На­тхня­ль­на. Па­тры­ятыч­на. Уз­ру­ша­ль­на

Валянцін Паўлавіч Занковіч — адзін з самых знакамітых беларускіх скульптараў. Але ва ўсіх даведніках і энцыклапедыях яго называюць архітэктарам.Справа ў тым, што статуя, як правіла, месціцца на пастаменце. А гэта ўжо архітэктурнае збудаванне. З адпаведнымі чарцяжамі, інжынернымі разлікамі, падмуркам і… бюракратыяй.

Свае галоўныя ўзнагароды — прэмію Ленінскага камсамола і Ленінскую прэмію — Валянцін Занковіч атрымаў як аўтар помнікаў у Расонах і Хатыні. Вядомы майстра і дзякуючы скульптурнай групе “Бег”, што ўпрыгожвае сталічны стадыён “Дынама”, стэле “Мінск — горад-герой”, удзелу ў стварэнні мемарыяла “Брэсцкая крэпасць- герой” і дзякуючы іншым знакавым працам. 

Мэтр, якому нядаўна споўнілася 86, уражвае бадзёрасцю і натхнёнасцю. З парога нагадваю, што восем гадоў таму пісаў пра творцаву скульптуру ляснічага, усталяваную ў Мінску каля галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, і задаю пытанне. 

— Валянцін Паўлавіч, ці рэалізавалі з той пары новыя праекты? 

— О не! 

— Няўжо працуеце ў стол? 

— Так, і з надзеяй, што калісьці гэтыя работы ўсё ж будуць дзе-небудзь устаноўлены. Тэмы ў мяне тыя ж — гераізм нашага беларускага ці, мусіць, правільней сказаць, нашага савецкага народа. Кожны дзень хаджу на працу. Праўда, шчырую ўжо не да чатырох раніцы, а да сямі вечара. 

— А калі кладзяцеся спаць? 

— У 22 гадзіны — рэгулярна на працягу многіх, многіх гадоў. 

— Валянцін Паўлавіч, чаму ж вашы скульптуры на гераічную тэматыку застаюцца незапатрабаванымі, калі ўсюды гавораць пра патрыятычнае выхаванне, подзвіг народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны? Што, па-вашаму, галоўны вораг творчасці? 

— Дык зайздрасць жа! Яна галоўны вораг. Пушкін, Лермантаў, Моцарт — прыклады яе ахвяр. Спіс можна працягваць доўга… Я пачынаў шлях у Мінскпраекце, Алег Стаховіч — у Ваенпраекце. Нам, маладым, не давалі тэм. Таму ў вольны час мы як архітэктары працавалі на больш масцітых калег. І паступова здабылі такое прызнанне, што нам даверылі работу над мемарыялам у гонар абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Разам са знакамітым Аляксандрам Кібальнікавым. Можаце ўявіць? Народны мастак СССР, лаўрэат Ленінскай і дзвюх Сталінскіх прэмій ІІ ступені, член Прэзідыума і акадэмік-сакратар аддзялення скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР, старшыня праўлення Маскоўскага аддзялення Саюза мастакоў РСФСР. Кватэра ў Аляксандра Паўлавіча была на Кацельніцкай набярэжнай. І мы ў яго ў Маскве, на Маслоўцы, у майстэрні стваралі. Выдурвалі ў мінскіх паліклініках бальнічныя ды імчаліся ў сталіцу Саюза ляпіць. 

Беларусі ў свой час вельмі пашанцавала з Машэравым. Дзякуючы Пятру Міронавічу, мы маем такія выдатныя помнікі, як у Брэсцкай крэпасці ды ў Хатыні. І, варта аддаць належнае, у апошнія гады ў краіне таксама шмат робіцца для манументальнага ўвекавечання гераічнай мінуўшчыны народа, хаця, на жаль, мае праекты пакуль незапатрабаваныя. 

“У апошнія гады ў нашай краіне шмат робіцца для манументальнага ўвекавечання гераічнай мінуўшчыны народа”.

У той жа Брэсцкай крэпасці столькі нашых задум не рэалізавана! Вось хто памятае, што абломкі цытадэлі з арыгінальным надпісам абаронцаў “Паміраем, але не здаёмся. Бывай, Радзіма!” захоўваюцца сёння ў музеі ў Маскве? А мы са Стаховічам некалі зрабілі на тым жа гістарычным месцы бетонныя сцены з метровымі пазалочанымі літарамі гэтых святых слоў. Праўда, іх потым па начах паўтара месяца падрывалі. Казалі, Суславу (уплывовы савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, ідэолаг КПСС) не спадабалася… 

— Валянцін Паўлавіч, няўжо няма каму падысці да Прэзідэнта і сказаць: “Аляксандр Рыгоравіч, у Занковіча ёсць выдатныя ідэі, давайце іх рэалізуем!”? 

— Пытанне не да мяне, а да тых, хто праз пасаду павінен думаць аб інтарэсах краіны. Мы сябравалі з Міхаілам Савіцкім. Дык вось ён казаў, што мастацтва як рака. Па цэнтры ложа ідзе сапраўдная плынь, а чым бліжэй да берага, тым больш усякіх завіхрэнняў… 

На маю думку, напрыклад, творчасць шырока разрэкламаванага Марка Шагала і ёсць гэтыя вось завіхрэнні. Пікаса ўмеў цудоўна маляваць, але ў нейкі момант зразумеў, што і крамзолі выдатна прадаюцца… 

Таму ў мяне ўся надзея на такіх хлопцаў, як Азаронак-малодшы і Шпакоўскі. Спадзяюся, яны пераломяць даўнія, але не самыя добрыя традыцыі. 

— Вы часта сустракаецеся з моладдзю. Навошта? 

— Аднойчы паклікалі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на выставу. І тагачасны міністр адукацыі Ігар Карпенка цёпла мяне павітаў. Пасля гэтага пачалі часта запрашаць да моладзі. А мне стала цікава з ёй размаўляць. У маладых пытанні самыя розныя і нечаканыя. Напрыклад, як я адношуся да лаянкі? Натуральна, адмоўна. Але я ж ваджу машыну. І езджу па Мінску — мегаполісе. Тут без моцнага слоўца складана абысціся. Аднак сказаў, што ў звычайных сітуацыях не карыстаюся ненарматыўнай лексікай. І гэта збольшага праўда (усміхаецца). 

— Дарэчы, што Вы думаеце аб сучаснай моладзі? 

— Мяркую, гэтыя хлопцы і дзяўчаты вырастуць добрымі людзьмі. У свеце цяпер вельмі неспакойна. Але разабрацца ў сітуацыі няцяжка. І наша моладзь у асноўным усё цудоўна разумее. 

— Што Вас сёння радуе? 

— Тое, што сумна ніколі не было. У мяне фенаменальная спецыяльнасць, якая заўсёды давала поўнае насычэнне, — скульптура і архітэктура. Для духоўнага жыцця няма нічога лепшага за маё рамяство. Да гэтага часу ім займаюся. Задаволены. Ніколі не кажу, што да мяне натхненне прыходзіць аднекуль звыш. Калі зробіш сорак варыянтаў аднаго і таго ж, сапраўды атрымаецца нешта ўзрушальнае. Менавіта так: “Узрушальна!” — сказаў Азгур, калі ўбачыў майго “Арфея”... 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота аўтара