Пажытак для розуму

Апублiкавана: 15 лiпеня 2023 Стужка Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Пра існаванне ў Мінску Камернага драматычнага тэатра я дазнаўся, толькі калі атрымаў прапанову яго наведаць. Нагода — прэм’ера спектакля “Ехай!”. Імя драматурга Ніны Садур на афішы таксама мне ні аб чым не гаварыла. Ну не тэатрал, што тут зробіш! А творчасць Ніны Садур, між тым, як пасля высветліў, пазіцыянуецца як “не для водаправодчыкаў”. І вось мы ў тэатры…

Пачынаецца ён не як усе звычайныя, “з вешалкі”, а проста з фае. Спектакль ішоў ужо там, да першага званка. Дзіўнавата і не вельмі пераканаўча. Вершы з прэтэнзіяй на глыбіню з вуснаў вясковага пастушка гучаць нібы жыццёва, але занудліва. Маралізатарства “за ўсё добрае” і захапленне лужкамі-палямі не адпавядаюць агульнаму пасылу марнасці быцця і расчараванасці. Але ж сама задума цікавая. 

Стаім, чакаем запрашэння ў залу. І тут прытупаў бадзяга! Таксама пастаяў. Усе меркавалі, што ён штосьці скажа ці зробіць. А ён проста стаяў. Як усе. І маўчаў. Як усе. Бадзяга. Натуральны. 

Першы акт доўжыўся роўна 30 хвілін. Жонка здзіўлена запытала: “Гэта што, усё?” Добра, зазірнём у буфет. Прыйшлі. Аказалася, што там дзея працягваецца. Абсалютна лагічна і пераканаўча. П’яніца за цэнтральным столікам быў такі шумны — я нават задумаўся: што з ім рабіць? Замовіць гарэлкі і падсесці пагаварыць альбо зарадзіць у сківіцу, бо задзёўб? Але маю ўвагу адцягнула нахабная дзеўка, што лаялася з барменам, які забыўся наліць ёй малака туды, дзе яго не павінна быць: “Ты абяцаў! І я хачу атрымаць сваё малако!” Закарцела пажартаваць. Але побач была жонка, прамаўчаў. 

Селі, п’ём каву. Думаю: навошта мне гэта ўсё? Увесь гэты спектакль — ад фае да буфета. Навошта гэта ўсё прыстойным, інтэлігентным людзям, якія прыйшлі ў тэатр на прэм’еру? Не ў шынок, не да сваяка на “хіміі”, а ў тэатр? Ліхія 1990-я бачыліся прыкольнымі тады, калі нам было па 20. Мы, маладыя і дужыя, маглі вытрымаць усё. Але цяпер навошта гэта нам, навошта нашым дзецям гэтая цемрадзь? За такімі думкамі мяне заспела другая дзея… 

А вось у ёй пачаліся зусім іншыя разважанні. Драматургічная спружына нарэшце выпрасталася, выціснуўшы з галавы гледача ўсё другаснае. Стала зразумела, навошта нам “гэта ўсё”. Каб не расслабляліся! Каб слухалі маці і паважалі яе! Няма ў свеце нічога, што магло б параўнацца з матчынай любоўю. Яна дае простай вясковай бабулі мудрасць і цярпенне, якія перамагаюць усе нягоды, ратуюць нас ад роспачы і расчаравання ў самыя невыносныя моманты жыцця. 

Але ж “Ехай!” мае шмат сэнсавых пластоў. Напісаная ў 1984-м п’еса сёння гучыць актуальна, як і належыць сапраўднай класіцы. А ўвасоблены Камерным драматычным тэатрам вобраз жанчыны-маці пашыраецца да вобразаў Радзімы і нават Зямлі-матухны, аб’ядноўваючы трох нібыта выпадковых чужых людзей у сям’ю і, больш за тое, выяўляючы чалавецтва. 

