На­тхнё­ныя спад­чы­най

Чарговы выпуск адбыўся ў вышэйшых навучальных установах, а напярэдадні ўрачыстасцей студэнты творчых спецыяльнасцей прэзентавалі экспертам фінальныя праекты. “К” завітала на абарону дыпломаў мастачак-тэкстыльшчыц у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Выкладчыкі кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма адной з галоўных задач бачаць захаванне беларускіх традыцый і іх пераасэнсаванне ў сучасных напрамках тэкстылю. Наколькі ў студэнтак атрымліваецца спалучыць валоданне класічнымі тэхнікамі і нестандартны падыход — кажуць ацэнкі. Усе пяць дыпломніц атрымалі ад дзяржаўнай камісіі дзясяткі. Варта адзначыць ідэйны складнік работ: кожная выпускніца ўзялася за пераасэнсаванне нашай спадчыны. Работы натхнёныя класікай літаратуры і жывапісу, жыццярысамі ўплывовых асоб мінуўшчыны. Цікавасць да мясцовых багаццяў, дасведчанасць у роднай культуры не можа не ўсцешыць.

ЖАНОЧАЕ АБЛІЧЧА ДАЎНІНЫ 

Маргарыта Шчытнікава прадэманстравала калекцыю аўтарскіх тканін і тэкстыльных аб’ектаў “Радзівілы. Скрозь час”. Яна стварыла вобразы пяці прадстаўніц роду Радзівілаў: Ганны Кацярыны, Барбары, Марыі Дароты, Францішкі Уршулі і Эльжбеты. У кожным касцюме праз малюнак і каларыстычнае рашэнне перададзены ўнікальны лёс кожнай гераіні, яе ўнутраны свет. Калекцыя інтэр’ерных тканін уключае буйна- і дробнаўзорыстыя, абстрактныя, клятчастую і кампаньён. Іх каларыт вытрыманы ў шэра-блакітных тонах з украпінамі. На думку аўтаркі, такая гама адлюстроўвае час і бязважкасць. 

Што да працэсу нараджэння работ, перш-наперш дзяўчына адправілася ў Нясвіжскі замак, каб наталіцца духам гісторыі ды сабраць неабходную інфармацыю. Вядома, фотаздымкі так не заахвоцяць да творчага прысвячэння, як жывое знаёмства з раскошнымі інтэр’ерамі і артэфактамі. Якраз з узораў на пячной кафлі і на ўсялякім начынні залаў, з фактуры інкруставаных драўляных панэлей нарадзіліся матывы калекцыі. 

ЛЯЦІМ ДА ЗОР! 

Да набыткаў Язэпа Драздовіча ў сваім праекце звярнулася Марыя Гапіенка. Яна распрацавала пяць дываноў, прысвечаных нябесным целам, якія славуты мастак наведваў у снах, а пасля выяўляў на карцінах і апісваў у дзённіках. Перад гледачом паўстаюць Зямля, Сатурн, Месяц, Марс і Венера. Вядома, гэта не паўторы касмічных палотнаў, а самабытныя творы-прысвячэнні.

Кампазіцыі ў шырокай рамцы ствараюць ілюзію партала між планетамі. Падобны ход часта выкарыстоўваў сам Драздовіч, у тым ліку ў славутых маляванках. А стылістыка малюнка базуецца на стылі мадэрн. “Менавіта ў гэты перыяд мастак вучыцца ў рысавальнай школе, і пасля ў яго работах прасочваюцца рысы гэтага стылю”, — тлумачыць Марыя. 

ГІСТАРЫЧНЫ ДЭТЭКТЫЎ 

Сівой даўніной таксама натхнялася Анастасія Лагуценка. Яе калекцыя тэкстыльных аксесуараў “Тайны Гальшанскага замка” прысвечана лёсу архітэктурнага помніка. На 10 хустках паказаны сам будынак і яго ваколіцы ў часы росквіту, артэфакты і сучаснае жыццё гісторыка-культурнай каштоўнасці. Мастачка ладзіць своеасаблівую пераклічку эпох. Напрыклад, яе сюжэтамі становіцца рыцарскае спаборніцтва сапраўднае і сучасная рэканструкцыя баталіі, дзе сярод гледачоў ужо не дамы ў пышных сукенках, а турысты са смартфонамі. 

ПАЭЗІЯ Ў ТКАНІНАХ 

Паэзію Максіма Багдановіча як пункт адліку для сваёй работы абрала Таццяна Сохава. Для дыпломнага праекта “У Зачарованым царстве” паводле аднайменнага цыкла вершаў яна распрацавала калекцыю тканін і тэкстыльных аксесуараў. “Традыцыйныя беларускія міфалагічныя матывы, расказаныя Багдановічам, выклікаюць асацыяцыі з прыроднымі колерамі. Мы глядзім на герояў вачыма паэта, апынаемся сярод апісаных ім пейзажаў і бачым цёмныя ды глыбокія сінія, зялёныя адценні”, — зазначае Таццяна. 

ВІЗУАЛІЗАВАЦЬ НЯБАЧНАЕ 

Перадаць вобраз радыяцыі і яе ўплыў на навакольнае асяроддзе, унёсак беларускіх навукоўцаў у развіццё радыебіялогіі — такую задачу паставіла сабе Марыя Вавулава. Тэма наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС блізкая аўтарцы: катастрофа адбілася на жыцці яе сям’і. Праз мастацкія вобразы дзяўчына імкнулася нагадаць пра важкасць той падзеі і зацвердзіць перамогу жыцця. Вынікам сталі аўтарскі габелен і калекцыя тканін. 

Данііл ШЭЙКА