Шляхам Міцкевічаў і Семірадскіх

Наша падарожжа пройдзе ў межах двух раёнаў Беларусі, тэрыторыя якіх калісьці была цэнтрам Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Галоўныя героі вандроўкі — паэт Адам Міцкевіч і мастак Генрых Семірадскі, продкі якіх стагоддзямі жылі на гэтай зямлі. А нагодай распрацаваць маршрут стала тое, што і паэт, і мастак сёлета — юбіляры.

ЧАСТКА І. МІНСК — БАРАНАВІЧЫ 

Дзень абяцаўся быць доўгім, таму выязджаць прыйшлося яшчэ ўначы. Сонны вагон цягніка пад мерны перастук колаў нёс мяне з адной малой радзімы ў другую. Так, такое здараецца. Гэтым разам “пунктам адліку” маршрута былі запланаваны Баранавічы — горад, які за кароткі час вырас з невялічкай прыстанцыённай вёскі да моцнага чыгуначнага вузла з насельніцтвам амаль 200 тысяч чалавек. На пачатку ХІХ стагоддзя гаспадарыў на гэтых абшарах былы наваградскі ваявода Юзаф Несялоўскі. Ян Чачот, наш знакаміты паэт і фалькларыст, сябра Адама Міцкевіча, прысвяціў Несялоўскаму, вядомаму сваім жорсткім абыходжаннем з сялянамі, баладу “Узногі” (цяпер вёсачка з такой назвай інтэграваная ў межы горада). Бацька Чачота некаторы час быў эканомам аднаго з маёнткаў Несялоўскага Новая Мыш (цяпер паўночна-заходні прыгарад Баранавічаў), таму Ян ведаў гісторыю з першых, як кажуць, рук. Дарэчы, блізу Баранавічаў шмат знакавых для Беларусі мясцін. Прыкладам, Крашын, вядомы паэтам-кавалём Паўлюком Багрымам і ксяндзом-народнікам Войцехам Магнушэўскім. Або вёска Грушаўка, радзіма знакамітага дзеяча Тадэвуша Рэйтана, чыё імя залатымі літарамі ўпісанае ў нашу гісторыю. Робячы перасадку на аўтавакзале, звярніце ўвагу на афармленне Ляхавіцкай платформы. На табло змешчана выява сядзібы Рэйтанаў (!). 

БАРАНАВІЧЫ — СВІЦЯЗЬ 

Аўтобусам прастуем на поўнач. Першы прыпынак — Вялікая Каўпеніца. Да 1430 года ўласнасць Вялікага князя Вітаўта. У сярэдзіне XVIII стагоддзя вёска і фальварак Малая Каўпеніца (цяпер на яго месцы калгасная ферма) арандаваў берасцейскі земскі суддзя Адам Анцута, дзед Ігната Дамейкі (яшчэ адзін сябра Міцкевіча, філамат, сусветна вядомы геолаг). Першынец Адама Ян, народжаны ў Каўпеніцы каля 1755 года, увайшоў у нашу гісторыю як адзін з найбуйнейшых паэтаў часу Асветніцтва (гл. “К” № 38, 2018). Пазней Анцуты перабраліся за некалькі кіламетраў на ўсход, у Сачыўкі, у якіх у 1772 годзе нарадзілася Караліна, маці Ігната Дамейкі. А яшчэ праз некалькі гадоў у Каўпеніцы ўзялі шлюб Маджарскія, дзяды з боку маці славутага беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі (!). 

Далей дарога вядзе нас у Сталовічы (раней Стваловічы). Першыя згадкі вёскі прыпадаюць на XIV стагоддзе. У 1609-м для свайго сына Жыгімонта Радзівіла Мікалай Радзівіл “Сіротка” заснаваў тут першую ў Рэчы Паспалітай камандорыю Мальтыйскага ордэна. У 1639-м у збудаванай Ларэтанскай капліцы знайшоў апошні спачын першы з беларускіх Рэйтанаў, Ян (прапрадзед Тадэвуша). Пазней над капліцай надбудавалі касцёл у гонар Яна Хрысціцеля (з 1868 года — праваслаўная царква). Паміж гэтымі датамі ёсць яшчэ адна, вартая згадкі. У 1771-м тут адбыўся начны бой паміж войскамі Барскіх канфедэратаў (іх вялікалітоўскай “секцыі”) на чале з Вялікім гетманам літоўскім Міхалам Казімірам Агінскім (мецэнат, кампазітар, драматург) і войскамі рускага генерала Аляксандра Суворава. Параза Агінскага стала вынікам здрады — гарматы былі набітыя саломай, варта “спала”, а на адной з вежаў касцёла ў начной вераснёўскай цемры нехта запаліў агеньчык-маячок. 