І за бытавым па сутнасці канфліктам мы знаходзім экзістэнцыяльную драму. Ідэя п’есы — асоба асуджана на расчараванне. А выратаваць яе можа толькі любоў. Не каханне, але матчына любоў! Гэта выдатна зразумела і паказала рэжысёр Тамара Суфрункова, для якой спектакль стаў тэатральным дэбютам, і бліскуча адлюстравалі акцёры Камернага драматычнага. Брава! 

Аб працы артыстаў, што выканалі галоўныя ролі, трэба сказаць асобна. Таццяна Андросава проста геніяльна сыграла Бабку. Гэта найлепшае акцёрскае ўвасабленне вобраза жанчыны- маці, якое я калі-небудзь бачыў. Дакладна перададзеныя самыя дробныя рысы — ад старэчай няўпэўненай мітуслівасці да дрыготкіх сухенькіх ручак. Дарэчы, пра няўпэўненую мітуслівасць… Гэта не маразм! Гэта любоў, на якой трымаецца наша жыццё, — такой сілы, што тое пачуццё зможаш асэнсаваць, толькі калі ўжо не будзе каму сказаць “дзякуй” ці “прабач”… Нізкі паклон вам, Таццяна, за ролю! 

Бадзяга. У арыгінале— Мужык. Фенаменальна брутальны. У самым вульгарным сэнсе. Магутны. Просты, як… зашмальцаваная “пяцёрка”. У яго ёсць толькі інстынкты і закладзеныя з маленства няхітрыя правілы жыцця сярод людзей. Ён існуе па гэтых правілах і парушае іх не дзеля карысці, а таму што моцы мае нашмат больш, чым розуму. На вайне гэты мужчына стаў бы адчайным байцом. Але вайны няма… І таму — турма. І, відавочна, “курорты”— калымскія. Такія ж брутальныя, як ён сам. І вось персанаж тут, перад вамі, ва ўсім харастве— у непараўнальным выкананні маладога акцёра Уладзіслава Маслоўскага, леташняга выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 

Праца Андрэя Хурсана (Машыніст) на першы погляд здаецца неадназначнай. “Пераігрывае”, — зрабіла выснову жонка. Але ж і герой неадназначны. Літаратурна кажучы — экзальтаваная асоба. Па-простаму — нейкая знерваваная нікчэмнасць. З аднаго боку, відавочна абцяжараны інтэлектам чалавек. Усё жыццё шчыра імкнецца быць правільным. Не скрадзь, не забі, не пажадай. З іншага — слабы, баязлівы. Адсюль і вяршыня дасягненняў— машыніст цягніка. Нібыта не мала, але і не шмат. Адказнасць вялікая, заробак— дробны. Нават жонкі няма. І пакутуе персанаж, і зайздросціць, і крыўдуе. Таму герой і падаецца нейкім ненатуральным, што ўнутры яго— неадпаведнасць паміж здабыткамі і чалавечымі якасцямі. Але ж розум — вялікая сіла, якая перамагае нават баязлівасць. Вось галоўнае, што сказаў у фінале Машыніст. А я, пакорпаўшыся ў “Вікіпедыі”, аўтарытэтна магу паведаміць жонцы: “Гэта — не пераігрыванне, гэта — гратэск”. Выдатна! 

Выснова— прэм’ера ўдалася. “Ехай!” стане выбітнай з’явай сталічнага тэатральнага жыцця. Аўтары спектакля выканалі галоўную задачу творцы — прымусіць гледача думаць. 

Віктар ГАЎРЫШ 

P.S. Быццам бы дробязь. Але ж пастаноўка зацікавіла таксама значэннем казы ў беларускім фальклоры. Высветлілася, з аднаго боку, што яна сімвал багацця і добрага ўраджаю. З іншага — злы і хітры персанаж. У народнай казцы казёл-барада адбірае ў лісы яе хату, усіх пужае і нікога да сябе не пушчае. Урэшце пеўнік праганяе ліхадзея жалезнай касой…