Звон­кі па­лёт “Жа­ва­ро­нач­каў”

Апублiкавана: 23 жнiўня 2023 Стужка Музыка Мiнская вобласць

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

На старонках нашай газеты вы часта можаце прачытаць пра заслужаныя калектывы,дзе свой талент дэманструюць дарослыя артысты.Яшчэ часцей мы абураемся,што дзеці перасталі цікавіцца музыкай і народнымі інструментамі. Але і ў нашы дні можна знайсці мноства прыкладаў, якія аспрэчваюць гэтае стэрэатыпнае меркаванне. Сёння гісторыяй поспеху з намі падзеліцца ўзорны ансамбль народнай песні “Жавароначкі” Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Адакладней — яго заснавальніца і нязменная кіраўніца Людміла Канаплянікава-Доўнар, якая распавяла нам пра сваіх выхаванцаў, перамогі і планы на будучыню.

— Людміла Пятроўна, як з’явілася ідэя стварыць ансамбль народнай песні? 

— Да гэтай мэты мяне вяла доўгая дарога. Яшчэ ў 1994 годзе я паступіла ў Мінскае вучылішча мастацтваў па спецыяльнасці “Народныя спевы”. А пасля ў 1997 годзе прыйшла працаваць у Дзераўнянскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе арганізавала фальклорны ансамбль “Звончыкі”. Але мяне не пакідала прага ведаў, і ў 1998-м я стала студэнткай Беларускага ўніверсітэта культуры па спецыяльнасці “Народная харавая музыка”. Так склалася, што ў 2000 годзе сама стала ўдзельніцай ансамбля беларускай песні “Церніца” ў Мінску, які і натхніў мяне на стварэнне чагосьці свайго. Пасля БДУКМ адправілася працаваць у Стаўбцоўскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе ў 2002-м і ўтварыўся ансамбль народнай песні “Жавароначкі”. Першы склад аб’яднаў таленавітых дзяцей са звонкімі галасамі, адсюль і адметная назва калектыву. 

— Падзяліцеся, калі ласка, сваёй праграмай заняткаў. Якім чынам можна трапіць у калектыў? Ці ўсе праходзяць адбор? 

— Непасрэдна ў “Жавароначках” займаюся з дзецьмі ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў. Усе яны вельмі таленавітыя. Многія выступаюць сольна і становяцца пераможцамі конкурсаў рознага ўзроўню. Пад маім кіраўніцтвам таксама дзейнічае сярэдняя група “Стаўбчаначка” і малодшая “Стаўбчаняты”, у якой займаюцца дзеці 6-7 гадоў. На базе ансамбля шмат гадоў працуе клас народных спеваў. Там выканаўцы спасцігаюць асновы вакалу на індывідуальных занятках, знаёмяцца з нюансамі ансамблевых спеваў, іграюць на музычных інструментах. Часам мы запрашаем кагосьці на праслухоўванне, аднак прыходзяць да нас і праз рэкламу з сацсетак або пасля станоўчых водгукаў ад знаёмых. Як паказаў мой вопыт, вышынь дамагаюцца не толькі тыя, у каго ёсць прыроджаны талент, але і вучні, якія валодаюць уседлівасцю і вялікім жаданнем удасканальвацца. 

Мы робім упор на ўсебаковае развіццё: доўга з намі працаваў канцэртмайстар Ягор Дзірда, затым гэтую ролю выконваў Фадзей Крамко. Зразумела, надаём шмат увагі дыкцыі, дыханню, артыкуляцыі — усё гэта ўплывае на пастаноўку голасу. Самадзейныя артысты не толькі вучацца добра валодаць голасам, але і займаюцца харэаграфіяй. Нязменны ў калектыве таленавіты харэограф Юлія Мікалаеўна Бохан, якая ўпрыгожвае канцэртныя нумары цікавымі танцавальнымі пастаноўкамі. 

Летась ансамбль адзначыў 20-годдзе. Зразумела, змянілася не адно пакаленне спевакоў. Ёсць выпускнікі ансамбля, якія праклалі свой творчы шлях і звязалі жыццё з народнай песняй. Дзеці, як тыя жавароначкі, вылятаюць з гнязда ў дарослае жыццё. Але сумаваць няма калі — трэба шукаць новыя таленты і няспынна працаваць, каб дасягнуць высокіх вынікаў. 

— Давайце пагаворым пра рэпертуар. Як лічыце, у чым заключаецца ўнікальнасць вашага ансамбля? 

