Мастацтвазнаўца

Загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Феліксавіч Шунейка з’яўляецца, без перабольшанняў, доўгажыхаром айчыннага культурнага асяроддзя. Ягоныя артыкулы пра гісторыю беларускага мастацтва і сучасны стан заўсёды знаходзілі жывы водгук у чытацкай аўдыторыі, пачынаючы з 1980-х. Мы прапанавалі Яўгену Феліксавічу адказаць на пытанні, якія апошнім часам бурна абмяркоўваюць у інтэрнэце, але не выносяць на публіку. І ён спагадліва пагадзіўся.

ТВОРЧАСЦЬ ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ І НА ПРОДАЖ 

— Чаго сёння, на вашу думку, не хапае ў мастацкім жыцці Беларусі? 

— Трэба павялічваць колькасць грамадскіх аб’ектаў, на якіх будуць прадстаўленыя розныя творчыя праекты. Напрыклад, у мяне даўно была ідэя выкарыстоўваць прастору супермаркетаў і іншых грамадскіх шматфункцыянальных аб’ектаў. Гэта пляцоўкі актыўнага гуртавання і актыўнага наведвання грамадзян, там ёсць выдатна спланаваныя па сучасных патрабаваннях месцы для адпачынку, добра асветленыя, там існуе выдатная экспазіцыйная прастора з музычнай атмасферай, можна ў такіх ўмовах пачаставацца кубачкам кавы і г.д. Але твораў мастацтва там няма… Чаму б не прапаноўваць такія пляцоўкі ў ільготную арэнду розным мастацкім суполкам і аб’яднанням? Нешта падобнае паспрабавалі зрабіць у мінскім ГЦ “Сталіца” з музычным рэпертуарам унікальнага механічнага піяніна, але нельга на гэтым спыняцца. 

У Мінску столькі вялікіх спальных раёнаў, а ўсё культурнае жыццё сканцэнтравана, так бы мовіць, уздоўж галоўнай лініі метро… Мастакоў, паэтаў і музыкаў неабходна далучаць да агульных творчых праектаў у неабмежаванай грамадскай прасторы. Наша прафесійнае мастацтва мае вельмі высокі ўзровень. Трэба стварыць умовы для яе прадстаўнікоў, каб яны маглі як мага часцей кантактаваць з публікай. 

МАСТАЦТВА — У МАСЫ! 

— Мастацтва павінна арыентавацца на большасць ці на пэўнае кола адмыслова адукаваных людзей? 

— Мая запаветная мара — зрабіць мастацтва блізкім да самага шырокага кола нашых суайчыннікаў. Гэта тычыцца нашай сталіцы і нават раённых цэнтраў, дзе ёсць палацы культуры, краязнаўчыя музеі, бібліятэкі. Там можна ладзіць выстаўкі, творчыя сустрэчы, майстар-класы. Проста трэба загарэцца ідэяй сустракацца падчас арт-праектаў з рознымі людзьмі. Са свайго шматгадовага вопыту падзялюся адчуваннямі: няма большай радасці для творчай асобы, чым адарвацца ад наседжанага месца і пабываць у новым для сябе экспазіцыйным асяроддзі, дзе чакаюць шчырыя і зацікаўленыя гледачы. 

Трэба было бачыць, напрыклад, якое моцнае ўражанне на жыхароў Шчучына некалькі гадоў таму зрабіў перформанс суполкі Змітра Юркевіча “Механёры культуры” падчас адкрыцця выставы Алеся Родзіна. Натуральна, там былі творчыя “дзівацтвы”, уласцівыя прадстаўнікам мадэрнізаванай сталіцы. Але і шчучынцы праявілі сябе дужа годна. Глядзелі, здымалі на мабільныя тэлефоны. А потым яшчэ доўга, напэўна, абмяркоўвалі, што ж гэта такое было. І гэта выдатна, бо нязвыклае мастацтва павінна прымушаць чалавека думаць і інтэлектуальна развівацца. 