Мінаем Арабаўшчыну. Як і Сталовічы, раней яна мела іншую назву — Арабінаўшчына. Але за савецкім часам старая і зразумелая назва (арабіны) змянілася на нейкую чужынскую (арабы). Сёння вёска адметная помнікам ваеннаму лётчыку Уладзіміру Карвату, які загінуў тут у 1996 годзе падчас авіякатастрофы. Пасмяротна Карват быў удастоены звання “Герой Беларусі”. 

Калі ў Арабаўшчыне збочыць управа, то за знакамітым Калдычаўскім возерам (гл. баладу Яна Чачота “Калдычаўскі шчупак”) знойдзецца фальварачак Завоссе, дзе ў адноўленай “з нуля” сядзібе працуе музейчык Адама Міцкевіча (які, хутчэй за ўсё, нарадзіўся тут), месца міжнароднага турыстычнага паломніцтва і правядзення штогадовага літаратурна-музычнага фестывалю “Восень у Завоссі” (гл. “К” №44, 2021). У часы Першай сусветнай вайны гэтыя мясціны сталі месцам жудаснага супрацьстаяння нямецкіх і расійскіх войскаў. У ліпені 1916 года ў выніку катастрафічных пралікаў расійскага камандавання у г.зв. “Даліне смерці” за нейкі тыдзень загінулі многія дзясяткі тысяч салдат імператарскай арміі. Пазней, у часы Другой сусветнай вайны, у Калдычаве немцы стварылі канцлагер, змрочная памяць пра які жыве і па сёння. 

Гарадзішча — невялічкае мястэчка. Ёсць у ім дзве цікавосткі: былая ўніяцкая, а цяпер праваслаўная Крыжаўзвіжанская царква (1764?) і былы кальвінісцкі збор (XVII ст.) — пазней касцёл, потым праваслаўная царква, а цяпер касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Блізу мястэчка, ля самых вытокаў Шчары, некалі месціўся маёнтак Бурдыкоўшчына, дзе 26 верасня 1794 года прыйшоў на свет Ануфры Петрашкевіч, яшчэ адзін сябра Адама Міцкевіча, філамат і архівіст. Раней лічылася, што нарадзіўся ён у Шчучыне. 

Калі мястэчка Гарадзішча знаходзіцца з правага боку ад дарогі, то з левага, усутыч з трасай, высіцца сапраўдная гара, паменшаная копія афрыканскай Кіліманджара. Зімой, пэўна, калі на гэтай гары ляжыць снегавая шапка, падабенства яшчэ большае. Краязнаўцы лічаць, што тут мог калісьці быць “рэзервны” горад караля Міндоўга, на той выпадак, калі Наваградку будзе пагражаць сур’ёзная небяспека. Навукоўцы нібы прынцыпова не пярэчаць, бо апошні раз гарадзішча засялялася ў ХІІІ стагоддзі. Ды яшчэ і пазнейшы статус Гарадзішча як вялікакняскага двара (ХV стагоддзе) быццам бы на тое паказвае… 

Свіцязь. На гэтым возеры я быў незлічоную колькасць разоў (першы раз у школьныя гады), некалькі разоў ночыў на беразе, спадзеючыся на сустрэчу з “прывідамі” Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі (гл. балады Адама Міцкевіча “Свіцязь” (1820) і “Свіцязянка” (1821), а таксама баладу “Свіцязь” (1818) Яна Чачота). 

На гэтым мы завершым першую частку вандроўкі. Працяг будзе не менш цікавы. 

Газета "Культура" №26 ад 7 ліпеня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара