“Не Вожык”: быць самім сабой

Апублiкавана: 08 жнiўня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Узяўшы курс на падлеткаў і ўвасабляючы адзін за адным творы школьнай праграмы, Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача не забываецца і пра зусім маленькіх: “Не Вожык” пазначаны ўзроставым цэнзам 0+.

Прыгожая афіша з вясёлымі мульцяшнымі звяркамі і сапраўды можа прыцягнуць увагу нават немаўлят. А далей — вырашаць бацькам. Бо, перш чым купляць квіткі, лепш не абмяжоўвацца кранальным малюнкам, а вывучыць інфармацыю больш зацікаўлена, “прымерыўшы” яе на сваё дзіця. Гэтая простая парада дзейнічае ва ўсіх выпадках, а ў дачыненні да “Не Вожыка” — асабліва. Бо насамрэч спектаклі для самых-самых маленькіх, якія яшчэ і хадзіць добра не навучыліся, існуюць. Але — прынцыпова іншыя, без звыклага падзелу на сцэну і глядацкую залу з крэсламі. Нават азначэнне маюць асобнае — бэбі-тэатр. 

Цяперашняя прэм’ера ў гэтым сэнсе больш традыцыйная. Дзятве гадоў з чатырох — падыдзе. Але, зноў-такі, бацькам лепш ведаць, колькі змогуць спакойна выседзець іх нашчадкі. Бо гадзіна без перапынку для многіх — тэрмін непераадольны. Наколькі ж цікавае само відовішча? 

У аснову пакладзена аднайменная казка расійскага драматурга Ганны Багачовай з Екацярынбурга. Рэжысёр Таццяна Самбук ужо звярталася да гэтай п’есы, паставіўшы яе пару гадоў таму ў разліку на малую сцэну Палаца Рэспублікі — на склад калектыву “ТрыТфармаТ”. Але гэта зусім іншы спектакль! Яго галоўнай разыначкай быў удзел некалькіх музыкантаў Прэзідэнцкага аркестра Беларусі на чале з Віталём Кульбаковым. Прычым дырыжор быў Ваўком, а яго падначаленыя — Зайцамі. І калі ўсе бегалі за Вожыкам — Не Вожыкам па зале, Воўк таксама, да радасці маленькіх гледачоў, пакідаў сцэну, каб удзельнічаць у пагоні. 

У ТЮГаўскім “Не Вожыку” артысты таксама гойсаюць па зале, хаця інструменталістаў сярод іх няма. Ды і музыка тут іншая — нашага Сяргея Сухамліна. І сцэнаграфія ды касцюмы мастачкі Ларысы Рулёвай. Іншае ўсё, уключаючы дададзеныя фрагменты тэксту: у параўнанні з арыгіналам, у абодвух спектаклях пашырана роля Вароны. Толькі раней яна была блогерам, а цяпер — яшчэ і даследчыца: пры першым сваім з’яўленні вывучае глебу, вільготнасць і да т. п. І на роліках катаецца! А каб бацькі не сумавалі, у найлепшых прыколах постмадэрнізму ўзнікае: “Чаму людзі не лётаюць, як птушкі?” 

Паваротная сцэна дае магчымасць “паплаваць” у час дажджу, нават рыбкі з’яўляюцца — вельмі прыгожыя. Замест чароўнага пня (а ў мінулай пастаноўцы — люстэрка) жаданні Вожыка па ператварэннях выконвае Дуб, які ў фінале жуе-глытае кашу. Праўда, ён чамусьці ў цалкам белым сцэнічным строі, таму нагадвае П’еро. А фраза: “Сам магу дуба даць” — вядома, таксама для бацькоў. 

Сэнс казкі — як важна заставацца самім сабой. Цудоўная ісціна! Дарэчы, найбольш актуальная ўсё ж не для малечы, а для тынэйджараў. Толькі вырашаецца яна неяк дзіўнавата. Вожык, каб не быць калючым, атрымлівае мяккую поўсць, вушы — як у зайца, лапкі — як у вавёркі. І становіцца цуда-зверам, якога не пазнае маці Яжыха. Тады ён вяртае ўсё, як было, — і чамусьці ўжо ніхто не баіцца аб яго ўкалоцца. Дзіцячыя казкі не патрабуюць логікі? Мо і так. Але сама сабой просіцца іншая развязка: калючы Вожык можа абараніць пухнатых сяброў ад драпежніка, выставіўшы свае іголкі. Ці дапамагчы сабраць ураджай, які ў лапках не панясеш. Усе мы і сапраўды розныя — са сваімі недахопамі. І справа не ў тым, каб іх пазбавіцца, бо тады ўсе могуць стаць аднолькава “ідэальнымі”, надзеленымі аднымі і тымі ж якасцямі. Ды і немагчыма такое! Пэўна, выйсце ў іншым: ператварыць мінусы (у тым ліку прыродныя, якіх не так проста пазбавіцца) — у плюсы. Іншымі словамі, знайсці добрае прымяненне ўсім сваім якасцям. Задумацца пра тое, як лепш скарыстаць усё, што табе дадзена. І задумацца менавіта ў дзяцінстве, разам з дарослымі. 

Дык, можа, спектакль усё ж для дарослых? Каб не ператваралі, да прыкладу, няўрымслівага хлопчыка ў ціхоню, а з какетлівай дзяўчынкі не рабілі “сінюю панчоху”. І для настаўнікаў: каб прывучалі выхаванцаў мець уласныя думкі, а не толькі адразу падпарадкоўвацца ўсяму, што скажуць іншыя, не асэнсоўваючы свае дзеянні. Маўляў, я ж як усе! Што ні кажыце, а быць самім сабой — цяжкая праца. Паспрабуем? Ну а бэбітэатр абяцае адкрыцца ў сталічным тэатры лялек з новага сезона. Пакуль там рыхтуюць для гэтага памяшканне і абмяркоўваюць рэпертуар. Добрая справа! 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Ганны ШАРКО