Культурная “хата” ў жніўні багата

Апублiкавана: 31 лiпеня 2023 Стужка Народная творчасць Мінск

Аўтар: Аўтары

Жнівеньскі каляндар брэндавых мерапрыемстваў адкрывае Свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”. У Мсціславе 5 жніўня аматары гістарычных рэканструкцый убачаць паказальныя выступленні лучнікаў, конныя спаборніцтвы і рыцарскія турніры. Акрамя таго, запланавана насычаная музычнатэатральная праграма, вогненнае і лазернае шоу, а на працягу ўсяго часу на тэрыторыі фестывалю будуць праходзіць інтэрактыўныя гульні з гледачамі.

Распачне насычаную праграму наступных выхадных Рэспубліканскі сацыяльна-культурны праект “Фестываль дзвюх рэк”, які адбудзецца 11 і 12 жніўня ў Докшыцах. Мерапрыемства пачнецца са святочнага шэсця гасцей і ўдзельнікаў, якое накіруецца на бераг гарадскога возера, дзе з раніцы да вечара пройдзе мноства забаў на любы густ.

Адразу ў трох рэгіёнах 12 жніўня пройдуць яркія фестывалі. У праграме свята “Іўеўскі памідор” — тэатралізаваныя паказы, канцэрт калектываў аматарскай творчасці і выстава-продаж сувенірнай прадукцыі. Усе ахвочыя змогуць паўдзельнічаць у майстар-класе “Памідорны бум”, а таксама ацаніць смак традыцыйных страў.

У гэты ж дзень у вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна адбудзецца экалагічны фестываль “Спораўскія сенажаці”. Акрамя галоўнага конкурсу касцоў, запланаваны спаборніцтвы па “балотным футболе”. Госці свята змогуць наведаць станцыю кальцавання птушак, вяровачны гарадок, прайсці экалагічную сцежку або асвоіць навыкі веславання на байдарках.

А ў рамках святкавання 800-гадовага юбілею Нясвіжа 12 жніўня адбудзецца фестываль гістарычных рэканструкцый “Нясвіж старажытны”. У праграме — сярэднявечныя рыцарскія паядынкі, батальныя сцэны, пешыя і конныя турніры. Таксама на сцэнічнай пляцоўцы пройдуць выступленні калектываў, якія выконваюць музыку XVI—XVIII стагоддзяў.

Міжнародны фестываль фальклору “Мотальскiя прысмакi” разгорнецца 12 і 13 жніўня. Госці аграгарадка Моталь, што на Брэстчыне, прымуць удзел у тэатралізаваным шэсці-адкрыцці, вялікім святочным канцэрце і круглым стале “Нацыянальная кухня — ключ да сяброўства народаў”. Акрамя таго, запланаваны фестывальны баль, майстар-класы палескіх бытавых танцаў, пляцоўкі народнай музыкі і гумару, шматжанравы фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці “Мотальскія перазвоны”, вячэрняе фолк-шоу і святочны феерверк.

У дзень ушанавання Жыватворнага Крыжа Гасподняга, Божай Маці і святых пакутнікаў семярых братоў Макавеяў (14 жніўня) у Магілёўскай вобласці правядуць фестываль “Макавей”. Паломнікі пройдуць хросным ходам на асвячэнне помніка прыроды “Блакітная крыніца” і акунуцца ў яго воды. Таксама тут адбудуцца рэгіянальнае свята-конкурс “Спас — усяму час”, выстава-кірмаш майстроў народных мастацкіх рамёстваў, пчаляроў і шмат іншага.

Фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі” запланаваны на 18 і 19 жніўня. Мэта фэсту — захаванне культурных традыцый Дрыбіншчыны і народных рамёстваў, галоўным сярод якіх з’яўляецца дрыбінскае шапавальства. У рамках мерапрыемства пройдзе шэсце ўдзельнікаў фестывалю, будуць працаваць дзве канцэртныя пляцоўкі, а ў зоне “Горад майстроў” прадставяць розныя майстаркласы па народных рамёствах.

У Свіслачы, што на Гродзеншчыне, 19 жніўня пройдзе Каравай-фэст “Бацькава булка”. Для гасцей свята падрыхтуюць выставу хлебных шэдэўраў “Бацькаўшчына”, конкурсы вырабаў з цеста сярод прафесійных пекараў, прысвечаных гістарычным аб’ектам Беларусі, а таксама на лепшы хатні выраб.

Гастранамічны фестываль-свята “Хлеб, сыр, квас і добры настрой” збярэ гурманаў і вытворцаў прадуктаў харчавання 26 жніўня. У Навагрудку на тэрыторыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Лідар” прадставяць сваю прадукцыю вытворцы раёна, а ўсе ахвочыя змогуць пакаштаваць сыр, хлеб, квас і не толькі!

У гэты ж дзень у гісторыка-мемарыяльным музеі “Сядзіба Нямцэвічаў” запланаваны фестываль традыцыйнай беларускай кухні “Скокаўскія спасоўкі”. У праграме — касцюміраванае шэсце, тэатралізацыя, кірмаш, выстава-продаж работ народных майстроў, канцэртныя праграмы і праца інтэрактыўных пляцовак.

НА ЖНІВЕНЬ ТАКСАМА ЗАПЛАНАВАНА ШМАТ ІНШЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ. ПАДРАБЯЗНАСЦІ — НА САЙЦЕ МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ.