Ды ўсё ж — кропля ў моры...

Амаль у кожным нумары мы публікуем справаздачы з вандровак па гістарычных мясцінах. Часам маршруты пралягаюць паўз добра вядомыя ў Беларусі аб’екты — замкі, палацы, храмы. І тады ў артыкул трапляюць, напрыклад, навіны з рэстаўрацыі, раскопак ці культурных падзей, месцам правядзення якіх становяцца замкавыя дзядзінцы альбо бальныя залы старадаўніх палацаў. Часам жа мы самі займаемся папулярызацыяй аб’ектаў, якія з нейкіх прычын раней былі абыдзеныя ўвагай і пра якія нам ўдалося знайсці цікавую, новую інфармацыю. Бываюць матэрыялы і пра суботнікі, якія мы рэгулярна ладзім на сядзібах або могілках. Сёння распавядзем пра дзве талакі, якія адбыліся цягам ліпеня на мінскай Кальварыі і ў вёсцы Дудзічы.

ДА ЯНКІ ЛУЧЫНЫ 

Ідэя правесці суботнік на магіле славутага беларускага паэта Янкі Лучыны (сапр. Ян Неслухоўскі, 1851—1897), пахаванага разам са сваякамі на найстарэйшых мінскіх могілках — Кальварыі, — прыйшла да нас падчас распрацоўкі новага турыстычнага маршрута “Шляхам Уладзіслава Сыракомлі” (сапр. Людвік Кандратовіч, 1823—1862, гл.“К” №№ 21 і 22, 2023). Аказалася, што Сыракомля высока шанаваўся ў сям’і Неслухоўскіх, а сам Ян перакладаў творы земляка на беларускую мову. Ды яшчэ і Неслухоўскія ў другой палове ХІХ стагоддзя валодалі фальварачкам Жацерава, гаспадарамі якога стагоддзем раней былі Кандратовічы. Бываў у Жацераве ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і сам Сыракомля. І не проста гасцяваў у сваіх сяброў Пашкевічаў, але напісаў нямала вершаў. 

...Дзень, абраны для талакі, быў невыпадковы — народзіны Янкі Лучыны, што прыпадаюць на 6 ліпеня. За гадзіну да пачатку працы на могілках прайшоў дождж, а потым праз хмары прабілася зыркае сонца, якое запаліла променем тысячы агеньчыкаў на помніку паэта. Пазней да гэтай тысячы дадалі мы яшчэ адзін, зацепліўшы знічку. Працы хапала, бо разам з паэтам пахавана яго жонка, бацька, сястра і брат. Казаць, што іх магілы абсалютна недагледжаныя, не выпадае (зрэдчас да іх нехта завітвае). 

Але аб тым, што тут пахаваны славуты паэт, выпадковы наведвальнік Кальварыі ніколі не здагадаецца. Помнік у яго вельмі непрыкметны, а надпіс ледзь чытаецца. Паказнікаў да магілы ніякіх няма, як няма і патрэбнага ў дачыненні да асобы такога рангу невялічкага інфармацыйнага стэнда каля самой магілы. Няўжо нікому з беларускіх літаратараў, якіх многія сотні ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі (у шэрагах яго звыш 700 сяброў), за ўсе гэтыя гады не прыходзіла такая элементарная думка? Не так, падаецца, складана распрацаваць адзіны стандарт інфармацыйнага стэнда, невялічкага, з асноўнай інфармацыяй пра асобу, выявай, qr-кодам, які можна было б размяшчаць на магілах беларускіх творцаў. Дарэчы, і іншыя аб’яднанні беларускіх творцаў (мастакоў, кампазітараў і г. д.) і навукоўцаў маглі б далучыцца да ўшанавання. 

Шмат гадоў таму завіталі мы з калегам Ільёй Свірыным на адзін з некропаляў у цэнтры Берліна. Першае, што ўбачылі на ўваходзе,— просты, але цалкам інфармацыйны стэнд, на якім былі размешчаны спісы знакамітых асоб, пахаваных на гэтых могілках, а таксама мапа, па якой лёгка было знайсці магілы драматурга Бертольта Брэхта, вынаходніка Фрыдрыха Гофмана, філосафа Георга Гегеля або байцоў антыфашысцкага супраціву. Выдатная ж практыка, простая і зручная. А ці ёсць на могілках у Беларусі нешта падобнае? Напішыце нам, калі вам пашчасціла такія стэнды ўбачыць. 

