Праз стагоддзі і старыя межы

Лета — найлепшы час для вандровак і знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай краіны. Нездарма на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры, якое адбылося 21 чэрвеня ў Жыліцкім гістарычным комплексе-музеі, асаблівая ўвага надавалася турыстычнаму патэнцыялу архітэктурных помнікаў, што сёння рэстаўруюцца і ўводзяцца ў гаспадарчы абарот. Аб’екты, у якія ўкладзены істотныя сродкі, мусяць быць уключаны ў турыстычныя маршруты і выклікаць цікавасць у аматараў культурнага адпачынку. Разам з тым не варта забываць пра іншыя помнікі мінуўшчыны, якіх у нас — безліч. Да прыкладу, накіруемся ў падарожжа па Мінскай і Гродзенскай абласцях і пабачым, колькі там адметных куткоў.

СУПЛЁТ ЭПОХ І ЛЁСАЎ 

Першы прыпынак робім непадалёк ад Ільі, колішняга раённага цэнтра, а цяпер аграгарадка на Вілейшчыне. У самім мястэчку варта зазірнуць у неагатычны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, збудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя, і ў царкву Святога Ільі. Яе ўзвялі ў 1828-м і нядаўна з густам адрэстаўравалі, вытрымаўшы ўсе адметнасці традыцыйнага драўлянага дойлідства. 

У ваколіцах Ільі раім завітаць у некалькі вёсак. Там захаваліся велічныя мураваныя гмахі, што засталіся ад колішніх сядзіб. Усе яны належалі шляхецкаму роду Багдановічаў. У Старынках ацалеў мураваны сядзібны дом, у Абадоўцах — капліца-пахавальня і руіны бровара, у Мацькаўцах — паравы млын і стайні. 

Могілкі і царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Вязыні

Могілкі і царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Вязыні

А вось бровару ў Стайках пашанцавала ці не найбольш: некалькі гадоў таму да яго аднаўлення ўдалося прыцягнуць прыватнага інвестара, і цяпер у некалі закінутым будынку, дзе ляжала зерне, знаходзіцца зала для ўрачыстасцей. Яшчэ варта звярнуць увагу на касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі пачатку ХХ стагоддзя ў Альковічах. Гэты неагатычны храм доўгі час таксама стаяў занядбаны, але на заранку 1990-х быў адрэстаўраваны і аддадзены вернікам. 

Дзіву даешся, як у некалькіх невялічкіх суседніх вёсках аднаго раёна, у якіх цяпер жыве пара дзясяткаў чалавек, яшчэ сто з нечым гадоў таму паўставалі такія велічныя збудаванні — і не з дрэва, а мураваныя, будаваныя на вякі. А рэч у тым, што гаспадары тутэйшых сядзіб спалучылі ўмельства мясцовых майстроў з досведам замежных архітэктараў ды інжынераў. Супольнымі намаганнямі і ўзняліся гмахі, якія ўражваюць нас і сёння. 

ПАМЯЦЬ АБ НЕЗАГОЙНЫМ 

Нельга не прыгадаць і куткі, звязаныя з гісторыяй Другой сусветнай вайны. У лесе ля вёскі Уладыкі трэба наведаць пахаванне ахвяр нацысцкай карнай акцыі, якая адбылася тут 26 мая 1944 года, у апошнія месяцы акупацыі. Сімвалічна, што сціплыя помнікі вяскоўцаў, забітых гітлераўцамі, суседнічаюць з надмагільнай плітой на месцы, дзе спачываюць удзельнікі паўстання супраць царызму (загінулі тут у баі на беразе рэчкі Ільі 28 мая 1863 года). 

Таксама непадалёк можна ўбачыць мемарыял у гонар 95 насельнікаў вёскі Любча, спаленых нацыстамі жыўцом 4 мая 1943-га. У такіх месцах заўжды найвастрэй асэнсоўваецца трагедыя нашага народа ў розныя перыяды яго гісторыі і незваротнасць стратаў, але разам з тым — і воля выжывання насуперак любым нягодам, якая дазволіла краіне ажываць і адраджацца. 

СЛЯДЫ ЗАБЫТАЙ ВАЙНЫ 

Далей завітаем у Смаргонь. На жаль, даўняя забудова мястэчка была амаль цалкам знішчана яшчэ ў Першую сусветную, калі тут доўгі час праходзіла лінія фронту. Тым цікавей агледзець ацалелы касцёл Святога Міхаіла, узведзены ў пачатку XVII стагоддзя як кальвінскі збор з рысамі абарончага дойлідства. 

Нямецкія ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны ля Смаргоні

Нямецкія ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны ля Смаргоні

Яшчэ ў дарозе з Вілейкі ў Смаргонь нельга не прымеціць россып могілак. На іх пахаваны салдаты Рускай імператарскай арміі, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны. Такія мемарыялы на Вілейшчыне зберагліся або былі створаны нанова ў Заброддзі, Папоўцах, Рускім Сяле і яшчэ многіх навакольных вёсках. А побач са Смаргонню можна пабачыць і фартыфікацыйныя збудаванні, што нагадваюць аб той страшнай бойні, — нямецкія доўгатэрміновыя агнявыя і назіральныя пункты, якія ланцугом цягнуцца між палёў ад самых ускраін горада. Гледзячы на гэтыя жалезабетонныя спаруды, нельга не задумацца аб кантрасце між іх доўгатрываласцю — і недаўгавечнасцю памяці аб той страшнай вайне. 

РАЗНАСТАЙНАСЦЬ СТЫЛЯЎ 

У гэтым рэгіёне таксама захаваўся шэраг цікавых узораў міжваеннага заходнебеларускага храмавага дойлідства. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме Смаргонскага раёна ў стылі мадэрн адметны тым, што яго будаўніцтва было распачата ў 1927 годзе, але перарвана Другой сусветнай вайной і ўзноўлена толькі ў 1980-я. Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах узвялі ў 1926—1934 гадах — тут варта звярнуць увагу на інтэр’ерны роспіс, у стварэнні якога ўдзельнічаў славуты беларускі мастак Пётра Сергіевіч. Не меншую цікаўнасць выклікае і касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках Астравецкага раёна, збудаваны ў 1927—1929 гадах у стылі нацыянальнага драўлянага мадэрну. 

Касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках

Касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках

Вядома ж, апынуўшыся на Астравеччыне, нельга не агледзець і два выдатныя помнікі культавай архітэктуры ў самім раённым цэнтры — класічны касцёл Святых Касмы і Даміяна, які паўстаў напрыканцы XVIII стагоддзя ў цэнтры мястэчка, і неараманскі касцёл Узвіжання Святога Крыжа ля мясцовых каталіцкіх могілак. Але галоўнай перлінай ваколіц, якая прыцягвае мноства турыстаў, з’яўляецца, безумоўна, неагатычны касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах. Узведзены ў 1899—1903 гадах, са званіцай вышынёй 61 метр, храм захапляе памерамі і разнастайнасцю аздобы. Сёння тут працягваюцца аднаўленчыя работы, і званіца касцёла часткова закрыта рыштаваннямі, але ўражання ад велічнага вобраза гэта зусім не псуе. 

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і колішні вадзяны млын у Гервятах

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і колішні вадзяны млын у Гервятах

АДРАДЖЭННЕ ЗАМКАВЫХ МУРОЎ 

Нарэшце кладзёмся на зваротны курс, але па дарозе завітваем яшчэ ў адно мястэчка, абмінуць якое проста немагчыма. У Крэве Смаргонскага раёна працягваецца кансервацыя муроў аднаго з самых адметных і знакавых помнікаў краіны, якія адраджаюць сёння, — замка канца XIII — пачатку XIV стагоддзя. Тут будуць захаваны і сляды пазнейшых падзей — нямецкія доты, прыбудаваныя да сцен падчас Першай сусветнай вайны, калі праз мястэчка праходзіла лінія фронту. Прыведзеныя да ладу рэшткі замка могуць зрабіцца акурат той разынкай, якой не ставала, каб турыстычны патэнцыял Крэва выйшаў на новы ўзровень. 

Крэўскі замак

Крэўскі замак

Як бачым, архітэктурная і гістарычная спадчына агледжаных намі рэгіёнаў надзіва размаітая. Яна ахоплівае самыя розныя перыяды нашай велічнай мінуўшчыны. Пераканайцеся ў гэтым самі — далучайцеся да захапляльных вандровак па краіне: лета не заканчваецца, а значыць, мы будзем прапаноўваць новыя маршруты. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара