Гараўскія і Шэмешы

Сёння мы адправімся ў Бярэзінскі раён, у мясціны, дзе на берагу Бярэзіны россыпам ляжаць, нібы самародкі, цэлыя сузор’і маёнтачкаў, звязаных з імёнамі вядомых беларускіх мастакоў ХІХ стагоддзя — Адама Шэмеша і Гілярыя, Апалінарыя ды Іпаліта Гараўскіх.

БЯРЭЗІНСКІЯ КАРАЛІ 

Распрацаваны намі маршрут выцягнуся з поўначы на поўдзень у лінію, даўжыня якой склала амаль трыста кіламетраў. Атрымаўся тракт трансрэгіянальны, бо праходзіць праз тры вобласці Беларусі — Мінскую, Магілёўскую і Гомельскую. Палярнымі яго пунктамі з’яўляюцца вёсачка Кішчына Слабада і а.г. Акцябрскі, а паміж імі, як пацеркі караляў, рукой нейкага майстра нанізаныя гарады Барысаў, Беразіно і Бабруйск. Усе патрэбныя нам мясціны размясціліся ўздоўж звілістага рэчышча Бярэзіны. Дарэчы, а самі вытокі ў Віцебскай вобласці, блізу Докшыцаў і яшчэ аднаго горада на літару “Б” (Бягомль) і вёскі Беразіно. 

Сімвалічны помнічак на месцы капліцы Шэмешаў у Барацічах

Акрамя пацерак з назвамі рэгіёнаў і раёнаў, ёсць на шляху і пацеркі з імёнамі знакамітых беларусаў (або ліцвінаў, калі перанесціся ў рэаліі XVIII—ХІХ стагоддзяў) — пісьменніцы Ганны Цюндзявіцкай, Тэклі Ратамскай (маці Тадэвуша Касцюшкі), мастака Валянціна Ваньковіча, братоў мастака Адама і паэта Юзафа Шэмешаў, братоў-мастакоў Іпаліта, Апалінарыя і Гілярыя Гараўскіх, пісьменніцы Евы Фялінскай, паэта і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка Антона Пяткевіча (псеўд. Адам Плуг), паэта Людвіка Кандратовіча (псеўд. Уладзіслаў Сыракомля), этнографа і пісьменніка Паўла Шпілеўскага і інш. 

МІНСК—БЕРАЗІНО 

Дзіўным збегам абставін дзве лініі чыгункі Беразіно абмінулі і прайшлі праз Барысаў і Бабруйск. Таму дабрацца з Мінска ў Беразіно можна толькі аўтатранспартам па магілёўскай трасе. Пра бярэзінскі палац Патоцкіх, які шмат гадоў стаіць-гібее над ракой, мы распавядзём пазней, а сёння мінаем горад, пераязджаем па мосце на той бераг і збочваем управа, “на Аўгустова”. Мясціны тут не надта маляўнічыя: не бачна ні замкаў, ні сядзіб. Усё з’едзена часам. А што не часам, то зруйнавана людзьмі, у войнах або проста так. Больш вясёлай дарога будзе ў сплаўшчыкаў (тых, хто абярэ водны гістарычна-турыстычны маршрут), бо рака тут на адным кіламетры, як і Нёман у ваколіцах Стоўбцаў, робіць дзясяткі выгінаў ва ўсе бакі свету. Ды яшчэ і мае хуткую плынь. 

Мінаем вёсачку Восава. Яе назва, дарэчы, можа даць мясцовым гідам-энтузіястам падставы для сцвярджэння, што менавіта тут нарадзіўся Мікалай Гусоўскі. Пагатоў Дняпро, згаданы ім у “Песні пра зубра”, недзе побач. Праўда, сам я трымаюся версіі, што малая радзіма паэта-паляўнічага ў Падляшшы, дзе былі пушчы, зубры, Вітаўт і Радзівілы. 

Па дарозе аглядаем могілкі, на якіх пераважаюць звараныя з труб крыжы, вельмі сціплыя, простыя. Многія нават без таблічак, але ўсе з аднолькавымі сучаснымі белымі ручнікамі. Бачылі мы дагледжаную брацкую магілу савецкіх салдат, якія загінулі тут у чэрвеніліпені 1941 года, прыняўшы бой на высокім берагу Бярэзіны. 

Апалінарый Гараўскі, "На радзіме", 1860 (Брадзец)

Першы прыпынак нашай вандроўкі — вёсачка Брадзец. Калісьці тут была ўніяцкая царква, святар якой, здаралася, хрысціў адной вадой малых дзетак Гараўскіх. Тут жа на вясковых могілках у 1832 годзе быў пахаваны дзед братоўмастакоў, Францішак Гараўскі. Вечным сном спяць на гэтых кладах і многія іх сваякі — Туміловічы, Усціновічы, Станкевічы, Кудрэвічы, Пятровічы... Дарэчы, на адным з твораў Апалінарыя Гараўскага пад назвай “На радзіме” (1860) адлюстравана гэта вёсачка. Карціна так уразіла калекцыянера Пятра Траццякова, што ён набыў яе для сваёй галерэі. Да Гараўскіх мы яшчэ вернемся, а пакуль едзем далей. 

ДА ШЭМЕШАЎ 

Трэба колькі слоў сказаць пра гэты род. Многа цікавага распавяла пра Шэмешаў у сваіх успамінах іх блізкая сваячніца Ева Фялінская (бывала ў Барацічах). Паходзіла яна з Клеччыны, дзе яе бацькі, наваградскі адвакат Зыгмунт Вэндарф і Сафія з Сагайлаў, мелі невялічкі маёнтак Узнога. Сваяцтва Шэмешаў і Фялінскіх ішло праз Вэндарфаў. З іх паходзіла Эвеліна, маці мастака Адама і паэта Юзафа Шэмешаў. Дачка Евы, Паўліна, стала жонкай Адама. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што Фялінская была ў курсе ўсіх сямейных таямніц і яе ўспаміны — жывая крыніца да гісторыі Шэмешаў. Часам даволі сумнай. Згадвала Фялінская, сярод іншага, што зямля тут была не надта ўрадлівая (сапраўды, высокі бераг, пяскі), затое мелі Шэмешы крыху лесу, які высякалі ды сплаўлялі ракой. Шэмешам таксама належалі фальварак Месцін (тут жыў былы Ігуменскі павятовы маршалак Казімір Шэмеш пасля таго, як аддаў сынам цэнтральную сядзібу ў Барацічах), фальварак Жаліна (дзе пасля продажу Барацічаў пасяліўся Адам), Пуцькава (фальварак Адамава дзядзькі Гілярыя, якому Фелінская дала не самую станоўчую характарыстыку). Былі ў іх валоданні і зарэчныя землі. 

Дзіўную гульню згуляў лёс з Шэмешамі. Цяпер пра колішнюю іх прысутнасць у гэтым кутку Беларусі не нагадвае абсалютна нічога. Маёнткі зруйнаваныя дазвання. Знішчаныя і магілы. Глава сям’і Казімір і малодшы сын Юзаф памерлі ў Барацічах і былі пахаваныя ў радавой капліцы-пахавальні. Сто гадоў таму капліца трапіла на фота. Будынак стаяў без даху, але выглядаў добра. Сёння фатаграфаваць няма чаго. Адама і маці Эвеліну пахавалі на віленскіх Бернардынскіх могілках. Ад іх магіл даўно і следу няма. Сёлета ў Адама Шэмеша памятная дата (215 гадоў з дня нараджэння). Але скарыстацца нават такой нагодай, каб на радзіме ўшанаваць яго памяць выставай, па ўсёй верагоднасці, не ўдасца. Бо ў Беларусі, падаецца, не засталося аніводнага твора. Сапраўды, выкрунтасы лёсу. 

КАБ ДВА РАЗЫ НЕ ЕЗДЗІЦЬ 

А цяпер адправімся на госці да братоў Гараўскіх. Не паверыце, але ўсёй справы — перасекчы ўмоўную мяжу маёнтка Шэмешаў. Аказалася, Гараўскія і Шэмешы жылі па суседстве ўсё ХІХ стагоддзе, толькі што сваякамі не сталі. Устанавіць такі цікавы факт атрымалася дзякуючы беларускім гісторыкам-архівістам Яўгену Глінскаму і Юрыю Снапкоўскаму. Распрацаваны імі радавод Гараўскіх быў апублікаваны ў “Гербоўніку беларускай шляхты” (т. 4, 2016). Высветлілася, што большасць звестак пра “гераічных” і “заслужаных” прадстаўнікоў роду — фальсіфікацыі. Больш-менш праўдзівы радавод Гараўскіх герба “Кораб” пачынаецца ад Людвіка, які жыў у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Яго шматлікія нашчадкі раз’ехаліся ў розных бакі Ігуменскага павета. Нашы Гараўскія атабарыліся блізу Брадца і Барацічаў — у Наборках, Астроўках і Уборках (не блытаць з Уборкамі з Пухавіччыны, на які як месца нараджэння мастакоў паказвае “Вікіпедыя”). 

