Каб трымалі строй цымбалы

Апублiкавана: 02 жнiўня 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Чаму дзіця кідае музычную школу? Як заахвочваць навучэнцаў? Дзе браць цікавы матэрыял? Адказы на пытанні — у інтэрв’ю з Таццянай Краснабаевай, якая ўжо 20 гадоў працуе педагогам у мінскай музычнай школе мастацтваў № 10 імя Я. Глебава, а нядаўна выдала трэці зборнік цымбальнай музыкі для дзяцей і юнацтва.

Таццяна Аляксандраўна з’яўляецца членам Беларускага саюза музычных дзеячаў і Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў, канцэртуе. Пра складанне нотных зборнікаў распавядае, пачынаючы з галоўнага. 

— Хіба можна граць музыку і не любіць яе? Дзеці з задавальненнем развучваюць тое, што ім падабаецца. Спачатку новую п’есу выконваю я, вучань успрымае на слых. Калі твор не чапляе, шукаю іншы. Часта не падабаецца не сама мелодыя, а складанасці: усе прывыклі націснуць на кнопку і атрымаць вынік. Але так не бывае ні ў музыцы, ні ў спорце — гэта штодзённыя шматгадовыя і шматгадзінныя трэніроўкі, а настойлівасць і ўменне працаваць выхоўваюцца з цягам часу. Да таго ж стараюся рабіць відэазапісы ў працэсе падрыхтоўкі нумара і канцэртных выступленняў, каб быў прыкметны рост навучэнца. 

Што тычыцца зборнікаў, гэта адбылося натуральна: за гады працы назапасіла вялікую колькасць перакладанняў фартэпіянных, вакальных і кларнетных твораў. Да іх дадала ўласныя канцэртныя п’есы ды эцюды. З рэпертуарным дэфіцытам сутыкаюцца ўсе педагогі-цымбалісты. Асабліва не хапае эцюдаў. Іх я раблю адрасна. Мяркую, прыемна пачуць: “Маша, я спецыяльна для цябе напісала эцюд!” Гэта ж і ёсць індывідуальны падыход! Ствараю, арыентуючыся на магчымасці канкрэтнага вучня, каб развіццё тэхнікі суправаджалася прыгожай мелодыяй, і, здаецца, у мяне гэта атрымліваецца. Наогул, рабіць для дзяцей непрыгожую музыку — злачынства. 

— Але ж беларускія кампазітары пішуць для цымбалаў? 

— Так, і гэта выдатна! Яны прафесіяналы, кіруюцца ідэяй, якую ўвасабляюць у гуках. Аднак дзяцей трэба тэхнічна дарасціць да падобных твораў. Кампазітар наўрад думае, ці зручна граць яго музыку вучню трэцяга класа. Я хачу сказаць, што тыя, каго мы ведаем як кампазітараў, для сучаснікаў былі віртуознымі выканаўцамі — Паганіні, Вяняўскі, Сарасатэ... У першую чаргу яны пісалі п’есы для сябе, а цяпер гэта канцэртны рэпертуар скрыпача. Але ці ёсць у нас прафесійныя кампазітарыцымбалісты? Прыроду інструмента лепш за ўсё можа раскрыць той, хто валодае мастацтвам ігры на ім. Я не кампазітар, але ведаю прыроду інструмента і добра ведаю дзяцей. Калі пішу для іх — раблю гэта лагічна, зручна для ігры і багата па гучанні. Так, каб у навучэнца павялічваліся шанцы на паспяховае канцэртнае выступленне, а не закручваліся ў вузел рукі ад нязручнай аплікатуры, бо на пачатковым этапе кожная нота — велізарная цяжкасць. І толькі радасць першых поспехаў падахвочвае браць новыя вяршыні. 

— А як вы ставіцеся да папулярнай музыкі, мелодый з камп’ютарных гульняў, кінафільмаў? 

— Часам даводзіцца ісці на кампрамісы — у якасці выключэння, калі дзіця катэгарычна адмаўляецца граць умоўнага Моцарта і хоча развучыць мелодыю з “Губкі Боба”. Я супраць прымітыўнасці. Мая задача — развіваць інтэлект і душу. Я прыхільнік нясумнай класікі, а кампазітары, паверце, заўсёды ўмелі жартаваць! 

— З якімі яшчэ праблемамі сутыкаецца настаўнік па класе цымбалаў? 