Можна ўпэўнена сцвярджаць, што наша грамадства даспела да ўспрыняцця самай неардынарнай мастацкай формы. Толькі трэба, як кажуць, наблізіцца з ёй да самага шырокага кола рэцыпіентаў. Нельга абмяжоўваць сучаснае мастацтва адмысловымі выставамі для пэўнага кола прафесійна зацікаўленых людзей. Бо гэтае кола ўжо распешчанае, стомленае. Яму хочацца, можа чагосьці навейшага, замежнага, дарагога, больш гучнага і г. д. Гэта само па сабе не кепска. Але не менш актуальным з’яўляецца мастацтва для шматлікіх прадстаўнікоў розных прафесій і рознага ўзроўню адукацыі. Прыкладам, лічу, для нас павінны быць 1960-я, калі пачалі наладжвацца перасоўныя творчыя выстаўкі і камандзіроўкі ў розныя вясковыя закуткі Беларусі, на буйныя новабудоўлі і інш. Тады ў прафесійнае мастацтва прыйшло так званае пакаленне “дзяцей вайны”. Яны мелі талент, атрымалі мастацкую адукацыю, хутка вызначылі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю: Л. Шчамялёў, М. Данцыг, М. Савіцкі, Б. Аракчэеў, Г. Паплаўскі, В. Грамыка, Г. Вашчанка і многія іншыя. Яны стварылі магутны творчы падмурак, па сутнасці, школу сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва. Аднак не трэба забываць, што тагачаснай савецкай уладай былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця такога мастацкага працэсу з патрэбным дыялогам мастака з грамадствам. 

Хочацца, каб і сёння Міністэрства культуры яшчэ больш апекавалася нашымі талентамі. Тут гаворка ідзе не толькі пра пэўную матэрыяльную падтрымку творчай моладзі ці больш сталых мастакоў, але пра стварэнне ўмоў для найбольш плённага выяўлення, дзе важную ролю граюць кантакты і зваротныя сувязі з шырокім колам грамадства. Несумненна, патрэбны дзяржаўны праект па новых формах прэзентацыі сучаснага беларускага мастацтва ў нашай краіне. 

РОЛЯ АДУКАЦЫІ 

— Ці хапае сёння высілкаў сістэмы культуры, каб выхаваць у грамадстве патрэбу ў мастацтве і разуменне яго каштоўнасці? 

— Было б карысна для дзяржавы, каб дзеці больш актыўна вывучалі ў школе традыцыйныя беларускія спевы, танцы, народнае і выяўленчае мастацтва. Цяжка шчыра захапляцца тым, чаго не ведаеш; тым, да чаго ты ніколі сам не прыкладаў намаганняў. І вучыць трэба не столькі па падручніках, колькі практычна. Каб дзеткі ўмелі спяваць і танчыць, каб яны вучыліся шчыра любіць свае традыцыі і сваю краіну. 

Зараз гэта практыкуюць шматлікія школы мастацтваў. І робяць вельмі паспяхова. Напрыклад, ужо пяць гадоў запар з’яўляюся членам журы Рэгіянальнага конкурсу дзіцячага малюнка, які адбываецца ў Івацэвічах. Ён заўсёды мае акрэсленае выхаваўча-культурнае значэнне і праходзіць з шырокім удзелам дзяцей ад васьмі да пятнаццаці гадоў. 

Беларускае мастацтва — гэта неад’емная частка нашай культуры. І, адпаведна, частка нашай ідэалогіі. Таму ведаць яго пажадана не толькі абранай элітарнай аўдыторыі. Трэба аддаць належнае штотыднёвіку “Культура” і іншым перыядычным выданням, радыё і тэлевізійным перадачам. Шмат робіцца адданымі сваёй асветніцкай справе асобамі з вялікім прафесійным вопытам: Людмілай Крушынскай, Барысам Крэпаком, Навумам Гальпяровічам, Валерыем Жуком, Міхаілам Баразной ды іншымі. Але сучасная культурная сітуацыя змушае да яшчэ больш інтэнсіўнага далучэння ўсіх кампетэнтных асоб у абмеркаванне выстаў, музычных, літаратурных, тэатральных падзей. З боку сістэмы культуры варта спрыяць таму, каб такія дыскусіі адбываліся як мага часцей і пра гэта можна было б свабодна прачытаць ці нават непасрэдна папрысутнічаць, паўдзельнічаць у такіх сустрэчах. Могуць быць і іншыя інавацыйныя ідэі папулярызацыі мастацкіх дасягненняў, якія выхоўваюць разуменне іх каштоўнасці. Мне асабіста добра помніцца тэлевізійная серыя “Жарсці па культуры” 2010-х. Безумоўна, эстэтычна моцна перажытае і грунтоўна асэнсаванае фарміруе высокі культурны светапогляд. 

