Гістарычна-турыстычны літаратурна-мастацкі маршрут па Баранавіччыне і Наваградчыне

Працягваем нашу літаратурнагістарычную вандроўку па памятных мясцінах, звязаных з Адамам Міцкевічам і Генрыхам Семірадскім, сёлетнімі юбілярамі. Сёння рушым ад легендарнага возера Свіцязь, апетага паэтычнымі творамі Яна Чачота і Адама Міцкевіча, у бок Ярошыцы.

ЯРОШЫЦЫ. ДА СЕМІГРАДСКІХ 

Ад Свіцязі да колішняга маёнтка Семірадскіх, што ў Ярошыцах, не так далёка. Асабліва калі праставаць добрай лясной дарогай, якой не даюць зарасці машыны. Бачна, што лясная гаспадарка тут квітнее (віднеюцца горы напілаваных бярвенняў). Дарога, пракладзеная як пад лінейку, нібы сышла з твораў мастака Станіслава Жукоўскага (гл. “К” № 23, 2023). За лесам у палях разляглася вёска Ярошыцы. Але ад самога маёнтка цяпер у наяўнасці толькі купіна дрэваў ды трохкутны ставок. У гэтым маёнтку жылі Элеўтэрый і Роза з Есьманаў Семірадскія ды іх сын Іпаліт, бацька сусветна вядомага беларускага мастака Генрыха Семірадскага. Маці ж Генрыха паходзіла з мінскіх Прушынскіх. 

Валеўка. Колішняе мястэчка даўно ўжо стала вёскай. Няма карчмы, якая ў ранейшыя часы адыгрывала стратэгічную ролю ў гэтай мясцовасці. Дамініканскі касцёл даўно зрабіўся праваслаўнай царквой. А за сваю больш чым 300-гадовую гісторыю драўляны храм пабачыў вельмі шмат цікавага. І, верагодна, каб умеў гаварыць, паведаў бы нам пра шлюб Мікалая Міцкевіча і Барбары Маеўскай, бацькоў Адама. Хутчэй за ўсё, шлюб афіцыйна зарэгістравалі тут, пасля чаго маладыя і госці адправіліся ў маёнтак Чомбраў, да Вузлоўскіх (у гэтым маёнтку эканомам працаваў і жыў з сям’ёй Мацей Маеўскі, бацька Барбары). 

ЧОМБРАЎ І РАДАГОШЧА 

У свой час Чомбраў (старая назва— Чомраў) належаў Семірадскім, якія пазней прадалі яго Вузлоўскім. Затым маёнтак перайшоў Карповічам. Бывала ў сваякоў маці Яна Чачота. Не мог не бываць і сам Адам Міцкевіч, бо гаспадыня маёнтка Анэля Вузлоўская — яго хросная маці. Хросным жа, у гонар якога назвалі паэта, стаў Адам Бернард Абуховіч, патрон Мікалая Міцкевіча. Мяркую, менавіта ён арганізаваў шлюб бацькоў Адама. Сядзіба Карповіча была спаленая ў часы вайны, і сёння аб тым, што тут быў маёнтак, нагадвае толькі адноўленая капліца Карповічаў ды старыя дрэвы. Аднаўленне сядзібы і стварэнне ў Чомбраве музея “Пана Тадэвуша” — справа будучыні. А за Радагошчу мы ўжо ўзяліся. Летась тут адбылася сумесная талака рэдакцыі “Культуры” з уладамі Навагрудскага раёна і Валеўскага сельвыканкама, падтрыманая рознымі ўстановамі і арганізацыямі раёна (гл. “К” №25, 2022). Сёлета, спадзяемся, будзе працяг. Дарэчы, падчас рэспубліканскага суботніка на Гарадзішчы пад Мінскам мне ўдалося паразмаўляць пра Радагошчу з міністрам культуры Анатоліем Маркевічам. На яго думку, месца, безумоўна, вартае ўвагі і працягваць працы па ўпарадкаванні тэрыторыі неабходна. Але важна на раённым узроўні прадумаць далейшыя крокі, каб гэта месца жыло, а не зарасло праз пару гадоў нанава. 