— Галоўная — набор дзяцей. Калі пацікавіцца ў любой музычнай школе, на якія інструменты падаецца больш за ўсё заяў, то ў 90 % выпадкаў гэта будзе фартэпіяна, гітара. На жаль, бацькі маюць павярхоўнае ўяўленне пра цымбалы, часта памылковае, як пра інструмент для сельскіх свят. Між тым цымбалы гучаць на ўрачыстасцях, дыпламатычных сустрэчах, гэта адзін з сімвалаў і культурнае багацце Беларусі, брэнд краіны, але недастаткова раскручаны. Да нас у асноўным трапляюць дзеці, якія не вытрымалі конкурс на фартэпіяна. Засмучаным бацькам тлумачым: адначасова можна асвойваць два інструменты, а шанцы выйсці на філарманічную сцэну, граючы на цымбалах, значна вышэйшыя, чым у піяністаў. 

— Дзе выступаюць вашы вучні? 

— Старшакласнікі граюць у аркестры народных інструментаў пад кіраўніцтвам Ірыны Каленчыц. Цымбалістаў актыўна прыцягвае ў музычныя пастаноўкі ансамбля “Шумавічок” наш таленавіты кампазітар Яўген Ларыёнаў. Моцныя выхаванцы саліруюць з класічным камерным аркестрам пад кіраўніцтвам Андрэя Варламава. Для паспяховага развіцця дзяцей у школе створаны ўсе ўмовы, толькі займайся! 

Вучні нашага аддзялення могуць граць у цымбальным ансамблі “Музыкі”. Яго старэйшы склад вядзе Алена Дзегцярова, а з малодшым працую я. Нядаўна мы аб’ядноўвалі два гурты ў адзін вялікі аркестр. Ледзь знайшлі 18 цымбалаў для грандыёзнага філарманічнага выступлення, але свята атрымалася: і для нас, і для дзяцей, і для бацькоў. На жаль, з буйным калектывам кудысьці паехаць складана. Але ў апошнія гады заслужылі давер анлайн-спаборніцтвы, і мы ўжо маем Гран-пры I Міжнароднага конкурсу музыкі і мастацтваў Heart of Asia (Пекін, Кітай, 2023). Я ганаруся тым, што ансамбль маіх малодшых выхаванцаў некалькі разоў заваёўваў першыя месцы і Гран-пры міжнародных форумаў. Таксама ў маім класе вучацца лаўрэаты ў сольных намінацыях.

— Чым яшчэ прывабліваеце дзяцей? 

— Я вельмі люблю сваю працу. Вучні бачаць мяне не толькі ў ролі настаўніка, але і ў якасці артыста, нават канкурсанта. У маі ўдзельнічала ў творчым спаборніцтве прафесійных музыкантаў у Японіі: было 84 заяўкі — мы ўзялі бронзу! Яна даражэйшая за золата. Бацькі з вучнямі глядзелі прамую трансляцыю і хваляваліся за мяне. Прыемна мець такую падтрымку. 

Мы граем барока, класіку, сучасную музыку, шмат выступаем, і слухачы заўсёды захапляюцца, таму што гукі народных інструментаў пранікаюць у самае сэрца, бяруць за душу. Азіраючыся на сваю падрыхтоўку, разумею, што галоўнае не якому прадмету вучылі, а хто і як гэта рабіў. Важны сам педагог. Увогуле, ва ўсіх сферах жыцця асноўным з’яўляецца фактар асобы: калі людзям падабаецца з вамі ўзаемадзейнічаць, яны да вас цягнуцца. 

— Якія плюсы і мінусы музычнай адукацыі ў Беларусі вы бачыце? 

— Наша класічная музычная адукацыя знаходзіцца на годным узроўні дзякуючы прафесійным педагогам і даступнасці падрыхтоўкі ў музычнай школе, каледжы, ВНУ. Усюды працуюць на майстэрства валодання інструментам, але… Не навучаюць, як прадаваць свае ўменні, як прасоўваць сябе, як быць для сябе ж канцэртным менеджарам. Трэба надаць увагу і рабоце ў нотным рэдактары Finale, гэты навык павінен быць у кожнага з музыкантаў. 

— А што параіце маладым артыстам? 

— Вядзіце відэаархіў уласных выступленняў, запісвайце гатовыя праграмы на CD, аўтарскія перакладанні не занатоўвайце алоўкам, а набірайце ў нотным рэдактары і выпускайце на паперы, выкладвайце ролікі на YouTube-канале. Стварыце свой сайт, дзе будзе інфармацыя пра вас, вашу творчасць, форма зваротнай сувязі. Усе гэтыя інструменты цяпер важныя. Памятаеце прытчу, у якой шаман падчас засухі сказаў рыхтаваць равы для дажджу? “Але ж дажджу няма”. — “Рабіце равы, і дождж прыйдзе”. Не варта марыць, варта мець намер. Дакладны намер фарміруе патрэбныя падзеі нашага жыцця. У мяне гэта працуе. 

— Дзякуй, Таццяна Аляксандраўна, за каштоўныя парады. Няхай вашы цымбалы заўсёды трымаюць строй і дораць самы добры настрой! 

Святлана НАРЭЙКА 

Фота з архіва гераіні