“Бацькава булка” — смачна есці!

Апублiкавана: 24 жнiўня 2023 Стужка Традыцыі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Другі год запар фестываль “Бацькава булка” сабраў шматлікіх гасцей, каб яны наталіліся смакам першага каравая з зерня новага ўраджаю. 

Свята, што нарадзілася на Гродзеншчыне дзякуючы візіту ў 2021 годзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Свіслач, сёлета зноў прайшло з размахам: горад наведалі дзясяткі майстроў і знаўцаў хлебнай выпечкі з многіх куткоў Беларусі, сотні музыкантаў і артыстаў са сталіцы, абласнога цэнтра ды ўсяго рэгіёна, а таксама тысячы турыстаў і мясцовых жыхароў. 

У цырымоніі адкрыцця фестывалю паўдзельнічалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі ды іншыя ганаровыя госці. У рамках урачыстага адкрыцця каравайфэсту яны прычыніліся да акцыі “Беларусь — хлебная краіна”, сабраўшы з маленькіх “Бацькавых булак” карту Рэспублікі Беларусь. 

Па традыцыі адно з цэнтральных месцаў на свяце займала выстава конкурсных работ “Хлебныя шэдэўры”. Тут паказваліся самыя адметныя хлебабулачныя вырабы, выкананыя прафесійнымі пекарамі. Да іх далучыліся і пекары-аматары. Яны прадэманстравалі здабыткі ў экспазіцыі “Матулін каравай”. Так, жыхары і госці Свіслаччыны з задавальненнем частаваліся знакамітымі вясельнымі шышкамі і кветкамі з Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. У выніку гэтае печыва Марыі Эдуардаўны Бачынскай атрымала Гранпры ў намінацыі “Традыцыйны каравай”. 

Вялікай папулярнасцю карысталася экскурсія “Ад зерня да хлеба”. Ахвотныя ўбачылі ўсе этапы вырабу галоўнай стравы на свае вочы, а напрыканцы пачаставаліся “Бацькавай булкай”. Цікавай навінкай сёлетняга свята стала прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, звязаных з харчовымі абрадамі Беларусі. Так, гасцей пазнаёмілі з легендарным паўлаўскім караваем — традыцыйнай вясельнай выпечкай Слонімшчыны. 

На фестывалі жыхароў Свіслачы чакаў падарунак: у гарадскім парку пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба адкрылася шматфункцыянальная фізкультурная пляцоўка. Падобныя комплексы, якія ўяўляюць сабой баскетбольнае поле і варкаўт-пляцоўку, сёння ёсць ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці і ў некаторых — Магілёўскай. Што да Гродзеншчыны, то такія аб’екты былі адкрыты на Ашмяншчыне, Ваўкавышчыне, Астравеччыне, а цяпер і на Свіслаччыне. Да канца года шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі плануецца ўсталяваць ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці. 

Магчыма, наведвальнікі новай фізкультурнай лакацыі з цягам часу стануць такімі ж моцнымі, як і прафесіяналы, якія дэманстравалі ўменні на пляцоўцы сілавога экстрыму “Асілак”. Беларускія волаты згіналі цвікі, цягалі грузавыя аўтамабілі, падымалі розныя цяжкія прадметы. 

Яшчэ адной навінкай свята было “Булка-байкер-шоу” — паказальныя выступленні мотаклубаў з Мінска ды Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Людзі ў скураных куртках дзяліліся сакрэтамі ваджэння “жалезных коней” і дэманстравалі філіграннае ўменне аб’язджаць перашкоды, што прыйшлося даспадобы шматлікім гледачам. 

Парадавала ўсіх і вячэрняя праграма, на якой выступілі зоркі беларускай і расійскай эстрады, у тым ліку гурт “Камбінацыя”. Павіншаваў гасцей і жыхароў горада са святам таксама Маладзёжны тэатр эстрады на канцэрце “Мір! Праца! Хлеб!”. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Сяргееў, Алена Грышанава, група ByCity, ансамбль “Верасы” ды многія іншыя калектывы і сольныя выканаўцы зрабілі гэты вечар незабыўным і напоўнілі яго самымі станоўчымі ўражаннямі. Фэст “Бацькава булка” сапраўды быў багатым на розныя цікавінкі, і, безумоўна, запомніўся ўсім шматлікім наведвальнікам.