Як стаць мільянеркай?

Апублiкавана: 04 жнiўня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Зрабіць гэта цяпер прасцей: дастаткова дачакацца пачатку новага сезона і прыдбаць квіток на аднайменны спектакль Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. “Мільянерка” паводле Шоу дапаможа!

Не, гэта не навамоднае шоу, дзе вы паспрабуеце выйграць мільён ці хаця б адчуеце сябе заможнымі. Гэта п’еса Бернарда Шоу, у цяперашняй пастаноўцы якой даюцца абсалютна дакладныя рэкамендацыі. Іх тры. Першы спосаб — мець бацьку-мільянера, як у Эпіфаніі (Наталля Анішчанка). Другі — мець прадпрымальніцкую жылку, як у гэтай жа гераіні (і, дададзім, каб ніхто не перашкаджаў). Нарэшце, трэці — удалы шлюб, што прынясе багацце і, галоўнае, узаемнае каханне з яго ўладальнікам, як гэта здараецца з доктарам (Яўген Іўковіч). 

Да гэтага драматургічнага матэрыялу звяртаўся калісьці наш кампазітар-класік Яўген Глебаў, стварыўшы ў 1986-м аднайменную музычную камедыю, якую часам называлі таксама аперэтай. Насамрэч яна была практычна мюзіклам, проста ў тыя часы слова гэтае было, так бы мовіць, ганебным, псавала аблічча савецкага чалавека. Між тым глебаўская “Мільянерка” была пастаўлена спярша ў Маскве, праз год у нас, следам у Кемераве, Ташкенце і ўжо ў 2005-м у Сыктыўкары (Рэспубліка Комі). Праўда, у тым колішнім спектаклі нашага Музычнага тэатра, які тады называўся больш сціпла — Тэатрам музкамедыі, грошы былі на другім плане. А на першым — характары двух моцных чалавек. І каханне. Вялізным захапленнем было сачыць не толькі за спевамі, але і найперш за акцёрскай ігрой Наталлі Гайда і Рыгора Харыка, героі якіх спачатку не маглі прызнаць свае пачуцці, маскіруючы іх пад нянавісць ці абыякавасць, ды выдавалі сябе няўлоўнымі дэталямі, заўважнымі гледачу. А вось муж гераіні са сваёй каханкай, як і прынята ў музычна-камедыйных жанрах, маляваліся сакавітымі парадыйнымі фарбамі, выклікаючы смех у зале. Дзеянне развівалася неверагодна імкліва: некаторыя музычныя нумары, што скрозь пранізвалі яго разгортванне, працягваліся крыху больш за хвіліну. Тэмпарытм спектакля, яго энергетыка папросту зашкальвалі. 

У новай камедыі Маладзёжнага тэатра ўсё зусім іначай. Часам з поўным разваротам на 180 градусаў. І справа не толькі ў тым, што ў Музычным валадарыла не п’еса, а музыка. Лібрэта ж паводле п’есы, вершы і саму пастаноўку стварала Вольга Іванова з Масквы, якая дагэтуль працавала ў Міністэрстве культуры Расіі, а потым была рэжысёрам і нават кіраўніком некалькіх вядучых оперных тэатраў, заснаваўшы Міжнародны оперны цэнтр і ўласны камерны тэатр. 

У цяперашняй “Мільянерцы” рэжысёр Таццяна Аксёнкіна амаль цалкам ідзе за п’есай, захоўваючы ўсе працяглыя дыялогі. Не імкнецца неяк “расфарбаваць” іх пластычнымі рашэннямі, нейкімі “поліфанічнымі” прыдумкамі з рэзкім разыходжаннем слоў і дзеянняў. Яна з замілаваннем ставіцца да Аластэра (Аляксей Шутаў) і Патрыцыі (Кацярына Раманнікава). Невыпадкова ў руках гэтай закаханай пары апынаюцца клубкі нітак, утульнае хатняе вязанне, якое персанажы бяруць з сабой нават у гатэль. Тым самым падкрэсліваецца іх права на ціхае сямейнае шчасце без аніякіх вулканічных выбухаў, уласцівых неўтаймоўнай Эпіфаніі, якой трэба кудысьці скідваць сваю энергію, каб тая не прывяла да самаразбурэння асобы. У каханне галоўных герояў чамусьці не верыцца: гэта хутчэй партнёрства, дзе немалаважную ролю адыгрываюць прыналежнасць персанажаў да Захаду і Усходу. Наколькі тое партнёрства будзе ўзаемавыгадным, у спектаклі не зусім зразумела: мільянерка верыць у магчымасць несці людзям дабро — з дапамогай доктара, які мае талент укладаць у тую дабрыню грошы. Ды толькі нейкія хітрыкі прабягаюць у яго вачах — ці то мне проста здалося? 

У параўнанні з п’есай, спектакль адмаўляецца ад аўтарскага фіналу з услаўленнем шчаслівага жыцця ў СССР, дзе, маўляў, ёсць усе магчымасці для развіцця прадпрымальніцкіх і арганізатарскіх талентаў. Сэнс аповеду — у дэманстрацыі розных мадэляў сямейнага шчасця, выбар між якімі пакінуты гледачам: камусьці трэба мілае, спакойнае гняздзечка, камусьці — бурленне акіяна, атмасфера вечнай барацьбы, дзе “спакой нам толькі сніцца”. Так яно і ёсць, ды ўсё ж... глядзець спектакль чамусьці сумнавата. Бо тэатр сёння — не агучванне п’есы, а нешта куды большае. І пераконваюць у гэтым, як ні дзіўна, нават чыткі п’ес, што паспяхова ладзяцца ў тым жа РТБД. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