Фэст тканых скар­баў

Майстрых з усёй Гродзеншчыны ў абласным цэнтры сабрала свята народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”, прымеркаванае да Года міру і стварэння.

Панямонне славіцца самабытнымі мастацкімі традыцыямі, у прыватнасці ткацтвам падвойных дываноў, белаўзорыстых ручнікоў, каляровых узор¬ ных посцілак і дываноў, габеленаў. На адраджэнне спрадвечных тэхналогій у сучасных умовах сёлета выдаткаваны грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І свята “Ад прадзіва да ткацтва” адбылося таксама за кошт гэтай падтрымкі. 

Вельмі цёплай была сустрэча з найстарэйшым народным майстрам Рэспублікі Беларусь Верай Белакоз з вёскі Ляткі. Менавіта яна з’яўляецца асноўнай захавальніцай традыцыі ткацтва падвойных дываноў на Мастоўшчыне. Прыехалі і пераемнікі ўнікальнай традыцыі: супрацоўніца Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Людміла Станеўская, нязменная кіраўніца ўзорнай студыі “Ткацтва” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Марына Камінская разам з вучнямі. 

У імправізаваным музеі пад адкрытым небам “Бацькоўскую спадчыну захаваем на вякі” выставілі прылады працы па апрацоўцы лёну, прыстасаванні для прадзення і снавання пражы. Упершыню прэзентавалі тэкстыльнае палатно “Квецень Панямоння”. Яно складаецца з міні-габеленаў, падрыхтаваных майстрамі 17 раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці. У фае Гродзенскага абласнога цэнтра можна было пазнаёміцца з экспазіцыяй габеленаў Алены Шунейка “Тэкстыльныя акварэлі”. Большасць выраблена на ўнікальных кроснах з вертыкальнай асновай, якія сканструяваў бацька мастачкі Фелікс Антонавіч у 1980-я. 

На свяце выступілі найлепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны. А ўсе ахвотныя змаглі завітаць на ткацкі падворак кожнага раёна, пабачыць тэкстыльныя вырабы, атрымаць майстар-клас “з рук у рукі” ад носьбітаў традыцый па прадзенні на калаўроце і верацяне, па ткацтве, вырабе народнага пояса. Была магчымасць сесці за сапраўдныя кросны, выткаць невялікую палоску тканіны альбо паспрабаваць з нітак змайстраваць пояс ці тэкстыльную стужачку.