Кіно – гэта пра грошы, а тэатр – для душы

Акцёрская прафесія заўсёды інтрыгавала сваім бляскам. Шмат хто ўяўляў, як крочыць па чырвонай дарожцы, раздае аўтографы і  атрымлівае запаветны Оскар. Але не кожны ідзе далей за фантазіі і прысвячае кіно і тэатру жыццё. Наша гераіня Дар'я Атрошка на ўласным досведзе пераканалася: мары  могуць ператварыцца ў рэальнасць, калі ты не пабаішся дзейнічаць.

МАРЫЦЬ НЕ ШКОДНА 

— З маленства я марыла аб вялікім: апраналася ў матуліны сукенкі, фарбавала твар і ўяўляла быццам стаю на сцэне перад гледачамі. Сваякі не сумняваліся, што я пайду па творчым шляху. У мяне быў тэатральны садок і школа, дзе ў спектаклях заўсёды даручалі галоўныя ролі. Паралельна наведвала   музычную   школу і займалася танцамі. Гэта захапляла мяне так, што здавалася найважнейшым за ўсё на свеце, — узгадвае дзяцінства Даша. — З ранніх гадоў з галавы не выходзіла думка пра тое, што я павінна зняцца ў кіно. Часцяком уяўляла, як аднойчы буду пераходзіць дарогу, спыніцца машына, з яе выйдзе рэжысёр і запросіць мяне на галоўную ролю ў фільме. Усё амаль так і склалася: на трамвайным прыпынку да мяне звярнулася кастынг­прадзюсар і прапанавала паспрабавацца ў праекце. Для той ролі я не падышла, але мяне занеслі ў базу акцёраў і потым запрасілі на здымкі серыяла «Вангелія», дзе я сыграла маленькую Вангу.

СПРОБА НУМАР 2

Хто не чуў пра сур’ёзныя выпрабаванні  пры   паступленні ў тэатральныя ВНУ? Для дасягнення мэты наша гераіня спрабавала свае сілы двойчы. Складаныя этапы ўступнай кампаніі, якія доўжыліся каля  чатырох  месяцаў,  трымалі дзяўчыну ў нервовай напрузе.

— Ва ўніверсітэт сваёй мары я трапіла не адразу. Спачатку прынцыпова хацела скарыць Маскву. У выніку дайшла да этапу конкурсу ў Школе­студыі імя У.І. Неміровіча­Данчанкі пры МХАТ імя А.П. Чэхава, а таксама ў Вышэйшым  тэатральным вучылішчы ім. М. С. Шчэпкіна, але не атрымалася. Вярнулася ў Беларусь і, каб не  траціць час, паступіла ў БДУКМ на рэжысёра эстра­ ды. Праз год з новым запалам я паспрабавала свае сілы яшчэ раз у Маскве і ў Пецярбургу. І не пралічылася, таму што ў Пецярбургу я была залічана ў Расійскі  дзяржаўны  інстытут сцэнічных мастацтваў.

ВАЖНА АДКРЫВАЦЦА ГЭТАМУ СВЕТУ

Дашы пашчасціла трапіць у майстэрню Сяргея Дзмітрыевіча Бызгу. Як прызнаецца сама дзяўчына, гэта быў вырашальны момант у гісторыі яе станаўлення як актрысы. Нягледзячы на строгую дысцыпліну і інтэнсіўнае навучанне, яна скончыла ўніверсітэт з чырвоным дыпломам.

— Па адчуваннях — я вучылася ў інстытуце не чатыры гады, а ўсе дзесяць. Навучанне было разнастайным, штодзённым і вельмі складаным. Гэта частка жыцця, дзе мяне захапляла кожная вывучаемая дысцыпліна. Акцёрскае майстэрства, маўленне, танец, вакал, фехтаванне, сцэнічны рух, акрабатыка, праца з камерай, гісторыя тэатра, мова, філасофія, псіхалогія — усё гэта мы павінны былі спасцігнуць і ўбіраць інфармацыю, як губка. Нас вучылі рызыкаваць  і  адкрывацца  гэтаму свету.

ГЛЯДАЧ І АКЦЁР

Самы важны і каштоўны складнік навучання для акцёра — удзел у пастаноўках. Падчас навучання Даша і яе аднагрупнікі сыгралі ў шасці спектаклях, кожны з якіх мае сваю дзіўную гісторыю стварэння і незвычайны выгляд.

— Яшчэ на першым курсе мы пачалі працаваць над раманам “Сто гадоў адзіноты”. Рэпетыцыі доўжыліся цягам чатырох гадоў. Спектакль “Буэндыа. Гісторыя аднаго роду” ідзе два дні па пяць гадзін. І гэта, без сумневу, самая цяжкая праца, якая была ў маім жыцці.

На другім курсе мы паставілі спектакль “Планета Людзей” з рэжысёрам Дзмітрыем Крэсцьянкіным па заданні вербацім. Вербацім — гэта такое творчае заданне, калі ты бярэш інтэрв’ю ў якога­небудзь чалавека, а потым спрабуеш сыграць гэтую асобу. Спектаклі тэатра вербацім цалкам складаюцца з рэальных маналогаў ці дыялогаў звычайных людзей, якія адыгрываюць акцёры. У нас было сорак чатыры гісторыі. Сутнасць у тым, што гледачы самі абіралі, хто будзе іграць. Ім давалася магчымасць выцягнуць нумарок з чорнай скрыначкі. То бок ніхто з акцёраў загадзя не ведае, хто будзе выконваць ролю. Такі спектакль заўсёды атрымліваўся жывым і незвычайным. Падчас пандэміі мы шмат працавалі над спектаклем пра каханне “Шэкспір у час чумы”, дзе распавядалі дванаццаць рамантычных гісторый. У рэпертуары таксама ёсць незвычайны маўленчы спектакль “Анегін”. Ён цікавы тым, што там няма ні дэкарацый, ні касцюма, ні грыму, ні музыкі. Жоўтае святло, артыст, яго голас — гэта ўсе прылады, якія ў цябе ёсць, каб дакрануцца да сэрца гледача.