— Мы адзін з нямногіх калектываў, які спявае пад жывы акампанемент (скрыпка, цымбалы, баян, бас-гітара, ударная ўстаноўка). Выкарыстоўваем розныя формы сцэнічнай дысцыпліны: фрагменты народных абрадаў і свят, народныя танцы, гульні, паэтычны фальклор. У асноўным рэпертуар складаецца са стылізаваных фальклорных песень, а таксама каляндарна-абрадавых, танцавальных, пазаабрадавых кампазіцый. Нашай візітоўкай можна назваць песню-танец “Лявоніха”. Яна доўга жыве ў калектыве і аднолькава падабаецца розным пакаленням дзяцей. 

З першых крокаў ансамбля на прафесійнай аснове дзеці асвойваюць народную манеру спеваў, авалодваюць вакальна-харавымі навыкамі і асаблівасцямі выканання беларускай народнай песні. Я лічу, што маім вучням неабходна ведаць гісторыю фальклору, народнага танца і на беларускіх прыкладах развіваць мастацкі густ. 

— У спісе вашых дасягненняў мноства ўзнагарод рознага ўзроўню. Ці можаце вылучыць самыя значныя з іх? 

— Кожная ўзнагарода мае вялікае значэнне, бо мы дакладна ведаем, колькі намаганняў каштуе любая грамата, медаль, статуэтка. У 2006-м наш ансамбль чакала чарада прыемных падзей: ён атрымаў званне “ўзорны”. І кожныя тры гады мы пацвярджаем гэты ганаровы статус, паказваючы канцэртную праграму. Затым мы сталі ўладальнікамі Гранд-прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 

— Чым вы займаліся падчас пандэміі? Ці быў у калектыву вымушаны перапынак? 

— У час пандэміі плённа працавалі: запісвалі на відэа песні, потым рабілі мантаж. Так ствараліся відэакліпы “Жавароначкі, прыляціце”, “Кацюша”. На адкрытым Міжнародным інтэрнэт-конкурсе “Победа на все времена”, прысвечаным 75-годдзю Вялікай Перамогі, ансамбль быў адзначаны двума дыпломамі лаўрэатаў (г. Масква, 2020). Але нічога не можа замяніць жывых выступаў. Таму мы шчаслівыя, што вярнулася магчымасць радаваць сваіх гледачоў творчасцю і нават выязджаць на міжнародныя конкурсы. 

— Дарэчы, вы нядаўна вярнуліся з фестывалю Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” і сталі яго лаўрэатамі. Як вас сустрэла публіка ў Маскве? 

— Падчас фінальнага адбору, які праходзіў на сцэне Белдзяржфілармоніі, адчувалася сур’ёзная канкурэнцыя, і мы зусім не чакалі, што пройдзем далей. У выніку ў Маскву адправіліся шэсць “жавароначкаў” і я. З першага дня зразумелі, што нас чакае незабыўная прыгода. Штодня дзеці былі задзейнічаны ў розных конкурсах, майстар-класах, канцэртах. Да кожнага калектыву прымацоўваўся свой важаты, які дапамагаў нам прыглядаць за дзецьмі. Для нас, выкладчыкаў, гэта падарожжа аказалася своеасаблівым павышэннем кваліфікацыі. Хоць ёсць вялікі стаж і вопыт, нават мы даведаліся шмат новага. 

Беларускі бок выступіў з двума канцэртамі, а на фінальным гала-канцэрце ў Музеі Перамогі дзялілі сцэну з расійскімі выканаўцамі, дзе “Жавароначкі” спявалі песню “Ай, лятала сіза павушка”. Хацелася б, каб і наш, родны глядач убачыў такую моцную канцэртную праграму. Дзеці расставаліся са сваімі новымі сябрамі са слязамі на вачах. Ведаю, што яны дагэтуль камунікуюць у месенджарах. У наступным годзе спадзяёмся адправіцца на гэты фестываль яшчэ раз. 

— А якія задачы і мэты ставіце перад ансамблем у будучыні? 

— Планы ёсць заўсёды. Хацелася б больш паказваць сябе і сваю творчасць, ускалыхнуць у айчынным слухачы ўспамін пра сваё, роднае. Будзем далей набіраць у калектыў таленавітых спевакоў і пастаянна ўдзельнічаць у конкурсным жыцці. Прыадкрыю таямніцу: адна з мар — выступіць на “Славянскім базары ў Віцебску”. 

Настасся ЮРКЕВІЧ