Даты і месцы нараджэння (хростаў) мастакоў Гараўскіх, прыведзеныя ў гербоўніку (не кажучы ўжо пра тыя, што сустракаюцца ў публікацыях пра Гараўскіх) варты карэкцыі. Са знойдзеных намі метрык вынікае наступнае. 

24 мая (5 чэрвеня) 1827 года ў Беразінскім касцёле ўзялі шлюб шляхетныя Гілярый Гараўскі (19 гадоў), сын Францішка і Магдалены з Туміловічаў Гараўскіх, і Марыяна Усціновіч (17 гадоў), дачка Аляксандра (а не Якава, як пішуць у розных публікацыях) і Марцыяна з Косткаў Усціновічаў. Усе яны былі жыхары ваколіцы Наборкі. 

Апалінарый Гараўскі, "Канюшына цвіце", 1895

Апалінарый Гараўскі, "Канюшына цвіце", 1895

З датай нараджэння Іпаліта, першынца Гараўскіх, маем невялічкую загадку. Лічыцца, што ён прыйшоў на свет 1 ліпеня ва Уборку. Але гэта не так. Нарадзіўся ён, як вынікае з метрык хросту, у ваколіцы Астроўкі. Што да даты, то тут усё больш складана. У першай метрыцы хросту адной вадой, які адбыўся 1 (13) ліпеня напісана, што нарадзіўся ён 25 чэрвеня (7 ліпеня). Хрост вадой правёў уніяцкі святар з Брадца. Калі ж 8 (18) жніўня дапаўнялі хрост святым алеем, то напісалі ў метрыцы, што нарадзіўся ён 1 (13) ліпеня. Вось і думай. 

Адносна даты нараджэння Апалінарыя таксама не без блытаніны. Прынята лічыць, што нарадзіўся ён 23 студзеня ва Уборку. Метрыка гэтаму катэгарычна пярэчыць. Па-першае, прыйшоў на свет ён у Наборках (непадалёк ад Уборкаў). Па-другое — 18 (30) студзеня. 

Ну і застаецца праверыць, калі і дзе прыйшоў на свет Гілярый. Лічыцца, што нарадзіўся ён ва Уборках у 1847 годзе. Калі з месцам першы раз даследчыкі не памыліліся, то з датай памылка склала год: 18 (30) снежня 1846 Гілярый нарадзіўся, а хрысцілі яго праз 5 дзён. 

Акрамя гэтай трыяды, у сям’і былі сыны, якія абралі кар’еру вайскоўцаў, — Караль (1838, Уборкі) і Гектар (1841, Уборкі) і тры дачкі — Юліяна-Схаластыка (1831, Уборкі), Феліцыяна-Паўліна (1834, Наборкі), Амелія (каля 1842). 

ПРОСТА ЎЗЯЦЬ ДЫ ПАДЗЯЛІЦЬ 

Каб чытач мог больш навочна ўявіць сабе суседства Гараўскіх і Шэмешаў, прапануем намаляваць кола і рассекчы яго напалам. З левага боку, каля ракі, будуць маёнткі і фальваркі Шэмешаў, а з правага — ваколіцы і фальварачкі, у якіх жылі Гараўскія. Таму і маршрут па іх мясцінах атрымліваецца кальцавы. Вось толькі няма ў гэтых вёсках сёння ніякага знаку, што маюць яны сувязь з мастакамі, паэтамі, пісьменнікамі. Памятныя камяні, інфармацыйныя стэнды… 

Выйсце? 

З ЦІКАВОСТАК 

У колішняй шэмешаўскай вёсцы Сяліба ў свой час працаваў настаўнікам вядомы беларускі гісторык Фёдар Чарняўскі, выдатны знаўца шляхты Менскага ваяводства часоў ВКЛ, аўтар шмат-томнага выдання “Ураднікі Менскага ваяводства XVI—XVIII стагоддзяў”, выдатнага даведніка-апавядання па гісторыі Міншчыны. 

ЗАВЯРШЭННЕ 

Падчас экспедыцыі ўсё ж удалося знайсці прыблізнае месца, дзе была капліца Шэмешаў. З кавалачкаў цэглы мы стварылі невялічкі помнік і запалілі пару знічоў у гонар братоў — паэта і мастака, а таксама ўсіх іх годных сваякоў. 

Газета "Культура" №24 ад 17 чэрвеня 2023 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Мінск—Беразіно—Барацічы—Мінск

Фота аўтара