“Час прыгод” па-беларуску

Апублiкавана: 15 лiпеня 2023 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” прайшоў перадпрэм’ерны паказ пятай серыі анімацыйнага фільма “Тошка і яго сябры. Паламаная рэальнасць”. Заключны эпізод прыгод Тошкі гледачы змогуць убачыць ужо гэтым летам. 

Над праектам працавала крэатыўная каманда пад кіраўніцтвам рэжысёра Аляксандра Ленкіна. Першая серыя выйшла ў 2017 годзе. Анімацыйны серыял атрымаў любоў і юнага, і дарослага гледача дзякуючы сваёй тэматычнай актуальнасці і зразумелым персанажам. Выбар галоўнага героя ў аўтараў заняў нейкі час: хацелася стварыць брэнд. На месцы Тошкі мог быць нават Васілёк. Аднак у выніку спыніліся на самым вядомым элеменце беларускай гастранамічнай культуры — бульбе. 

Галоўны герой гісторыі Тошка разам з сябрамі спрытна вырашае любыя жыццёвыя сітуацыі, якія часам носяць нечаканы характар. У апошняй серыі сябры забаўляюцца з акулярамі дапоўненай рэальнасці. Захапіўшыся гульнёй і не заўважаючы розніцы паміж віртуальным і рэальным светам, дзеці ломяць у парку маладыя дрэўцы. На дапамогу прыходзіць Дзед Бульбаш: ён сканструяваў робата Робіна, якога малыя павінны навучыць клапаціцца пра навакольнае асяроддзе. Але супярэчлівыя загады выводзяць робата з-пад кантролю і замест таго, каб прывесці парк у парадак, ён яго граміць. Пра тое, як Тошка з сябрамі спраўляецца з сітуацыяй, даведаемся ў новай серыі. 

У пятым эпізодзе аўтары робяць акцэнт на дзвюх важных тэмах: экалогіі і віртуальнай рэальнасці. У сучасным свеце, дзе камп’ютары ствараюць мноства ўмоў для забаў, дзеці могуць захапіцца гэтай дапоўненай рэальнасцю і забыцца пра навакольны свет. 

— За віртуальнасцю можна перастаць заўважаць рэчаіснасць, — раскрывае галоўную праблему аўтар сцэнарыя Канстанцін Андрушачкін. — Мы хацелі паказаць, што, калі дзеці карыстаюцца дасягненнямі высокіх тэхналогій, гэта не дрэнна. Аднак не варта забываць, што мы знаходзімся пры гэтым у рэальным свеце, які таксама патрабуе нашага дачынення і ўвагі. 

Галоўная ідэя, якая выносіцца ў заключную частку фільма: любая катастрофа зараджаецца ўнутры нас саміх. Але яе можна пазбегнуць, калі своечасова задумацца пра наступствы сваіх учынкаў. Такі пасыл і для юных, і для сталых гледачоў гучыць аднолькава важна, а можа, для дарослых нават куды актуальней. Гэта яшчэ раз нагадвае пра тое, што анімацыйныя фільмы змяшчаюць куды больш схаваных сэнсаў для любой узроставай катэгорыі, чым можа здацца, калі бачыш пазнаку 0+. 

Пазнаёміцца з “Тошкам і яго сябрамі” можна не выходзячы з дому: серыі лёгка знайсці на папулярных стрымінгавых сэрвісах Ivi, “Кінапошук” і нават у вольным доступе на YouTube. Аднак многія бацькі нават не здагадваюцца, што якасная беларуская анімацыя ёсць у інтэрнэце. Праблема хаваецца як у прасоўванні айчыннага кінапрадукту, так і ў адсутнасці цікаўнасці маладых тат і мам да нашых мульцікаў. 

— Калі бацькі маюць жаданне паказваць сваім дзецям беларускія мультфільмы, то іх адшукваюць. Пытанне толькі ў тым, ці ёсць такое жаданне, — лічыць Канстанцін Андрушачкін. — У нас добрая анімацыя, пра якую павінны гаварыць усюды. Гэтыя мульцікі атрымліваюць шмат прызоў на міжнародных фестывалях, рэгулярна паказваюцца ў рамках дзіцячых кіналекторыяў на “Беларусьфільме” і неаднаразова былі ў эфіры “Калыханкі”, але шырокі глядач усё яшчэ не ведае пра многія нашы працы. 

Прасоўванне айчыннай анімацыі не адзіны падводны камень. Тэмпы стварэння мультфільмаў таксама прымушаюць патэнцыйную публіку доўга чакаць, перш чым з’явіцца новы 13-хвілінны эпізод прыгод любімых герояў. 

— Мы здымаем гэты праект з 2017-га, а паміж чацвёртай і пятай серыямі ў нас быў перапынак у паўтара года. Усе серыялы здымаюцца сезонамі, калі б рабілі гэтак жа, то ўсё было б інакш, — упэўнены рэжысёр Аляксандр Ленкін. 

На жаль, у дадзены момант паскорыць працэс здымак нават 13-хвіліннага эпізоду вельмі складана. Не дае аніматарам разгарнуцца як сістэма планавання ў сферы кінематографа, так і недахоп прафесійных кадраў. Работы беларускіх майстроў-кінематаграфістаў, створаныя ў такіх умовах, захапляюць і натхняюць яшчэ больш. Аднак няма гарантыі, што творчасць на адным чыстым энтузіязме здолее працягнуцца доўга. Маладыя аніматары, якія сёння прыходзяць на кінастудыю, сур’ёзна занепакоены метадамі маркетынгавых і рэкламных сістэм, якія на “Беларусьфільме” пакуль іграюць супраць і кінематаграфістаў, і гледачоў. 

Яўгенія ГАБЕЦ