Рыхтуючыся сустракаць гасцей

Апублiкавана: 20 жнiўня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Нарада, прысвечаная арганізацыі IV Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, адбылася ў Міністэрстве культуры 11 жніўня. У пасяджэнні паўдзельнічала кіраўнік рабочай групы па справах беларусаў замежжа Нацыянальнага сходу Валянціна Ражанец. 

Форум ладзіцца адзін раз на тры гады. Сёлета падзея пройдзе ў Мінску і рэгіёнах з 19 па 24 верасня. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры і Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры садзейнічанні ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і Міністэрства замежных спраў. Мэта фестывалю — прэзентацыя дасягненняў нашай краіны і падтрымка творчых праектаў беларусаў замежжа, а таксама актывізацыя культурных сувязей з беларускай дыяспарай. 

На імпрэзу запрошаны творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці, сольныя выканаўцы, мастакі, скульптары, дызайнеры, майстры народных промыслаў, фатографы і паэты. Усяго да форуму далучыцца каля 250 чалавек з усяго свету. Удзел пацвердзілі прадстаўнікі Арменіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Расійскай Федэрацыі і Эстоніі, а нашы суайчыннікі з Аргенціны, Іарданіі падключацца па відэасувязі. 

У праграме фестывалю — канцэрты беларускай фальклорнай і сучаснай музыкі, выставы жывапісу, фота і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творчыя сустрэчы з кіраўнікамі і чальцамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У сталічным храме ў гонар Усіх Святых 20 верасня правядуць дыялогавую пляцоўку “Беларусь — краіна яднання”, а цырымонія ўрачыстага адкрыцця форуму запланавана 21 верасня ў Мінскім гарадскім палацы культуры. Падчас канцэрта беларусы свету прадставяць творчыя нумары як самастойна, так і сумесна з артыстамі айчыннай эстрады. 

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў 22 верасня пройдуць майстар-класы ў межах свята. Акрамя таго, удзельнікі фестывалю наведаюць мемарыяльныя комплексы ў Хатыні і Трасцянцы, урачыста ўскладуць кветкі. 23 верасня мяркуюцца выезды ў рэгіёны — адбудуцца экскурсіі, майстар-класы і канцэртныя праграмы. На Брэстчыне беларусы замежжа завітаюць у Косаўскі палацава-паркавы ансамбль і на музейную экспазіцыю ў Бярозе, прысвечаную гісторыі канцэнтрацыйнага лагера 1934—1939 гадоў, а таксама ў Пружаны. У Віцебскай вобласці гасцей будзе прымаць Аршанскі раён, у Гомельскай — Светлагорскі, у Гродзенскай — Лідскі, у Магілёўскай — Клічаўскі, а ў Мінскай — Слуцкі.