“Соня” заснуць не дасць

Апублiкавана: 26 жнiўня 2023 Арт-блог Тэатры Магілёў і вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Адзначаючы 135-годдзе, Магілёўскі драматычны тэатр у канцы сезона аднавіў вельмі прыгожа аформленую камедыю “Рамантыкі” — з шыкоўнымі льнянымі строямі. А ўвесну рэпертуар калектыву папоўніўся незвычайным спектаклем “Соня”.

“Соня” пастаўлена па невялічкім апавяданні Таццяны Талстой. Усяго некалькі старонак тэксту ператвараюцца ў паўнавартасны спектакль, вырашаны менавіта тэатральнай мовай — з дапамогай не толькі ўласна слова, але і пластыкі, жывой музыкі, сцэнаграфіі, выбітнай акцёрскай ігры і дадатковых светлавых эфектаў на мяжы рэальнасці і метасвету, прычым без аніякага ўмяшання патаемных сіл. Гэтая папраўдзе аўтарская пастаноўка і на сёння, на маю думку, найлепшая творчая праца Міхаіла Лашыцкага, які выступае і рэжысёрам, і мастаком. Ніякай звыклай інсцэніроўкі, пабудаванай на дыялогах, — захавана інтанацыя пісьменніцы, расквечаная тэмбравай разнастайнасцю жаночых галасоў ад кантральта з працяглымі сексуальнымі ноткамі да парадыйна-дзіцячай скорагаворкі. 

Соню іграе... Аляксей Цыбін. Прычым без камедыйных адценняў, што звычайна ўзнікаюць пры мужчынскім увасабленні жаночых роляў. Калі не ведаеш гэтага таленавітага артыста, ніколі не паверыш, што гэта не сапраўдная жанчына: пластыка, хада, пагляд, сама постаць — акурат Соніны! А вось голас — пазычаны ў Марыі Рудаковай (яна, дарэчы, напярэдадні выратавала прэм’еру “Лесу” М. Астроўскага, літаральна за дзень вывучыўшы цэнтральную ролю і замяніўшы калегу, што атрымала складаны пералом). Здагадацца пра “агучку” немагчыма, настолькі супадаюць міміка і маўленне — лепш, чым у кіно, у якім голас запісваецца пазней. 

Пайменна трэба назваць і астатніх артыстак, што разам з Марыяй утвараюць не толькі акцёрскі, але і музычны ансамбль, засвоіўшы гітару, дудку, баян, фартэпіяна. Гэта Настасся Барукова, Крысціна Грынаўцава і Настасся Чычына. Музычнае афармленне Аляксандра Чачушкіна нараджае зменлівую атмасферу, што літаральна дыхае разнастайнасцю тонкіх адценняў. Гучанне дудкі таксама нагадвае дыханне ветру. Рэзкія акорды на гітары адлюстроўваюць псіхалагічны абрыў. Фартэпіяна, як высвятляецца, можа стаць ударным інструментам — асабліва калі пагрукаць па яго пюпітры. А піяністка, пасаджаная ў інваліднае крэсла, раптам аказваецца паралізаванай старой Адай Адольфаўнай — антаганістам галоўнай гераіні. 

Сцэна са спектакля "Рамантыкі"

Сцэна са спектакля "Рамантыкі" 

Спектакль акрэслены як “прыпавесць пра каханне” і мае ўзроставае абмежаванне 16+. Але ж насамрэч змест пастаноўкі шырэйшы: яна здольная стаць добрым выхаваўчым сродкам пры сямейным праглядзе з падлеткамі. Бо пры ўсёй сцісласці выкладання і сканцэнтраванасці на цэнтральнай гераіні, яе атачэнні ў прыпавесці ёсць самыя розныя адгалінаванні. Так, для пакалення старэнькіх бабуль-дзядуль будзе прыемным паглыбленне ў пасляваенныя часы маладосці (на тым паказе, што я наведала, у зале была цэлая дэлегацыя Гарадскога савета ветэранаў, прадстаўнікі якой нават выйшлі на сцэну са шчырымі віншаваннямі). Падлеткі змогуць без цяжкасці спраецыраваць падзеі на сучаснае школьнае жыццё і распазнаць у іх булінг — цкаванне з боку аднагодкаў. Інтэлектуалы заўважаць тэму маленькага чалавека ў жорнах гістарычных працэсаў. І абсалютна ўсе прыкмецяць падкрэсленую тэму кахання і, шырэй, любові. 

Закладзеныя ў спектакль візуальныя лейтматывы ніколькі не зашыфраваны, вылучаны сімволікай. Яны таксама зразумелыя самай шырокай публіцы. Фінальная ж выява белага голуба на чорным фоне не пакідае нікога раўнадушным і становіцца ўвасабленнем глыбокай Сонінай душы, поўнай усёабдымнай дабрыні і іншых найлепшых чалавечых якасцей. 

Найбліжэйшы паказ “Соні” — толькі 17 верасня. А 15-га, акурат за два дні да таго, Магілёўскі драматычны тэатр адкрые новы сезон чарговай прэм’ерай — гэта “Хітрыкі Скапэна” па Мальеру ад рэжысёра Камілі Хусаінавай.