Яму было толькі 60... Успамінаючы Аляксея Глебава

Апублiкавана: 19 жнiўня 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: КРЭПАК Барыс

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працягваецца памятная мастацкая выстава “Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека”, прысвечаная 115-й гадавіне з дня нараджэння народнага мастака БССР, скульптара і педагога Аляксея Канстанцінавіча Глебава. 

У экспазіцыі можна пабачыць творы скульптара 1940—1960-х са збору Мастацкага музея і фондаў Беларускага саюза мастакоў, а таксама дакументы і фатаграфіі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, з асабістага архіва скульптара Аляксандра Каструкова і хатняга архіва сям’і А.К. Глебава. Таксама прадстаўлены відэафільм і радыёперадача аб скульптары з запісамі яго голасу з фондаў Белтэлерадыёкампаніі. 

Як ні шкада, але цяпер надышоў такі час, калі творцаў, нават узроўню Глебава, мала хто ведае. Так бывае: прыходзяць новыя пакаленні крутых майстроў — і тое, што рабілі іх папярэднікі, часта ігнаруецца, а то і проста адыходзіць у нябыт. Лёгкі подых манкуртызму не абмінуў і частку нашай сучаснай прасунутай моладзі. Вось так, на жаль, часта атрымліваецца ў айчыннай гісторыі мастацтва. 

Што тычыцца канкрэтнай творчай і чалавечай біяграфіі скульптара, яго ролі ў станаўленні беларускай выяўленчай культуры, то тут яшчэ для сучаснікаў шмат “белых плям”. Дзякуй богу, што хаця б Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер— Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж) у 1969 годзе атрымала імя Аляксея Глебава. І прыемна, калі яго вучні з гордасцю называюць сябе “глебаўцамі”. 

А што яшчэ засталося пасля Глебава? Канешне, перш за ўсё творы — у музеях Мінска і Віцебска, памяць яго былых вучняў па БДТМІ, невялічкая манаграфія Уладзіміра Бойкі, шэраг мастацтвазнаўчых артыкулаў, мемарыяльная дошка на доме №25 па вуліцы Захарава. На былым будынку Віцебскага мастацкага тэхнікума таксама — мемарыяльная дошка ў гонар былога вучня. А слаўны горад Полацк амаль паўстагоддзя ўпрыгожвае глебаўскі помнік Скарыну, за які аўтару (пасмяротна) была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. 

...Зараз я хачу трошкі расказаць чытачам “К” пра мае сустрэчы з гэтым чалавекам і “тэлеграфным шрыфтам” абазначыць ягоныя творчыя імкненні. Памятаю, як 4 кастрычніка 1968 года хавалі Аляксея Канстанцінавіча. Труна з целам стаяла ў вестыбюлі будынка Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Развітацца з народным мастаком прыйшло вельмі шмат народу. Дзеячы культуры, студэнты, ваенныя, журналісты, пісьменнікі, чыноўнікі высокага рангу… Горы кветак. Пранікнёныя, сардэчныя, шчырыя словы сяброў-калег і сяброў па жыцці. Рэдкі выпадак: гарадскія ўлады пасля паніхіды дазволілі на руках панесці труну з целам скульптара аж да плошчы Перамогі, дзе помнік Перамогі ўпрыгожвае адзін з чатырох рэльефаў (“Партызаны Беларусі”) аўтарства Глебава. Рух транспарту быў прыпынены. Такога жалобнага ходу па галоўным праспекце горада я больш ніколі не бачыў. “Каго хаваюць?” — пыталіся здзіўленыя прахожыя. “Мастака!” — адказвалі ім. Тыя: “Та-а-ак, відаць, быў вялікі чалавек…” 

А.Глебаў. "Я.Купала і М.Горкі", 1947 г.

А.Глебаў. "Я.Купала і М.Горкі", 1947 г.

