Містычна і крыху нервова

Апублiкавана: 19 жнiўня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

“Фаўст” І. Гётэ — класіка, што будзе чытацца і перачытвацца вечна. Гэтым разам паэму ўвасобілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага — пад назвай “Фаўст. Здзелка з д’яблам”.

Рэжысёрам выступіў малады Дэвід Разумаў. У адпаведнасці са сваім прозвішчам ён надаў увагу не толькі пачуццёваму пачатку, звязанаму з меладраматычнай гісторыяй Маргарыты, але і найперш рацыянальнаму — той філасофскай лініі, што была для Гётэ галоўнай. 

Сапраўды, гэты паэтычны твор зацікавіў дзеячаў тэатра, ледзь з’явіўшыся. Асабліва актыўнымі былі кампазітары. Але ўсім, хто хацеў напісаць оперу, аўтар адмаўляў, у тым ліку Бетховену, сцвярджаючы, што хіба Моцарт здолеў бы пакласці паэму на музыку. Гётэ не адхіліў толькі прапанову аднаго з прадстаўнікоў роду Радзівілаў — Антонія Генрыха, які на той час быў знаным палітычным дзеячам і жыў у Прусіі, бо ажаніўся з мясцовай прынцэсай. Гётэ сам выступіў лібрэтыстам. Атрымалася насамрэч не опера, а меладрама ў першасным значэнні гэтага слова — музычна-тэатральны твор ХVIII стагоддзя, у якім акрамя оперных спеваў ёсць размоўныя дыялогі ў аркестравым суправаджэнні, што надае ім большую эмацыйнасць. Такое сэнсавае акцэнтаванне сказанага, а не толькі праспяванага слова дазволіла захаваць важныя для Гётэ філасофскія моманты. 

Жанр цяперашняга спектакля азначаны як “містычная гісторыя”. У ім скарыстаны вершаваны тэкст і пераклады не толькі М. Халадкоўскага, Б. Пастэрнака, К. Іванова, але і самога Д. Разумава. Дарэчы, у яго першай рэжысёрскай працы яшчэ шырэй рэалізаваліся разнастайныя творчыя памкненні: дагэтуль Дэвід увасобіў на камернай сцэне Горкаўскага свой монаспектакль, у прасторы якога быў таксама мастаком-пастаноўшчыкам і акцёрам. 

Прэм’ерны “Фаўст...” — дэбютная работа Разумава на вялікай сцэне. Насычаная і вельмі ўдалая. Спляценне псіхалагізму і філасофскіх разваг пра сутнасць жыцця на зямлі (прычым у асобасным і адначасова сусветным маштабах) набывае атмасфернасць, асаблівую гукавую аўру і прыцягальную відовішчнасць — з фантазійнымі строямі персанажаў. Пры гэтым у спектаклі няма ні грувасткай сцэнаграфіі (мастак — Таццяна Стысіна), ні нейкіх галівудскіх спецэфектаў. Пастаноўка вырашаецца з дапамогай тэатральнага святла, якое робіць сапраўдныя цуды, “дымавых завес” і паваротнай сцэны ў якасці не столькі тэхнічнага сродку для змены карцінкі, колькі шматзначнага сімвала хуткаплыннасці часу. 

Размеркаванне роляў — папраўдзе выдатнае. Экзальтаванаму Фаўсту (Аляксандр Палазкоў) супрацьстаіць халодны, разважлівы Мефістофель з яго багаццем тэмбравых, інтанацыйна-рытмічных варыяцый голасу (Сяргей Чэкерэс). Голас Бога належыць дзіцяці, што агучвае, не з’яўляючыся на сцэне, Ясенія Жбанкова — дзяўчынка з цалкам тэатральнай сям’і. Узаемаадносіны маладога Фаўста (Кірыл Нікіцін) і Маргарыты (Віталіна Бідзюк — ёй адначасова належыць вельмі добрая, асабліва ў сцэнах са злымі духамі і світай Мефістофеля, харэаграфія спектакля) напоўнены шчырасцю юнацтва. У постаці Валянціна (Аляксей Качан) падкрэслена ўся супярэчлівасць яго характару. Дарэчы, гэты персанаж забіты ў спектаклі не Фаўстам з дапамогай д’ябальскай сілы, а самім Мефістофелем, што прыўзнімае фігуру галоўнага героя. 

Музыка Андрэя Папкова становіцца яшчэ адной удалай фарбай тэмбрава багатай фанасферы спектакля: неабходнае ўражанне робяць і адзіночныя працяглыя гукі, і спевы а капэла, і фінальная гімнічнасць — з ёй звязаны момант, калі Маргарыта адводзіць Фаўста ў вечнасць, сыходзячы праз усю залу. А Мефістофель нарэшце страчвае знешнюю абыякавасць — няўжо гэта крык прачулай душы? Вырашаць гледачам: ім ёсць пра што задумацца і падчас, і пасля спектакля.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА