Пайсці ў прымы… і ў актавы

Апублiкавана: 12 жнiўня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У канцы сезона ў Новым драматычным тэатры з’явіліся “Прымакі”. І назіральнікі за тым, як суседзі сваімі жонкамі памяняліся ды пайшлі ў прымы, ёсць цяпер не толькі ў глядзельнай зале, але і на сцэне. Дык хто каго “перагледзіць”?

Каб напоўніцу ацаніць тое, што прапанаваў малады рэжысёр Арцём Пінчук, неабходна закрануць… 

…КРЫХУ ГІСТОРЫІ 

П’еса Янкі Купалы, напісаная ў 1913-м і ўпершыню надрукаваная ў 1920-м, ставілася, бадай, ва ўсіх беларускіх тэатрах, пачынаючы з аматарскіх. І неаднойчы! Другое нараджэнне “Прымакі” атрымалі ў 2000-я і на цяперашні час ёсць у рэпертуары адразу некалькіх творчых калектываў. Прычым не толькі пад арыгінальнай назвай, але і, да прыкладу, пад пазычанай з тэксту купалаўскай рэмаркі: “На другі дзень Сёмухі”. Гэта акрэслівае падзеі па часе: Сёмуха святкуецца ў самым канцы вясны ці на пачатку лета, на 50-ы дзень пасля Вялікадня. 

Купалаўская п’еса цалкам адпавядае тэндэнцыям пачатку ХХ стагоддзя, што прывялі беларускі тэатр да жанру “абрад на сцэне”. Дзеянне адбываецца ў час народнага свята, шчодра насычана прымаўкаміпрыказкамі, песнямі, словы якіх прапісаны ў тэксце, танцамі. Фінал увогуле задумваўся аўтарам як разгорнуты фальклорны дывертысмент: “Танцуюць «Лявоніху», «Мяцеліцу», «Мікіту» і іншыя танцы. Хор пяе «Ой ты, мая гарэліца!», «Дуду-весялуху» і іншыя. У часе самага разгару гульні апускаецца заслона”. Менавіта так завяршаліся і амаль усе колішнія “прадстаўленні”, як іх тады называлі, знакамітага дарэвалюцыйнага тэатра Ігната Буйніцкага, і пастаноўкі яго творчага нашчадка Уладзіслава Галубка. Не дзіва, што практычна ўсе тэатральныя ўвасабленні твора, акрэсленага як “сцэнічны жарт у адной дзеі”, вырашаліся на побытавым узроўні як народная камедыя. Сапраўды, што гэта, як не своеасаблівы анекдот, толькі расказаны вельмі падрабязна? 

Між тым твор мае відавочныя сувязі з жанрам вадэвіля, асабліва калі акцэнтаваць у ім любоўную лінію маладой пары (ці ведаеце вы, да прыкладу, што “Прымакі” былі пастаўлены Купалаўскім тэатрам у 1944-м у Томску як частка “Вечара беларускіх вадэвіляў”, куды ўваходзіла і знакамітая “Паўлінка”, якая ў захаваным выглядзе стала візітоўкай гэтага тэатра?). Яшчэ больш відавочныя сувязі — з камедыяй становішчаў: ад Шэкспіра (згадайце змены закаханых у “Сне ў летнюю ноч”, дзеянне якога адбываецца на Купалле) да сучасных сіткомаў, дзе сам тэрмін расшыфроўваецца як “сітуацыйная камедыя”. 

Бачыце, колькі яшчэ нескарыстаных “падводных плыняў” утрымлівае просценькая, здавалася б, п’еска, здольная ператварыцца ў постмадэрнісцкую гульню? І цяперашняя…

…ПРЭМ’ЕРА — ... 

...вельмі важны першы крок да далейшых больш глыбокіх асэнсаванняў і, адпаведна, пераасэнсаванняў нацыянальнай спадчыны. 

Дык што зроблена ў спектаклі Новага драматычнага? Жанр азначаны як фолк-рок-камедыя. У працяг найлепшых традыцый “Песняроў”, беларускія народныя найгрышы-напевы атрымліваюць новае, сучаснае гучанне (кампазітар — Леанід Бяляеў). Ды ўсё ж галоўнай разыначкай становіцца непасрэдны ўдзел у спектаклі Сяргея Суміна з электрагітарай. Для яго нават невялічкі подыум збоку пабудаваны — штосьці накшталт эстраднай пляцоўкі дзесьці ў парку (праўда, ён яе пастаянна пакідае, вольна рухаецца паўсюль, уключаючы авансцэну). Справа не толькі ў выкарыстанні на сцэне жывога інструмента, але і ў той ролі, якую набывае музыкант. Ён становіцца непасрэдным назіральнікам падзей, рэагуе той ці іншай музычнай фразай літаральна на кожную рэпліку персанажаў, выбудоўваючы з імі гэтакі музычна-размоўны дыялог. Падобны прыём уласцівы еўрапейскім камерным операм і іншым музычным спектаклям, дзе інструменталісты могуць выступаць у якасці альтар эга герояў, суправаджаючы іх лейтматывамі, а ў дзіцячых пастаноўках— паралельна асноўнаму сюжэту знаёміць гледачоў з самімі інструментамі як з дзейнымі асобамі. 

Каб неяк пазначыць удзел музыканта ў спектаклі, гітарыста назвалі Дамавіком. А што, вельмі слушна. Ён і фальклорны, і на іншай мове размаўляе — на музычнай, скарыстоўваючы ўсё багацце інтанацый: ад прымы да актавы. Але ж яго роля ўяўляецца куды больш значнай, чымсьці проста дадатковы антураж. Ён наш сучаснік, які становіцца своеасаблівым правадніком у свет даўніны, злучае гісторыю і сённяшні дзень, тэатр і рэальнасць. І вымушае згадаць оперу Генрыха Вагнера “Сцежкаю жыцця” паводле “Воўчай зграі” Васіля Быкава, пастаўленую ў нашым Вялікім тэатры ў 1980-м. Там быў вакальны квартэт, што граў ролю такіх жа назіральнікаў і каментатараў падзей. У пэўны момант тыя хлопцы і дзяўчаты нават умешваліся ў гістарычную дзею і дапамагалі партызанам выцягнуць захраслую падводу. У “Прымаках” гітарыст нікога не выратоўвае, але да яго звяртаюцца па параду. Чым не пераемнасць? І “ўпісанасць” у беларускі тэатральны працэс. Ёсць і ўласна оперныя паралелі: прыгаворванні часам нагадваюць рэчытатыў secco, уласцівы барока і класіцызму. 

У сцэнаграфіі і касцюмах Лідзіі Малашэнка ўсё заснавана на спалучэнні белага з зялёным. Цудоўнае рашэнне! Бо гэтыя колеры адразу асацыіруюцца і ўласна з бярозай, што лічыцца адным з сімвалаў Сёмухі, і, шырэй, з багатым прыродным атачэннем Белай Русі, поўнай зялёных лясоў і палёў. Ёсць і вяночкі, што адпавядаюць абрадавым дзеянням. У адной са сцэн гэтыя зялёныя вяночкі трымаюць над галовамі бацькоў, бы німбы. Нават жырандоль — з зелянінай-квеценню. Самі ж касцюмы — бы дызайнерская калекцыя фальклорнай тэматыкі, прычым звернутай не ў далёкую даўніну, а ў тыя часы, калі з’явілася п’еса. І з модным сёння пэчваркам— лапікавым шыццём, геаметрычныя малюнкі якога зноў вядуць у пачатак мінулага стагоддзя з супрэматызмам Казіміра Малевіча. 

Можна толькі вітаць падзел аднаактоўкі на дзве часткі з антрактам. Бо другая дзея, не змяняючы сцэнаграфіі, пераносіць нас у іншую хату, з’яўляюцца новыя персанажы. Два склады артыстаў па-рознаму трактуюць сваіх герояў: хтосьці робіць акцэнт на камедыі, хтосьці імкнецца філасофстваваць, што запавольвае тэмпарытм і ўспрымаецца не зусім дарэчным. Затое рускамоўныя выразы ў гаворцы Урадніка (Валерый Аганян) становяцца дадатковай сувяззю з “Пінскай шляхтай” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, уздзеянне якой асабліва відавочнае ў фінале купалаўскай п’есы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