Мне пашанцавала. Я, тады яшчэ малады мастацтвазнаўца, шмат разоў сустракаўся з ім: і ў ягонай майстэрні на вуліцы Някрасава, 7, і на розных творчых мерапрыемствах па лініі Саюза мастакоў БССР, некалькі разоў вячэралі ў тагачасным, вельмі папулярным у “эліты”, рэстаране мінскага аэрапорта, дзе выдатна гатавалі кураня табака. Або, бывала, у рэстаране гасцініцы “Беларусь” з утульнымі кабінетамі на некалькі персон і смачнымі эскалопамі з па-асабліваму прапечанымі сухарыкамі, якія вельмі любіў Аляксей Канстанцінавіч. Зразумела, падобныя “паходы” адбываліся галоўным чынам пасля атрымання ім добрага ганарару… 

Апошнім разам я бачыў Глебава ў кабінеце міністра культуры Міхаіла Мінковіча (я тады працаваў рэдактарам аддзела па выяўленчым мастацтве ў гэтай установе). Мастак прынёс яму на зацвярджэнне невялічкую мадэль коннага помніка генералу Льву Даватару, якая да гэтага ўжо была прынята мастацкім саветам. Міністр застаўся задаволены. Помнік меліся ўстанавіць у Віцебску. Але цяжкая хвароба і смерць мастака не дазволілі яму завяршыць работу. На жаль, Глебаву не пашанцавала і з другім помнікам, які ён доўгія гады марыў паставіць у Мінску. Гаворка пра помнік Янку Купалу, над вобразам якога скульптар працаваў амаль чвэрць стагоддзя. Помнік Песняру быў спраектаваны і пастаўлены ў 1972 годзе ў сталічным Купалаўскім скверы — ужо вучнямі скульптара. 

У час нашых сустрэч Аляксей Канстанцінавіч мне шмат чаго расказваў і пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў беларускай вёсцы Зверавічы (цяпер Смаленская вобласць), і пра бацьку-свяшчэнніка, і пра свае першыя дзіцячыя вопыты ў рысаванні коней, казачных дамавікоў ды лесуноў, качавых цыганоў, чырвонаармейцаў з вялізнымі чырвонымі пяцікутнымі зоркамі на шлемах, якія праходзілі на фронт праз вёску, як рэзаў сцізорыкам кійкі ды драбязу розную. 

Потым быў Віцебскі мастацкі тэхнікум, які ўзначальваў Міхаіл Керзін, скульптар, выхаванец пецярбургскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Па словах Глебава, “Керзін на той час — «маё ўсё». Каб не ён, хто ведае, куды б мяне, Лёшку Глебушку, занесла нячыстая… Так, усё лепшае ў мяне як у скульптара — ад яго. Ягонай школе абавязаны ўдачамі. Ягонаму компасу абавязаны, стрэлка якога паказала мне правільны шлях…” 

Мала хто ведае, але тэхнікум Глебаў так і не скончыў, бо “перашкодзіла” яго паходжанне з сям’і святара. Як доўгі час ні ўтойваў студэнт гэтага факта, на 3-м курсе тайна была раскрыта. Дарэчы, што да няскончанай адукацыі, дык і яго сябры па жыцці — беларускія класікі Заір Азгур і Андрэй Бембель — таксама не атрымалі дыпломаў, бо так і не скончылі ні Віцебскі тэхнікум, ні вышэйшыя мастацкія ўстановы, у якіх працягвалі вучобу (Бембель — у Ленінградзе, Азгур — у Ленінградзе, Кіеве і Тбілісі). Але гэта ў выніку ніякім чынам не адбілася на іх высокім прафесійным майстэрстве. Аляксей Глебаў быў сапраўдным чалавекам, вельмі камунікабельным, дасціпным, і, канешне, выдатным скульптарам. 

Тое ж і з Глебавым: ужо ў 1930-я ён быў у ліку найлепшых сярод тагачасных скульптараў Беларусі. І лічыў, што гэта дзякуючы свайму педагогу. Дадам, што ў гэты час з-пад разца Глебава выйшлі серыя барэльефаў для мінскага акруговага Дома афіцэраў і скульптурныя групы “Лявоніха” і “Крыжачок” для павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе, а таксама праекты нерэалізаваных помнікаў — у гонар вызвалення Заходняй Беларусі ад белапалякаў для Мінска і Міхаілу Фрунзэ для Масквы (разам з Керзіным). 

