Знайсці ўласную “фішку”

Апублiкавана: 19 жнiўня 2023 Стужка Традыцыі Брэст і вобласць

Аўтар: Аўтары

Сучасную працу культурна-дасугавых устаноў па прасоўванні рэгіянальных брэндаў абмеркавалі на рэспубліканскім семінары-практыкуме, які прынялі арганізацыі Іванаўскага раёна і Пінска.

Удзельнікам найперш прапанавалі заглыбіцца ў праграму Міжнароднага фестывалю фальклору “Мотальскія прысмакі”. Работнікі ўстаноў культуры выправіліся вывучаць вопыт калег на шматлікія святочныя пляцоўкі: наведалі тэатралізаванае шэсце і ўрачыстае адкрыццё, азнаёміліся з выставачнымі падворкамі рамеснікаў, далучыліся да майстар-класаў. Асаблівую ўвагу прыцягнулі прэзентацыі каляндарных і сямейных абрадаў розных мясцовасцей. Таксама ўдзельнікі семінара завіталі ў Раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды ў Варацэвічах, у ландшафтнакультурны парк мініяцюр страчаных аб’ектаў спадчыны ў Іванаве, у Музей Беларускага Палесся і ў кафедральны сабор у Пінску. 

Пляцоўкай для абмену меркаваннямі стаў тэматычны круглы стол, на якім гаварылі пра распрацоўку і функцыянаванне рэгіянальных брэндаў, патэнцыял развіцця гастранамічных мерапрыемстваў, эфектыўныя тэхналогіі маркетынгу. 

Загадчык аддзела Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Святлана Каржук засяродзіла ўвагу на гастранамічных святах і фестывалях нашай краіны. Іх выступоўца назвала перспектыўным кірункам сучаснага этнакультурнага адраджэння. Святлана Валянцінаўна зазначыла, што гастранамічныя мерапрыемствы дапамагаюць павысіць сацыяльную ўстойлівасць рэгіёна і істотна падтрымліваюць індустрыю. Такія імпрэзы з’яўляюцца важнай часткай брэндынгу розных мясцовасцей, фарміруюць у людзей жаданне наведаць менш папулярныя ў іншых адносінах геаграфічныя пункты. Для нашай краіны гэта даволі новы від турызму, які мае значны патэнцыял. 

Загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Алена Боганева падкрэсліла, што стравы як змястоўная частка абрадаў у сучаснай культурнай прасторы могуць выконваць ролю брэндаў пэўных лакальных або рэгіянальных традыцый. Алена Міхайлаўна таксама падрабязна распавяла аб старажытных абрадавых стравах беларусаў. 

Прафесар кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКМ Алена Макарава спынілася на паняцці брэнда і прапанавала рэкамендацыі па стварэнні спрыяльнага іміджу тавараў, паслуг і праграм. Даследчыца нагадала, што брэндынг даўно выйшаў за межы камерцыйнай сферы і набірае папулярнасць у сацыяльным і культурным жыцці.