Ліпеньскі нумар часопіса “Мастацтва”

Апублiкавана: 19 лiпеня 2023 Стужка Анонс Мінск

Аўтар: Аўтары

Культурнае жыццё не ведае адпачынку: выставы і канцэрты змяняюць адно аднаго,а тэатры, завяршыўшы чарговы сезон дома, выпраўляюцца на гастролі. Падрабязней —у ліпеньскім нумары часопіса “Мастацтва”. 

  • Чый твор можна назваць камертонам у нашай Скарыніяне? Адказ знойдзем у рэцэнзіі Пятра Васілеўскага на выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі, прымеркаваную да 115-годдзя народнага мастака БССР Аляксея Глебава. 
  • Мастацтвазнаўца Надзея Усава звяртаецца да жыццёвага і творчага шляху ўраджэнца Мінска, выпускніка Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Майсея Сляпяна — жывапісца, часопіснага графіка, аўтара жанравых карцін, артыстычных партрэтаў і жывапісных пейзажаў, створаных у першай трэці ХХ стагоддзя. 
  • Мастацтвазнаўца Галіна Нячаева больш за сорак гадоў вывучае неглюбскія тканыя ўзоры. Вынікі падарожжа ва ўласную даўніну яна і прапануе чытачам у выглядзе семіятычных нататак “Арнамент як запіс рытуалу”. 
  • Анатоль Сініла дзеліцца плёнам сваіх росшукаў страчаных твораў з даваеннай калекцыі Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. У прыватнасці карціны Леаніда Саламаткіна “Рэпетыцыя ў павеці” (“Сцэна з дзіцячага жыцця”). 
  • Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак прапануе разабрацца ў нюансах работы мастака-пастаноўшчыка, бо звычайна глядач нават не заўважае яго працы. А гэта якраз і ёсць найбольшая вартасць працы мастака кіно, упэўнены аўтар і яго герой — заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Чарнышоў. 
  • Як кароткаметражку ператварыць у поўны метр? Сабраць каманду прафесіяналаў. Што і пацвярджае кіназнаўца Наталля Сцяжко, расказваючы пра стварэнне фільма “Свежына з салютам” рэжысёра Івана Паўлава.
  • “Лета рыфмуецца з балетам”, — упэўнена наш аглядальнік Надзея Бунцэвіч. Выдатнае пацвярджэнне гэтаму “Балетнае лета ў Вялікім”, асаблівасцю якога ў гэтым годзе стаў прыезд адразу двух тэатраў — Варонежскага і Башкірскага. 
  • А Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі парадаваў прыхільнікаў новым “Севільскім цырульнікам” — амаль цалкам італьянскім па складзе пастаноўчай каманды. І беларуска-расійскім — па складзе салістаў. 
  • У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася прэм’ера спектакля Яўгена Карняга паводле зборніка апавяданняў “Умная собачка Соня” Андрэя Усачова. Яўгенія Бачыла пасля прагляду задаецца пытаннем: “Ці складана выпусціць унутранае дзіця?” А вы як лічыце? 
  • Як ужо адзначалася, тэатральнае лета насычана гастролямі. Так, Пермскі тэатр “Ля Моста” прывёз спектакль “Мачыха Саманішвілі” Барыса Рацэра і Уладзіміра Канстанцінава па аднайменнай аповесці Давіда Клдыяшвілі. Сваімі ўражаннямі ад прагляду дзеліцца Валянцін Пепяляеў. 
  • А Надзея Бунцэвіч завітала на спектаклі Санкт-Пецярбургскага ТЮГа імя А. Бранцава. Госці паказалі на сцэне нашага ТЮГа чатыры спектаклі: два дзіцячыя і два з пазнакай 16+. 
  • Зрабіць падарунак да юбілею горада? Калі ласка. Жодзінскім мастакам у гэтым дапамог пленэр, абвешчаны краязнаўчым музеем. Падрабязней — у артыкуле навуковага супрацоўніка ўстановы культуры Сяргея Візнера. 

Вядзём мастацкі рэй і надалей! Выпісвайце і чытайце часопіс “Мастацтва”.