БЕЛАРУСЬ + КІТАЙ = ! 

— У Беларусі ўвогуле і ў Акадэміі мастацтваў у прыватнасці навучаецца шмат кітайскіх магістрантаў і аспірантаў. Чаму? 

—У Кітаі насамрэч вельмі шмат уласных, вельмі сучасных універсітэтаў. Таму да нас пераважна прыязджае моладзь з першай ступенню вышэйшай адукацыі. Яны лічаць, што ў Беларусі адна з найлепшых сярод краін СНД навуковая падрыхтоўка. Яна сёння мае вялікі аўтарытэт у Кітаі, дзе нашым выпускнікам-кітайцам адразу прапануюць ганаровыя пасады ў навуковых і адукацыйных установах, таму яны ахвотна сюды едуць.

— Ёсць адрозненні паміж нашай і кітайскай школамі мастацтвазнаўства? 

— У нас проста ўзорная, выдатна распрацаваная навуковая метадалогія даследаванняў. У кітайцаў пасля пераадолення наступстваў “культурнай рэвалюцыі” назіраецца вялікая цікаўнасць да гісторыі і сучаснага стану розных відаў мастацтва. Іх паважаныя даследчыкі рупліва збіраюць патрэбныя матэрыялы, прыклады, сведчанні. Але менавіта ў Беларусі маладыя кітайскія мастацтвазнаўцы атрымоўваюць магчымасць найбольш метадычна і паслядоўна вызначаць этапныя здабыткі свайго айчыннага тэатра, традыцыйнага і алейнага жывапісу, народнага мастацтва, музыкі і інш. Вялікае і найбольш значнае лепш за ўсё бачыцца з неабходнай навуковай адлегласці. 

СПАДКАЕМЦАМ РЭВАЛЮЦЫЙНАГА “ЧОРНАГА КВАДРАТА” ТРЭБА ЗАДУМАЦЦА 

— Чаму ў нас да гэтага часу ставяцца з пэўным непаразуменнем да супрэматычнага мастацтва? 

— Казімір Малевіч і яго паплечнікі па супрэматычных адкрыццях нарадзілі сапраўдную мастацкую рэвалюцыю. У іх была высокая і сцвярджальная ідэя пераўтварэння свету па законах логікі, мэтазгоднасці і свабоды. Рэвалюцыйнае мастацтва, што здзейсніла свае векапомныя інавацыі ў Віцебску — першай сталіцы рэвалюцыйнага мастацтва ў свеце, — гэта гімн стваральнай мастацкай дзейнасці, якая лучыць зямныя і касмічныя вымярэнні. Зрэшты, у Віцебску ўжо не першы год працуе музей УНОВІСа, дзе можна ўдакладніць і высветліць усе актуальныя супрэматычныя пытанні. 

Я першы раз напісаў артыкул “Супрэмус, альбо Стваральнік рэвалюцыйнага мастацтва” да стагоддзя Казімара Малевіча. Артыкул у лютым 1989 г. надрукаваў часопіс “Мастацтва Беларусі”. Пасля з’яўлення публікацыі ў друку я не без хвалявання крочыў у акадэмію. Думаў, што атрымаю негатыў і непаразуменне ад калег. Але ўсё неяк абышлося ціха, мабыць, ніхто асабліва не звярнуў увагу на публікацыю маладога крытыка. 

Падобнае было і з творчай спадчынай Марка Шагала, якая доўгі час катэгарычна адпрэчвалася. Але ў 1994 годзе пры вялікай падтрымцы тагачаснага намесніка міністра культуры Уладзіміра Рылаткі адбыўся Першы міжнародны плэнер у Віцебску, які вярнуў Марка Шагала і яго творчасць у нашу культурную прастору. 

Сёння мы павінны гучна казаць аб тым, што абстрактнае рэвалюцыйнае мастацтва атрымала свой першы ўзлёт менавіта ў Беларусі. І нам яго трэба развіваць па непасрэдных спадчынных правах у манументальным і іншых відах сучаснага мастацтва. 

Віктар ГАЎРЫШ