Самабытнасць – ключ да поспеху. Як “Дударыкі” ў Маскву завіталі

Апублiкавана: 28 лiпеня 2023 Стужка Музыка Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Ёсць у палескай глыбінцы ўнікальны дзіцячы калектыў. Сярод іншых яго можна пазнаць па самабытным гучанні: юныя музыканты граюць на рэдкіх старадаўніх інструментах, якія калісьці бытавалі на Беларусі. Анядаўна іх цудоўнае выступленне ўсхвалявала маскоўскую публіку — узорны ансамбль народных духавых інструментаў "Дударыкі" стаў лаўрэатам фестывалю Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”. Нязменны кіраўнік калектыву Любоў Занько падзялілася сакрэтамі поспеху.

— Любоў Віктараўна, раскажыце пра свой творчы шлях. У які момант вашага жыцця прыйшла ідэя стварыць дзіцячы калектыў? 

— Нарадзілася я ў горадзе Бяроза, а сяброўства з музыкай пачалося з ранніх гадоў, бо мая маці любіла спяваць, а дзядуля граў на скрыпцы. Таму з дзяцінства ведала, чым мару займацца. Пасля таго як скончыла Брэсцкае музычнае вучылішча, паступіла ў Беларускі ўніверсітэт культуры. Там і адбылася лёсавызначальная сустрэча з заслужаным артыстам Беларусі Аляксандрам Крамко, менавіта ён пазнаёміў мяне з дудкай, бо ўвесь час вучобы па спецыяльнасці я ўдасканальвала майстэрства ігры на цымбалах. 

Першая спроба стварыць калектыў, дзе будуць гучаць самабытныя народныя інструменты, адбылася ў дзіцячай школе мастацтваў г. Бяроза, дзе ў 1998 годзе я пачала сваю працоўную дзейнасць настаўнікам па класе цымбалаў. Але ў 2003-м я выйшла замуж і пераехала ў Ганцавічы. З таго часу перадаю сваё захапленне навучэнцам дзіцячай школы мастацтваў, дзе і створаны ансамбль народных духавых інструментаў “Дударыкі”. 

— Якія дзеці займаюцца ў вашым калектыве і як выбіраеце рэпертуар? 

— Цяпер у калектыве дваццаць чалавек ва ўзросце ад дзевяці да шаснаццаці гадоў, якія граюць на дудках, акарынах, жалейках, калюках, гуслях, гудках, колавай ліры, розных шумавых і ўдарных інструментах. Гэта вельмі таленавітыя і працавітыя дзеці, бо яны навучэнцы школы мастацтваў па асноўнай спецыяльнасці фартэпіяна, цымбалы, гітара, баян. Рэдкія інструменты і партыі ансамбля засвойваюць дадаткова, па ўласным жаданні збіраючыся раз на тыдзень на індывідуальныя заняткі па выбраным прадмеце і яшчэ два разы на групавыя рэпетыцыі. 

Наш рэпертуар можна назваць каларытным, бо яго складаюць творы са зборніка XVII cтагоддзя “Полацкі сшытак”, апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, мае аўтарскія творы, а таксама сучасных беларускіх кампазітараў: І. Мангушава, У. Грома, А. Крамко. Наша актыўная творчая дзейнасць і поспехі пасадзейнічалі таму, што ў 2017 годзе мы атрымалі ганаровае званне “ўзорны”, а па выніках работы за 2018-ы занесены на раённую Дошку гонару. 

— Нядаўна вы выступілі на фестывалі Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” і сталі яго лаўрэатамі — з чым мы вас віншуем! Як прайшло падарожжа і якія ўражанні засталіся? 

— Вялікі дзякуй! Калі мы пераадолелі апошні рубеж — рэспубліканскі адбор, што праходзіў у Белдзяржфілармоніі, і былі залічаны ў шэраг тых, хто паедзе прадстаўляць нашу краіну ў Маскве, — радасці не было межаў. Наш калектыў з 14 чалавек запрасілі выступіць на чатырох канцэртах. Мы былі пад вялікім уражаннем, нам аказалі прыём найвышэйшага ўзроўню. Не буду хаваць: графік аказаўся вельмі напружаным. Раніцай уставалі ў восем гадзін — і ўвесь дзень на нагах. Парадавала разнастайнасць культурнай праграмы: канцэрты, экскурсіі, віктарыны. Вельмі запомнілася сустрэча з Аляксандрам Алешкам, падчас якой дзеці атрымалі некалькі важных урокаў. Многія з маіх выхаванцаў плануюць звязаць жыццё са сцэнай, і парады вядомага артыста дакладна паслужаць ім кіраўніцтвам да дзеяння. Хачу адзначыць, што Музей Перамогі запомніўся нам не толькі як пляцоўка для канцэртаў. Пасля экскурсіі па гэтым дзіўным месцы мы адчулі мноства эмоцый. Гэта адзін з найлепшых музеяў у свеце, які варта наведаць кожнаму. Падчас выступлення пазнаёмілі публіку з песняй “Чобаты” нашага айчыннага кампазітара Галіны Гарэлавай. 

Вядома, усе нумары былі вельмі годныя, а граць на сцэне з такімі калектывамі — вялікая радасць. Публіка сустрэла нас бурнымі апладысментамі. Спадзяёмся паўдзельнічаць у фестывалі яшчэ раз. Хочацца больш падобных конкурсаў, бо яны даюць унікальную магчымасць для абмену культур. Па адчуваннях за гэтыя дні мы пражылі маленькую яркую гісторыю. Дзеці вярталіся дадому са слязамі, бо на фестывалі знайшлі сяброў ды творчых аднадумцаў і атрымалі шмат новых уражанняў. 

— А што далей у творчых планах? 

— Рыхтуем гадзінную праграму, якая складаецца з дваццаці пяці твораў, каб атрымаць званне “Заслужаны калектыў”. Таксама працягнем адраджаць дарма забытыя гучанні і прыцягваць увагу людзей да беларускай народнай культуры. Вельмі спадзяёмся, што нашы задумы здзейсняцца.

Настасся ЮРКЕВІЧ

Фота з архіва гераіні

Узнагароды ўзорнага ансамбля народных духавых інструментаў "Дударыкі":

• Дыплом Лаўрэата I ступені “Звіняць цымбалы і гармонік” (г. Паставы, 2018 г.) 

• Дыпломы Лаўрэатаў I ступені і Гран-пры Рэспубліканскага конкурсу музычнага мастацтва Беларусі “Спадчына” (г. Заслаўе, 2019, 2021 гг.) 

• II Абласны конкурс інструментальных калектываў “Берасцейскі калейдаскоп” (г. Брэст, 2020 г.) 

• XXVII Стаўбцоўскае адкрытае абласное святаконкурс юных музыкантаў “Сымон-музыка” (г. Стоўбцы, 2021 г.) 

• IV Міжнародны тэлепраект “Кубак Дружбы” (г. Мінск, 2021 г.) 

• Міжнародны конкурс музычнай творчасці “Моя мелодия” (г. Масква, 2021 г.) 

• Гран-пры XXIII Абласнога конкурсу духавой музыкі “Фанфара” (г. Пінск, 2022 г.) 

• Гран-пры X Рэспубліканскага конкурсу дзіцячага мастацтва "Львёнок" (г. Ліда, 2023 г.) 

• Гран-пры абласнога свята-конкурсу “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!” (в. Парэчча, 2023 г.)