Маргарыта, майстар, Воланд, баль

Апублiкавана: 23 жнiўня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Заканчэнне сезона ТЮГ адзначыў прэм’ерай. Гэта сумесная з тэатрам “ТрыТфармаТ” праца — “Майстар і Маргарыта”. 

Праўда, спектакль так і хочацца перайменаваць, пакінуўшы проста “Маргарыта”. Бо ў галоўнай ролі выступіла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Палякова-Макей — творца і адначасова дырэктар ТЮГа. Гасцямі ж на балі ў Воланда сталі гледачы партэра, куды спусціліся артысты. І па завяршэнні гэтай сцэны я з палёгкай уздыхнула, што да мяне не дабраліся: так сабе адчуванне — раптоўна аказацца патэнцыйным забойцам ці яшчэ кім-небудзь са злачынцаў-прывідаў. Бо гэта было без аніякага намёку на гульню ці пародыю — усё выключна ўсур’ёз. 

Атмасфера абумоўлівалася яшчэ і тым, што ў спектаклі цалкам адсутнічала першая палова рамана — з д’ябальскімі забавамі Воланда, сатырычнымі тыпажамі і крытыкай савецкага жыцця-быцця. Пастаноўка пачыналася адразу з майстра — і з яго сустрэчы з Маргарытай. 

Падобны падыход не навіна. Шматслойны раман М. Булгакава насычаны паралельным дзеяннем і разгалінаванымі сюжэтнымі лініямі — ахапіць адразу ўсё, нічога не згубіўшы, немагчыма. Хаця такія спробы і былі. У 1992-м у нашым Вялікім тэатры з’явілася опера беларускага кампазітара Яўгена Глебава, у якой кожны з трох актаў закранаў нейкую адну сферу — і, адпаведна, схіляўся да аднаго з памежных жанраў. У цэнтры першай дзеі, блізкай да мюзікла, было скандальнае выступленне каманды Воланда ў тэатры Вар’етэ. Другая малявала баль (у рэжысуры Вячаслава Цюпы — з манекенамі). Нарэшце, трэцяя дзея перадавала раман майстра, і аповед пра Іешуа ўтрымліваў некаторыя рысы духоўных араторый. Сцэнаграфія Уладзіміра Арэф’ева ўяўляла сабой вялізны люстэркавы куб, у якім адбіваліся героі. Некаторыя з іх, дарэчы, мелі яшчэ і двайнікоў. 

У цяперашняй інсцэніроўцы і пастаноўцы “Майстра і Маргарыты” ад маладога рэжысёра Таццяны Самбук усё спрошчана і максімальна скарочана. Дзеянне сканцэнтравана вакол тэмы кахання і ахвярнасці. Прадстаўнікі “цемры” ў пэўны момант пачынаюць нагадваць адну з праславутых “троек” (Гелы ў спектаклі няма!) часоў НКУС. У выніку атрымліваецца меладрама пазачасавага кшталту, але з некаторым гістарычным адценнем. Найбольш важныя, на думку рэжысёра, моманты паўтараюцца. Тая ж лёсавызначальная сустрэча цэнтральных герояў, у час якой між імі ўспыхвае каханне, ледзь не ператвараецца ў своеасаблівы “дзень сурка”: вялізны ахапак кветак усё падае долу, а майстар паднімае іх — зноў ды зноў. 

Характары персанажаў пераасэнсаваны. Майстар — жудасна нервовы, неўраўнаважаны, імпульсіўны, раз-пораз ён перажывае прыступы агрэсіі (я бачыла ў гэтай ролі Сяргея Лапаніцына, але, магчыма, Генадзь Гаранскі, задзейнічаны ў іншым складзе, увасабляе героя іначай). Маргарыта — наадварот, амаль увесь час упэўнена ў сваіх дзеяннях. На ролю Воланда быў запрошаны Антон Жукаў з Тэатра-студыі кінаакцёра. Але тут артыст не вострахарактарны, як звычайна, а максімальна стрыманы, нават дзесьці затарможаны. І больш падобны не да прызнанага ўладара цемры, а да гэткага шэрага кардынала — амаль непрыметнага, ды вельмі ўплывовага. 

Спектакль цікавы сцэнаграфіяй Дар’і Волкавай. Паваротная сцэна дазваляе хутка змяняць белае шпітальнае атачэнне на чорнае (у тым ліку і спісанае крэйдай у фінале), а таксама на згаданую ў рамане “нядобрую кватэру” з трывожнымі чырвонымі шпалерамі, аформленую сапраўды выдатна. Раз-пораз узнікаюць і відэавыявы. Насамрэч фантастычным становіцца палёт Маргарыты, перададзены вельмі простымі сродкамі — з дапамогай вентылятара, што развявае белы плашч, надзеты зверху чорнага трыко, і адпаведна га асвятлення. Строі мастачкі Наталлі Лазарчык дастаткова простыя, яны не прыцягваюць залішняй увагі, але надзяляюцца пэўным сэнсам. Кот Бегемот (Андрэй Дабравольскі з РТБД) носіць вялізную каціную маску. Кароўеў (Андрэй Асімовіч з Музычнага тэатра) апрануты ў цяльняшку, чорны плашч і чорныя акуляры. Карона Маргарыты аказваецца чорным німбам. Як заўжды, кампазітар Дар’я Гарбузняк (Масква) дапоўніла дзеянне песнямі ў жывым выкананні. 

Жанрава спектакль азначаны “фантастычная казка для дарослых”. Невыпадкова ў ім падкрэслена вядомая булгакаўская фраза Маргарыты: “Я табе казку раскажу”. Пры ўсім разуменні пазіцыі пастаноўшчыкаў (маўляў, фантастыкі тут хапае, а ўпамінанне казкі настройвае на пазітыўны фінал), з жанравай фармулёўкай так і хочацца паспрачацца. Бо выраз “казка для дарослых” сведчыць пра немагчымасць увасаблення дзеі ў рэальнасці. І калі галоўнай тэмай абрана менавіта каханне, дык лагічна прапанаваць здагадку, што такое моцнае пачуццё ў жыцці не сустракаецца. Спектакль жа сцвярджае адваротнае! Ён заканчваецца вельмі сімвалічнай сцэнай: закаханыя павольна сыходзяць у вялізныя відэапартрэты, быццам знікаюць, распускаюцца адзін у адным.

Надзея БУНЦЭВІЧ