Спектакль “Дзеці прахадных двароў” рэжысёра Яўгеніі Натанавай быў створаны да 60­годдзя Віктара Цоя. Неяк рэжысёр заўважыла, што ў эцюдах мы часта  выкарыстоўваем  песні  Цоя, і паўстала ідэя стварыць пастаноўку пра гэтага таленавітага музыканта. Дадзеная работа — пра наша пакаленне, вечнае пытанне бацькоў і дзяцей, нашы думкі і мары.

ТЫ АДВАКАТ СВАЁЙ РОЛІ

— Для акцёра самае важнае — практыка. А зараз уявіце: гэту не­ ацэнную магчымасць у нас забірае хвароба. Але мы не разгубіліся ў пандэмію каранавіруса і пачалі працаваць на карантыне ў фармаце анлайн. Памятаю, як у чатыры гадзіны раніцы запісвалі пробы на Фінскім заліве, каб адлюстраваць світанак. Патрэбна была менавіта тая атмасфера, якая ў тэатры ствараецца з дапамогай святла і гуку.

Рэпетыцыі — складаны працэс. Ролі рэжысёрамі размяркоўваюцца сумленна: колькі ты напра­ цуеш — столькі і атрымаеш. Мне даручаліся галоўныя. У кожнай я знайшла тое, чаму суперажываю. Ёсць такое правіла: ты адвакат сваёй ролі. Нават калі іграеш адмоўнага персанажа, паспрабуй зразумець, як ён такім стаў і барані яго да апошняга. Ужываюся ў ролі па­рознаму: у нейкія хутка, для некаторых патрабуецца пэўны час.

КАМЕРА, МАТОР…

Фільмаграфія  Дашы  налічвае дзесяць кінастужак. З іх галоўныя ролі ў трох фільмах: “Вангелія”, “Праца над памылкамі”, “Смешнае жыццё”. Серыял “Вангелія”, дзе дзяўчына сыграла маленькую Вангу, стаў для яе лёсавызначальным.

— Рэжысёр серыяла Сяргей Барчукоў — выдатны чалавек. Менавіта ён паказаў, што такое любоў да людзей, да здымачнай пляцоўкі, камеры. Мы працавалі ў Беларусі і ў Балгарыі. Мяне ўздымалі на пад’ёмным кране, круцілі над елкамі — гэта быў мой першы надзвычайна круты досвед у кіно. Не ведаю чаму, але мне вельмі падабаецца, калі гучаць словы: камера, матор, калі столькі людзей стараецца дзеля аднаго кадра на некалькі секунд. Гэта велізарная праца каманды!

ПРАВІЛА ТРОХ “Т”

Кожны артыст стаіць перад вечнай дылемай: кіно ці тэатр? Да гэтага пытання наша гераіня падыходзіць па­філасофску:

— У нашай сферы часта кажуць: кіно — гэта пра грошы, а тэатр — для душы, але гэта не зусім так, таму што кіно — таксама для душы. Усюды трэба праца­ ваць, калі хочаш годнага выніку. У тэатральным асяроддзі існуе выраз: каб стаць паспяховым артыстам ёсць правілы трох “Т”: трудолюбие, талант, терпение. І вось калі выконваць гэтыя тры “Т”, то здолееш дамагчыся по­ спеху. Кіно і тэатр абсалютна розныя рэчы, у іх розныя механізмы працы. У кіно досыць лёгкага руху вачэй налева ці  направа — гэта ўжо нейкая эмоцыя. У тэатры гэтага недастаткова. 

Даша падзялілася сваімі марамі пра рэжысёраў, з якімі хацела б папрацаваць, і планамі на будучыню:

— З замежных — гэта Джэймс Кэмеран, калі яшчэ паспею з ім папрацаваць. Ёсць шмат крутых расійскіх рэжысёраў, напрыклад, Кантэмір Балагаў, Юрый Быкаў. Мару сыграць на адной сцэне з такім вялікім артыстам, як Канстанцін Хабенскі.

Я толькі  завяршыла  вучобу і, быццам, нейкі этап жыцця скончыўся, а новы яшчэ не надышоў. Зараз адпачываю, набіраюся сіл, спрабую зразумець, што мне трэба, што падабаецца і выбудоўваю шляхі на будучыню. Я давяраю жыццю, лёсу, сусвету. Маё ад мяне нікуды не пойдзе.

Помню, як упершыню ўбачыла нашу гераіню: ветлівую дзяўчынку з дзвюма коскамі, з якой мы адпачывалі ў дзіцячым лагеры. Ужо тады адчула яе ўнутраны агеньчык, які так прыцягваў навакольных. Пазней убачыла Дашу на тэлеэкране і мяне працяла пачуццё: яе чакае нешта вялікае і неверагоднае. Прайшоў час, зараз тая дзяўчынка з дзвюма коскамі ўпэўнена ідзе па сваёй прафесійнай дарозе і мае грандыёзныя намеры.

І жартам і ўсур'ёз:

Не ідзіце ў акцёрскую прафесію. Ні-ко-лі. Гэта пекла, гэта цяжкая і вельмі няўдзячная праца. Калі мае словы вас не спыняюць, то спрабуйце, але рыхтуйцеся: будзе складана. Акцёрства ў невялікай дозе дапамагае ў жыцці: раскрыць сябе, зразумець, што мы адчуваем цяпер, сфарміраваць наша навакольнага свету.

Настасся Юркевіч