена Мальчэўская — яна пераклала на беларускую мову некалькі вершаў Д.Хармса, што сталі песнямі і ўвайшлі ў спектакль, — і малады расійскі рэжысёр Аляксандр Бародка, які можа лічыцца не толькі пастаноўшчыкам, але і, па сутнасці, аўтарам сцэнічнай дзеі. Прыдуманае ім філіграннае спалучэнне некалькіх літаратурных твораў значна лепшае за звыклае ўвасабленне. Гэта стварэнне новага тэксту — з аскепкаў ранейшых. 

Сустрэча не была падобнай да прэсканферэнцыі. Хутчэй тое аказалася злёгку тэатралізаваная лекцыя, названая майстэрняй. Чаму тэатралізаваная? У зале згасла святло, як на спектаклі, а на падмостках усталявалі не кафедру, а элементы сцэнаграфіі, што адразу пагружалі прысутных у адмысловую атмасферу, намякалі на візуальныя цікавінкі хуткай прэм’еры. Чаму лекцыя? Выступоўцы распавядалі не пра сябе і не пра тое, як яны працавалі над спектаклем, а менавіта пра Хармса, якога многія ўсё яшчэ лічаць адно толькі дзіўнаватым дзіцячым паэтам. Пра яго асобу, жыццё, спадчыну — і пра тыя творы, спляценне якіх было пакладзена ў аснову пастаноўкі. 

Такая форма паступовага “ўваходу” ў эстэтыку будучага спектакля шмат у чым нагадала пасяджэнні колішняга Клуба аматараў оперы, які дзейнічаў у 1980—1990-х у нашым Вялікім тэатры намаганнямі тагачаснага загліта Алены Саламаха. З адной хіба прынцыповай розніцай: туды запрашаліся заўсёднікі оперы, а ў РТБД, каб выняць пусты шар са сваёй галавы і запоўніць яго новымі ведамі ды ўласным роздумам з іх нагоды, маглі прыйсці ўсе ахвотныя, набыўшы квіток па сімвалічным кошце. 

Дададзім, што РТБД далёка не ўпершыню ўваходзіць на эстэтычную платформу тэатра абсурду. Можна згадаць і колішнія, з выкарыстаннем мультымедыя, паказы “З жыцця казурак” на вершы Мікалая Алейнікава — сучасніка Д.Хармса, ператвораныя ў вакальны цыкл кампазітарам Валерыем Воранавым. І два старыя, розных гадоў, спектаклі “Галава” па п’есе Ігара Сідарука. І нядаўнюю чытку аднайменнай п’есы Канстанціна Сцешыка, падрыхтаваную вопытнай актрысай і рэжысёрам-пачаткоўцам Алёнай Зміцер. Пры ўсіх пастановачных складанасцях яна здолела падабраць удалае сцэнічнае рашэнне для аповеду пра выпадкова знойдзеную пад лавай жывую галаву, што адказвае на пытанні падміргваннем — правага ці левага вока. У чытцы, якую так і хочацца назваць паўнавартасным спектаклем, былі і таямнічыя праходы безгаловай фігуры ў чорным, і мульцяшна “тлумачальны” відэашэраг, і багацце фонасферы з апрацаваным гукам, і красамоўныя пластычныя дэталі. Нарэшце — нечакана яркая развязка, падобная да кульмінацыйнага выбуху, і неадчэпныя постфінальныя развагі. Шмат абсурдысцкіх момантаў і ў іншых п’есах Сцешыка, увасобленых РТБД у выглядзе спектакля (“Камень дурасці”) ці чыткі (“Сябра мой”). Эстэтыка тэатра абсурду ва ўстанове — сапраўды даўно. 

А хто ж тады так гучна ўсклікае: “Вось я і прыйшла!”? Спярша гэта старая (звычайна лірыка-драматычная, трагічная, а тут непазнавальная ў камізме Людміла Сідаркевіч) — гераіня аднайменнай аповесці Хармса. Пазней адна за адной яшчэ тры старыя (Наталля Халадовіч ці Юлія Гружэўская, Надзея Цвяткова, Вераніка Буслаева — скрозь прыгажуні, нават у “геаметрычным” грыме) з апавядання “Вываливающиеся старухи”. Пятай старой становіцца сусед Сакердон (Максім Карасцялёў). Потым прыходзяць успаміны — запісы з “Дзённіка” літаратара. А галоўнае, узнікае разуменне, як выдатна ўсё зроблена! Не ў героя (Хармса па чарзе іграюць Дзяніс Аўхарэнка і Максім Брагінец), а ў самім спектаклі. Прычым абсалютна па кожным са складнікаў, яднанне якіх і ўтварае асаблівы Хармс-космас. 

У тым космасе-спектаклі ёсць слова — у адзіночным ліку. Плюс яшчэ слова. Плюс яшчэ ды яшчэ (пераклад Марыі Пушкінай). Але разам яны даюць не безаблічнае мноства, а шматзначныя повязі, выкшталцоную гульню (шкада, што ў мікрафонных спевах не заўжды чуваць многія беларускамоўныя перлінкі, знойдзеныя А.Мальчэўскай пры перакладзе вершаў). 

Ёсць пластыка — асабовая. Кожная старая — са сваёй: смешнай, лялечна-мульцяшнай, а-ля арыгамі. Ёсць зменлівае, бы жывая істота, святло, што колерам дадаткова ўздзейнічае на псіхалагічным узроўні. Музыка Аляксандра Гембіцкага — усё з той жа штораз стылёва рознай крапінкай. Гэта і кіношна-дэтэктыўная тэма, што становіцца лейтматывам, і песні з джазавым ухілам і намёкам на “Калыханку Клары” Гершвіна. І ў сцэнаграфіі Юрыя Саламонава, у якой акцэнтуюцца драўляныя дошкі ды вырабы з іх, і ў касцюмах Марыны Алекна раскіданы відавочныя адсылкі да супрэматызму Казіміра Малевіча з яго ўлюбёнымі фарбамі і геаметрычнымі фігурамі. Усе ўборы — быццам стыльная тэатральна-тэматычная калекцыя на конкурсным паказе мод. Усе, за выключэннем адзення дамачкі з булачнай (Юлія Лазоўская). Пры з’яўленні кабеты (быццам з нейкай іншай ірэальнасці) спектакль мадулюе з тэатра фарсу, клаўнады ў традыцыйны псіхалагічны з глыбокай тонкасцю ўзаемаадносін. 

Дык пра што ўвесь сыр-бор? Няўжо гэта бязглуздая забава? Маўляў, весела — і добра, не чакайце больш нічога. Ні ў якім разе! Спектакль — пра пакуты творчасці. І яшчэ пра тое, што страх, колькі б ні гаварылі пра яго здольнасць стымуляваць (нават навуковыя працы на такую тэму пішуцца), можа спарадзіць толькі яшчэ адзін страх, а за ім яшчэ ды яшчэ — і ніяк не натхненне, што сябруе з воляй і каханнем. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