Ёсць на берлінскіх могілках і яшчэ адна адметнасць. Магілы людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у культуру, знаходзяцца пад апекай гарадскіх уладаў. Аб гэтым сведчыць асобны знак, які кладзецца пры магіле. Нагадвае ён буйнапамерную цагліну, а змешчаны на ім толькі герб горада. Такі знак ляжыць на магіле ўнука знакамітага кампазітара Ёгана Себасцьяна Баха, Вільгельма, таксама кампазітара. Проста, густоўна, някідка і ўнушальна. Варта ўвагі і пераймання, як на мой погляд. 

ДА ЕЛЬСКІХ У ДУДЗІЧЫ 

Наступны суботнік адбыўся праз пару тыдняў. Пішучы напрыканцы 2021 года пра кампазітара Міхала Грушвіцкага, мы зацікавіліся родам Ельскіх, з якіх паходзіла Станіслава, першая жонка Міхала. Род Ельскіх даў Беларусі нямала знакамітых дзеячаў. Напрыклад, браты Станіславы — скрыпач і кампазітар Міхал, заолаг і падарожнік Канстанцін і, вядома ж, Аляксандр, знакаміты беларускі гісторык, краязнаўца, этнограф. Так як, некалькі суботнікаў на магіле самога Міхала Грушвіцкага, пахаванага ў Ракаве, мы ўжо правялі (і знайшлі надмагіллі бацькоў кампазітара), для завяршэння гештальту заставалася выбрацца ў Дудзічы, дзе на сямейных могілках Ельскіх, як мы ведалі, ёсць ейная магіла і магілы многіх яе сваякоў. Першае добраўпарадкаванне і даследаванне гэтага месца адбылося ў 1999 годзе пад кіраўніцтвам прафесара Анатоля Федарука. Было высветлена, што на гарадзішчы каля 20 помнікаў, многія з якіх былі перакулены тварам уніз. Так яны і ляжаць да гэтага часу.

Фотаздымкі з могілак ва ўрочышчы Кобань (50 метраў ад мяжы Дудзічаў), якія з’явіліся нядаўна ў Сеціве, паказалі катастрафічную запушчанасць сямейных кладоў Ельскіх і прымусілі нас не цягнуць і выправіцца на выведку. Каб упарадкаваць немалую пляцоўку былых могілак, патрэбныя высілкі цэлай каманды. Выведка выведкай, а звычайны рыштунак быў пры нас (сякерка, рыдлёўка, крэйда, шчотка і пальчаткі). Што з сябе ўяўляе гэтае месца… Магілы Ельскіх (і не толькі іх) размешчаны на пляцоўцы гарадзішча ранняга жалезнага веку, памерам 39х25 метраў. Цэнтр пляцоўкі патанае ў палявых травах, з якіх сям-там высоўваюцца макаўкі камянёў. Краі ж пляцоўкі зарастаюць хмызамі і дрэвамі. Відавочна, цэнтралізаванага нагляду за месцам пахавання гісторыка Аляксандра Ельскага, які зрабіў велізарны ўнёсак ў гісторыю і культуру Беларусі, не было і няма. Калі мы прыехалі на месца, то нават не адразу разабраліся, дзе ў зялёным моры шукаць магілы. Знайшлі ж толькі дзякуючы таму, што іх месца адзначана старым высокім драўляным крыжам (патрабуе замены або рамонту). За некалькі гадзін упартай працы месца змянілася непазнавальна: надмагільныя камяні былі вызвалены ад зеляніны (і ачышчаны), як і крыж, які быў ледзь бачны. Каля яго мы знайшлі некалькі старых костак, што, відаць, да добраўпарадкавання магіл Ельскіх былі вывернуты на паверхню марадзёрамі (косткі мы вярнулі зямлі). Камень Станіславы Грушвіцкай, які знаходзіўся крыху ўбаку, мы таксама пачысцілі. І хоць зроблена было нямала, гэта ўсё ж кропля ў моры… 

Было б выдатна, каб праблемным аб’ектам зацікавіліся і мясцовыя ўлады, і кіраўніцтва музея народных рамёстваў “Дудуткі”, які месціцца на тэрыторыі колішняй сядзібы Ельскіх. Не забудзем пра гэтае месца і мы — і ў бліжэйшы час наведаемся зноў. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