А. Глебаў. Рэльеф "Партызаны Беларусі". Абеліск Перамогі на плошчы Перамогі, Мінск

А. Глебаў. Рэльеф "Партызаны Беларусі". Абеліск Перамогі на плошчы Перамогі, Мінск

Што казаць? Сапраўды, ад Керзіна Глебаў засвоіў галоўнае правіла: працаваць нават пры самых неспрыяльных абставінах. Гэтае правіла дапамагло Глебаву і ў час вучобы ў тэхнікуме, і значна пазней, у гады вайны, калі ён працаваў нават раненым у шпіталях, і ў гады пасля Перамогі, і тады, калі часта даводзілася, насуперак цяжкай астме, літаральна прымушаць сябе ісці ў майстэрню з цэнтра горада на вуліцу Някрасава. Падкрэслю, што з таго часу сяброўства Керзіна і Глебава працягвалася да канца жыцця Аляксея Канстанцінавіча. Керзін перажыў свайго любімага вучня на 11 гадоў... 

У маім хатнім архіве захаваліся копіі дзвюх унікальных тэлеграм, якія пасля смерці скульптара перадала мне ўдава Глебава — Марыя Захараўна. Хачу іх агучыць. “Ленінград. Універсітэцкая набярэжная. Акадэмія мастацтваў. Прафесару Керзіну. Дарагі мой настаўнік, сябра мой, Міхаіл Аркадзьевіч! Бясконца родны мой чалавек! Прыміце ў дзень Вашага васьмідзесяцігоддзя разам з абдымкамі і пацалункамі пажаданне самага лепшага, самага светлага, самага добрага ў жыцці. Ваш Аляксей Глебаў. Народны мастак БССР. 28 сакавіка 1963 г.”. У адказ: “Дарагі і любы, так, любы Аляксей Канстанцінавіч, нарэшце я сабраўся напісаць Вам. Перш за ўсё хачу падзякаваць за памяць, увагу і шчырыя словы. Вы сабе не ўяўляеце, як мяне кранула Ваша віншавальная тэлеграма. Вы адзін адважыліся прызнаць мяне сваім настаўнікам. На жаль, ні Азгур, ні Бембель зрабіць гэтага не захацелі...” 

А ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Канстанцінавіч адразу ж пайшоў на перадавую. І ў складзе асобнага кулямётнага батальёна (Заходні фронт) удзельнічаў у цяжкіх баях пад Вязьмай, Малаяраслаўцам і Тулай. Глебаў мне расказваў, як у канцы студзеня 1942-га ў баі пад Сухінічамі быў цяжка паранены і надоўга— да мая 43-га— аказаўся паслядоўна ў двух шпіталях І як пасля выздараўлення быў адкліканы ў Маскву — у распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху. У жыцці Глебава пачыналася новая старонка. Менавіта тут, пры штабе, у майстэрні на Сходні, дзе, дарэчы, Андрэй Бембель вылепіў свайго Мікалая Гастэлу, ён прыступіў да работы над коннай статуяй выдатнаму беларусу, камандзіру кавалерыйскага корпуса, генерал-маёру Льву Даватару, які па-геройску загінуў у снежні 1941-га пад Масквой. Складаны момант руху: конь толькі завяршае скачок, і пярэднія ногі, здаецца, ледзь крануліся зямлі. Таму і генерал адкінуўся ў сядле з шабляю нагала… Значна пазней з’явіцца больш выразная па задуме манументальная кампазіцыя, прысвечаная Даватару. Тая самая, якая павінна стаць мадэллю велізарнага помніка для Віцебска. 

Паралельна робяцца эскізы яшчэ дзвюх конных статуй — князёў Васількі Мінскага і Уладзіміра Полацкага. Аўтар пакажа іх у Траццякоўскай галерэі на выстаўцы ў гонар 25-годдзя БССР. Сівая гісторыя, грамадзянская вайна і Вялікая Айчынная ў думках Глебава зліліся ў адно непарыўнае духоўнае цэлае. 