Прабацька Наваградка — гарадзішча Радагошча

Прабацька Наваградка — гарадзішча Радагошча

НАВАГРАДАК. МОГІЛКІ, ГАРА МІНДОЎГА, ГАЙ, ЗАМАК І КУРГАН МІЦКЕВІЧА 

Першай справай завітаў я на старыя могілкі блізу аўтавакзала. Раблю так кожнага разу (шукаю магілы нашых славутых землякоў), дзе-нідзе чышчу надмагіллі. І першы раз за шмат гадоў уражанне ад візіту засталося станоўчае. Могілкі выглядаюць дагледжанымі, няма ўжо той шалёнай парасці кустоўя і гор смецця, у тым ліку на магілах (адзіная трывожная кропка — пляцоўка вакол капліцы). Калі сёння і рабіць талаку, то ўжо толькі з мэтай ачысткі засыпаных зямлёй надмагілляў, якіх, папраўдзе, там яшчэ хапае. Трошкі горш справа на знакавай Гары Міндоўга. Парадны фасад дагледжаны, але, калі ўзняцца на вяршыню ды зірнуць у другі бок, разумееш: стары некропаль, дзе спяць вечным сном бацькі і малодшы брат Адама Міцкевіча, не ў вялікай пашане. Тое, што застаецца пасля пасядзелак ля вогнішча на гары (пляшкі, пакеты і г.д.), раскідваецца з таго боку, дзе “хмызнячок усё схавае”. Вось тут магутная талака была б дарэчы. Замак сёння выглядае так, нібы “шведскі патоп” толькі-толькі адхлынуў. Ізноў поўным ходам ідуць кансервацыйныя работы, і з вынікамі іх, думаецца, ужо сёлета можна будзе азнаёміцца. З убачанага здзівіла іншае. Канаву ўздоўж падмуркаў сярэднявечных муроў, як мне падалося, рыюць з дапамогай экскаватара, а не акуратна раскопваюць рэстаўратары. А культурны слой там… 

Завяршыўся “навагрудскі трып” традыцыйным уздымам на курган Міцкевіча. Выдатная традыцыя насыпаць курганы ў гонар вялікіх людзей, на жаль, у наш час забытая. Але мо яшчэ дачакаемся, калі ў Ляхавічах з’явіцца курган Тадэвуша Рэйтана, самым актыўным папулярызатарам асобы якога, дарэчы, з юнацкіх гадоў быў Адам Міцкевіч. 

Літоўка. Месца, што разглядаецца як адна з пляцовак, блізу якой 6 ліпеня 1253 года быў каранаваны вялікі князь літоўскі Міндоўг. За саветамі, падчас здымак стужкі “А сыновья уходят в бой”, на берагах возера ледзь не быў пабіты спявак Уладзімір Высоцкі (за тое, што “няўклюдна касіў пад Высоцкага”). У гонар візіту акцёра і спевака ў Навагрудку быў усталяваны помнік Высоцкаму. А Літоўка сёння больш вядомая сваёй казачнай сядзібай, якая прыцягвае значную колькасць турыстаў. 

Вежа Шчытоўка, Наваградскі замак

Вежа Шчытоўка, Наваградскі замак

Крыж у Гірдаўцы. За Літоўкай пачынаецца даволі значны лясны масіў. Ужо за ім, з правага боку пры дарозе, усталяваны крыж з шыкоўным, зусім не “прыдарожным” распяццем. Па словах мясцовых жыхароў, крыж тут стаяў да вайны, потым, за савецкім часам, яго быццам бы схавалі, а як пагроза мінавала, вярнулі на старое месца. 

УСЯЛЮБ. МОГІЛКІ, МІЦКЕВІЧЫ, КАСЦЁЛ, О’РУРКІ 

Адной з мэт візіту ва Усялюб былі пошукі магіл сваякоў Адама Міцкевіча з боку маці. Недзе там, на старым прыкасцельным цвінтары, у XVIII стагоддзі былі пахаваныя прадстаўнікі сям’і Тыбурцыя Маеўскага (брат Мацея, дзеда паэта). На жаль, іх магілы знойдзены не былі, але агляд могілак паказаў, што і сюды трэба наведацца з талакой (шмат старых надмагілляў ляжыць “тварам” уніз, а многія напаўзасыпаныя). На могілках нямала цікавостак, сярод якіх і адноўленая капліца-пахавальня О’Руркаў. Гатычны касцёл св. Казіміра быў пабудаваны да 1433 года, то-бок яшчэ ў часы Вітаўта, і лічыцца самым старым на тэрыторыі Беларусі. Прыемна здзівіла, што ўся прыкасцельная тэрыторыя ўпарадкаваная, стаяць інфармацыйныя стэнды, ёсць свой выдатны музейчык, “дом пілігрыма” (з кавярняй), пры якім працуе вельмі зычлівы персанал. Пэўна, ва Усялюб мы яшчэ вернемся. 

Завяршылася вандроўка ў маёнтку О’Руркаў. Пра спаленую невядомымі асобамі сядзібу акурат у той час, калі нашчадак О’Руркаў вырашыў яе набыць і аднавіць, мы неяк згадвалі. Але пабываў я тут упершыню. Ад сядзібы застаўся толькі падмурак. Затое багата розных гаспадарчых пабудоў, прычым капітальных, цагляных. Ёсць і шматпавярховыя. Некаторыя яшчэ пад дахам. Бачна, што гаспадары думалі на перспектыву, якую падсеклі пад корань падзеі першай паловы ХХ стагоддзя. На жаль, дзень блізіўся да вечара, таму трэба было кіравацца на зваротны шлях. 

Ужо едучы начным цягніком у Мінск, за кубкам кавы абдумаў я план “талачынных” рухаў “Культуры”. Спадзяюся, неўзабаве вы пра іх даведаецеся. 

Газета "Культура" №27 ад 14 ліпеня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара