Віцебскі дывертысмент

Апублiкавана: 25 лiпеня 2023 Стужка Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Вось і праляцеў ХХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Тыдзень — бы адзін дзень. Уражанняў — на ўвесь год. У абодвух конкурсах дзве першыя прэміі — нашы. Але вынік вызначаецца не толькі гэтым.

МАГІЯ ЛІЧБАЎ 

Па традыцыі, на наступны дзень пасля афіцыйнага закрыцця дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі агучыў канчатковыя лічбы: 35 краін-удзельніц, 23 лакацыі (на дзве больш, чым летась), больш як 200 мерапрыемстваў (таксама плюс 20 да мінулага года), ажно 12 выстаў (гэта больш, чым калісьці), рэкордная колькасць акрэдытаваных — 5806 чалавек, фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” наведалі больш за 100 тысяч чалавек. Дададзім яшчэ адзін неназваны рэкорд, адміністрацыйна незалежны: ніводнага дажджу. 

Лічбы і сапраўды аказваюць магічнае ўздзеянне. Але ж вымушаюць задумацца: няўжо справа менавіта ў колькасці? І ці не сведчыць гэта пра экстэнсіўны шлях развіцця? У свой час фестываль такое ўжо праходзіў, пашыраючыся да бязмежнасці. Потым арганізатары пачалі больш дбайна падыходзіць да фарміравання праграмы, пакідаючы ў ёй лепшае і папраўдзе неабходнае, адпаведнае высокай фестывальнай планцы і фінансавым паказальнікам. Няўжо зноў крок назад? 

Думаю, гэта так званы постковідны сіндром, калі колькасць прыехаўшых павінна сведчыць, што пагроза мінавала. Бо гэты фестываль — адзіны ў свеце, які не толькі не перапыняўся праз пандэмію, але і не сыходзіў з рэжыму афлайн. Ды ўсё ж у далейшым можна было б падумаць і пра некаторае скарачэнне колькасці артыстаў: вялізных гасцявых калектываў магло б быць і менш. Гэта, да ўсяго, дапамагло б вырашыць праблемы з рассяленнем і, адпаведна, дадаткова прыцягнуць турыстаў. 

Між тым дырэкцыя фестывалю дбае не толькі пра лічбы. Глеб Лапіцкі часцяком сам выступае ініцыятарам пэўных праектаў. Так, ужо цяпер ён запэўніў, што фестываль будзе і надалей актыўна развіваць асветніцкую лінію: да тэатральнай лабараторыі, што з’явілася летась і сёлета была пашырана на два дні, упершыню далучылася оперная, у якой удзельнічалі таксама канцэртмайстры, а ў наступны год будзе яшчэ адна лабараторыя — для інструменталістаў. 

ДЫК ДЗЕЦІ ЦІ ДАРОСЛЫЯ? 

Разам з фестывалем развіваўся і паступова сталеў дзіцячы конкурс. Сёлета ён канчаткова стаў своеасаблівай копіяй дарослага — з тым, хіба, адрозненнем, што па-ранейшаму праходзіць у Канцэртнай зале “Віцебск”, а не ў Летнім амфітэатры. Новаўвядзенне — выкананне першай песні, як і ў дарослых, з аркестрам. Да таго ж дзецям гэтак жа, як і дарослым, адразу пасля выступлення аб’яўляюць колькасць выстаўленых балаў (раней лічылася, што гэта можа негатыўна адбіцца на няўстойлівай дзіцячай псіхіцы). Ды ўсё ж галоўнымі прыкметамі сталення трэба лічыць куды больш высокі прафесійны ўзровень, які працягвае ўзрастаць, і, адпаведна, узровень тэхнічнай складанасці рэпертуару. 

Разам з тым дзіцячыя спевы набылі і некаторыя дарослыя праблемы — да прыкладу, узнікненне так званага “качання” голасу, што здараецца ў акадэмічных спевакоў ад перанапружання звязак, ад надта ранняга пераходу з лірычных партый на драматычныя, раз лічаныя на “сценабітную” сілу голасу. Ды і некаторыя ранейшыя праблемы, што тычыліся менавіта дзяцей, нікуды не падзеліся. Галоўная з іх — зноў-такі рэпертуар. А больш дакладна, яго тэматыка. Асноўнай тэмай застаюцца пакуты кахання, прычым на самым дарослым узроўні, што цягне за сабой і такія ж дарослыя сцэнічныя строі. 

Але ж і сапраўды, пра што падлеткам спяваць? Праслухоўванні ў чарговы раз выявілі нястачу не проста песень для тынэйджараў, а менавіта конкурсных песень такога кшталту: каб разам з падлеткавай тэматыкай (а ў гэты бок рэпертуар папраўдзе зрушыўся, што не можа не радаваць) песні мелі адпаведны ўзровень музычнай складанасці. Нагадаем таксама, што практычна любую песню можна ператварыць у конкурсную, дадаўшы да яе тыя ж кадэнцыі. 

Доказам былі выступленні нашай Сафіі Рустамавай з Брэста: прыгожы пачуццёвы тэмбр з глыбокімі нізамі і ціхімі, кранальна пяшчотнымі вярхамі (а не толькі пранізлівымі, што дасягнуць лягчэй) пры дапамозе педагога Вольгі Драздовай яна дапоўніла дэманстрацыяй розных вакальных тэхнік. Таму вядомая песня “Акрыляй” Вольгі Вараб’ёвай на словы Юрыя Саваша загучала зусім па-новаму і папраўдзе “акрыліла”, набраўшы максімальныя 70 балаў. Дзяўчыне крыху не пашанцавала, бо ў першы дзень яна пачынала конкурс, калі журы яшчэ не адладзіла сістэму сваіх адзнак, таму атрымала 66 балаў, саступіўшы Гран-пры Шархану Арыстану з Казахстана, у якога аказалася па 70 у кожны з дзён. 

Гран-пры дарослага конкурсу павезла ў Арменію Маша Мнджаян. Наш Самір Ёлчыеў з Оршы стаў лаўрэатам першай прэміі. 

АД СПАБОРНІЦТВА ДА СПА 

Але той час, калі галоўнай інтрыгай фестывалю былі менавіта конкурсныя праграмы, паступова мінае. Асабліва яскрава гэта было адчувальна сёлета, калі яшчэ больш шырока разгарнуліся шматлікія іншыя праекты. Сапраўды, у тыя ж 1990-я форум пачынаўся менавіта з конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Атмасферай спаборніцтва былі прасякнуты і іншыя праграмы: ад асобных Дзён культуры трох славянскіх краін-суседак (маўляў, чый канцэрт будзе самым крутым) да прэс-канферэнцый з зорнымі гасцямі (маўляў, хто з журналістаў задасць самае вострае і нечаканае пытанне). 

Сёння, на даволі ўнушальнай для фестывалю часавай адлегласці, відавочна супрацьлеглая тэндэнцыя: не спаборніцтва, а супрацоўніцтва. Невыпадкова дэвізам стаў выраз “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”, ператварыўшыся ў назву спецыяльнай узнагароды, якую на гала-канцэрце адкрыцця ўручае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка (сёлета яе ўладальнікам стала нязменная вядучая фестывалю — заслужаная артыстка Беларусі Алена Спірыдовіч, зорка якой была ўрачыста адкрыта на Плошчы зорак перад Амфітэатрам). 

Конкурсы, канешне, захаваліся, з гадамі іх стала куды больш: да дарослага далучыўся дзіцячы, узніклі конкурсныя праекты ў Горадзе майстроў, разнастайныя спаборніцтвы ў рамках Маладзёжнай праграмы, якія часам называліся “бітвамі”, спартыўныя гульні-турніры-змаганні. Але змянілася сама фестывальная атмасфера, стаўшы менш конкурснай і больш святочнай — асабліва пасля ўзнікнення ў 2015-м вулічнага праекта “На сямі вятрах”. Сёння наш “Славянскі базар…” — гэта далёка не толькі падзеі ў Амфітэатры, якому споўнілася 35 гадоў. Як справядліва адзначыў на адной з прэс-канферэнцый Глеб Лапіцкі, вялізнай фестывальнай пляцоўкай стаў увесь Віцебск. 

Змены адбіліся і на структуры форуму. З усіх Дзён культуры захаваліся толькі значна пазнейшыя— Саюзнай дзяржавы, дзе само азначэнне саюза сведчыць пра партнёрства, а не спаборніцтва. Конкурс адсутнічае і ў такіх праектах, як “Тэатральныя сустрэчы” і “Лялечны квартал”. Апошні стаў юбілейным, дзясятым, і ўсе яго калектывы-ўдзельнікі заўжды атрымліваюць дыпломы, дзе пазначаны найлепшыя якасці паказанага спектакля, і спецыяльныя прызы — эксклюзіўныя сувеніры, вырабленыя мастаком тэатра “Лялька” Дзмітрыем Гаралевічам. 

УРА, УРАЖАННІ! 

Фестываль усё больш рушыць у бок уражанняў, што відавочна нават па яго тэледзённіках: калі раней у іх акцэнтаваліся фестывальныя падзеі, дык апошнім часам — менавіта ўражанні, якія можна атрымаць непасрэдна ў Віцебску. Сапраўды, асноўныя канцэрты ў Амфітэатры, сустрэчы ў прэс-цэнтры атрымліваюць трансляцыі, дазваляючы далучыцца да фестывалю не толькі віцяблянам і непасрэдным гасцям горада, але і ўсім зацікаўленым з розных куткоў свету. Але ў фестывальныя дні само паветра Віцебска дыхае “Славянскім базарам”: тут кожны можа знайсці штосьці на свой густ. Ды і слова “ўражанні” ў беларускай мове невыпадкова ўяўляецца больш працяглай версіяй воклічу “ўра!”: уражанні — гэта тое, што кожны набывае і захоўвае ў сваёй памяці асабіста, яны ў кожнага атрымліваюць свае ланцужкі незабыўных эмоцый і асацыяцый. 

Сярод самых яркіх уражанняў сёлета былі папраўдзе феерычны сольнік “На крылах мары” Ірыны Дарафеевай у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, што пераўзышоў канцэрты расійскіх зорак у розныя гады; выступленні Алёны Пятроўскай з магілёўскім Заслужаным аркестрам народных інструментаў; прэзентацыя альбома “А мы будзем шчаслівыя” Руслана Аляхно, дзе спалучыліся афіцыйнасць і амаль хатняя ўтульнасць, пазіцыянуючы сямейныя каштоўнасці як тое, “з чаго пачынаецца Радзіма”; выстава “Мы патрапілі ў хронікі твае” віцебскіх мастакоў Таццяны і Юрыя Рудэнкаў, якія спалучаюць розныя тэхнікі, дасягаючы аб’ёму не толькі выяў, але і сэнсаў; спектакль-фантазія “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў” Беларускага тэатра “Лялька” паводле твораў Уладзіміра Караткевіча; прэм’ера наіўнага спектакля-буф маладзёжнага тэатра “Кола” з Віцебска і многае іншае. Сёлета як ніколі ахінала радасць за багатую айчынную культуру, якая не толькі не гублялася на фоне замежнай, але і выступала своеасаблівым хэдлайнерам усяго фестывалю, дэманструючы нацыянальныя дасягненні, годныя сусветнага ўзроўню. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

На фота: імгненні фестывалю