Наогул, парыў рашучасці, смеласці, адвагі — улюбёная рыса пластыкі Аляксея Глебава, якая знайшла найбольш яркае ўвасабленне ў глебаўскіх конных кампазіцыях “Будзёнаўцы”, “Атака”, “У бой са сцягам”, “Чырвоная конніца”. Нават у самай “спакойнай” рабоце гэтага цыкла “Элегія” ёсць той самы парыў — парыў каня, які стаіць над целам забітага вершніка-юнака і сваім трывожным іржаннем гукае падмогу… Гэта мой улюбёны твор, і я яго заўсёды згадваю, калі гляджу ў сябе дома на маленькі эцюд гіпсавай галавы каня, які калісьці падарыў мне Аляксей Канстанцінавіч… 

Усе яго творы — у адной прасторы. Прасторы далёкай і блізкай гісторыі, а таксама той сучаснасці, якую Глебаў бачыў толькі ў святле любові, маладосці і хараства. Можа, таму ён з такім захапленнем і асалодай ляпіў і рэзаў у дрэве аголеныя фігуры дзяўчат? “Два самыя дзівосныя стварэнні на зямлі — гэта жанчына і конь”, — любіў паўтараць Аляксей Канстанцінавіч. І сапраўды, чароўнаму полу, як і каням, ён прысвяціў шмат натхнёных твораў, найлепшыя з якіх — кампазіцыі “Юнацтва”, “Плыўчыха”, “З абручом”, “Вечар на цаліне”, “Новыя далягляды”… 

Пра “Юнацтва” Андрэй Бембель аднойчы так сказаў: “Гэтая работа Глебава — вяршыня. Яна сведчыць, колькі яшчэ мог бы зрабіць Алёша. Класічнае, непераўзыдзенае ў глебаўскай творчасці рашэнне. Лаканічная мова. Збліжэнне жыццёвага пачатку з высокім майстэрствам. «Юнацтва» вельмі сучаснае. Вельмі скульптурнае. Вобраз уражвае. Знойдзена дакладна ўсё — памер, матэрыял, дрэва. Поўная гармонія! Дакладны змест, дакладная форма!” Гэта ацэнка створанаму сябрам — па найвышэйшых крытэрыях. Па такіх жа крытэрыях можна ацэньваць і лепшыя партрэты разца Глебава. Я маю на ўвазе, напрыклад, партрэты народнага паэта Янкі Купалы, мастакоў Уладзіміра Кудрэвіча і Аскара Марыкса, артыстакупалаўца Уладзіміра Уладамірскага… 

Так, ён быў чалавекам усёабдымнай дабрыні. А яшчэ — вялікай мужнасці. Нягледзячы на хваробу лёгкіх пасля ранення, шматгадовую пякельную астму, ён трывала вытрымліваў неймаверныя фізічныя і псіхалагічныя нагрузкі ў скульптурнай майстэрні. Я быў таму сведкам. Ратавала паляванне на зайцоў, якое ён вельмі любіў. Хаця ад курэння так і не змог адмовіцца. Можна толькі ўявіць, якіх намаганняў каштавала яму перацягванне мяшкоў гліны і гіпсу, каркаснай арматуры і станкоў А 13 гадоў, што ён аддаў выкладанню на кафедры скульптуры Тэатральна-мастацкага інстытута, таксама не прыбаўлялі яму здароўя. 

Толькі мне да гэтай пары не зразумець, чаму Глебаў так і не атрымаў звання прафесара ці хаця б дацэнта, а заставаўся да канца жыцця проста старшым выкладчыкам? Прытым, нягледзячы на беспартыйнасць, меў ордэны Леніна, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР… Выдатны майстра, франтавік, бліскучы педагог і сонечны чалавек сышоў у росквіце творчых імкненняў. Яму было толькі 60... 

Барыс КРЭПАК